Пуцін узнагароджвае Кабаеву ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, 2005 год. Фота: kremlin.ru

Пуцін узнагароджвае Кабаеву ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, 2005 год. Фота: kremlin.ru

Паводле расследавальнікаў, нягледзячы на тое, што Кабаева з’яўляецца ўладальніцай самай вялікай і дарагой кватэры ў Расіі, якая знаходзіцца ў ЖК у Сочы, разам з Пуціным яна жыве далей ад чужых вачэй — у Наўгародскай вобласці на Валдаі.

«Праект» паразмаўляў не менш як з дзесяццю былымі і дзейнымі чыноўнікамі высокага рангу, і ўсе яны прызналіся, што ніколі не бачылі Пуціна і Кабаеву разам не толькі на публічных, але і на закрытых мерапрыемствах і сустрэчах. Буйны бізнесмен, які не раз станавіўся сведкам гарналыжнага адпачынку Пуціна ў Сочы, прызнаецца, што і туды Пуцін ніколі не браў сваю спадарожніцу жыцця. Пры гэтым ніхто з суразмоўцаў «Праекту» не сумняваўся ў наяўнасці сувязі прэзідэнта і былой гімнасткі.

Журналісты знайшлі не толькі месца жыхарства Пуціна і Кабаевай, але і інтэр’еры ўлюбёнай рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта, пабудаванай у 2000-х. У 2003 годзе быў гатовы першы варыянт рэзідэнцыі, дызайн быў у стылі хай-тэк, і ён не спадабаўся Пуціну. Той сказаў, што хоча, каб было «як у Пецярбургу».

Працуючы над расследаваннем, «Праект» адшукаў аднаго з кіраўнікоў будаўніцтва валдайскай рэзідэнцыі Пуціна. Ён узводзіў пуцінскую дачу да 2005 года, калі асноўныя працы былі скончаныя. Прадстаўленыя ім фатаграфіі былі верыфікаваныя «Праектам» — яны даюць магчымасць зазірнуць унутр прэзідэнцкага дома, таму што інтэрʼеры адлюстроўваюць уяўленне іх гаспадара аб прыгожым. Там зноў вельмі шмат золата і каштоўных камянёў.

У 2013 годзе Пуцін афіцыйна развёўся з жонкай Людмілай, але Валдай любіць не перастаў, піша «Праект». Менавіта сюды — спачатку, верагодна, у той «залаты» дом — ён прывёў новую выбранніцу. А пазней адбудаваў для Кабаевай і яе дзяцей новы церам — ужо драўляны.

Наваколле пуцінскай і кабаеўскай рэзідэнцый на Валдаі — гэта запаведныя месцы. Большая частка лясоў там ахоўваецца не толькі сіламі ФСА, але і законам — гэта тэрыторыі Валдайскага нацыянальнага парку. Гэта аднак не перашкодзіла распачатай у 2018 годзе вялікай будоўлі проста на землях нацпарка, якія асабліва ахоўваюцца, — там для Пуціна і яго блізкіх вырашылі пабудаваць таемную чыгунку.

За час працы карэспандэнта «Праекта» на Валдаі адразу некалькі мясцовых жыхароў упэўнена паўтарылі: Пуцін для падарожжаў на возера ў апошнія гады карыстаецца індывідуальным браніраваным цягніком, для чаго на падʼездзе да рэзідэнцыі пабудавалі сакрэтную ахоўную станцыю. Нягледзячы на сакрэтнасць, знайсці гэтую станцыю і чыгуначную ветку да яе, як сцвярджаюць журналісты, асаблівай цяжкасці не склала.

На спадарожнікавых здымках расследавальнікі ўбачылі, што на тэрыторыі ў 2016—2020 гадах узвялі дзіцячую пляцоўку, а таксама трасу для картынгу — гэта журналісты лічаць адным з доказаў прысутнасці дзяцей на тэрыторыі дачы Пуціна.

WSJ у мінулым годзе пісаў, што ў Кабаевай і Пуціна — трое сумесных дзяцей. «Праект» інфармацыю пра колькасць і пол меркаваных дзяцей Уладзіміра Пуціна раскрываць не стаў, спаслаўшыся на іх непаўналецце.

Клас
6
Панылы сорам
12
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
45