Іван Каліноўскі, як адзначаюць у некралогу сябры і калегі, «быў з таго першага пасляваеннага пакалення, якое з маленства адчувала прагу да ведаў, жаданне знайсці сваё месца, аддана працаваць на карысць людзям і годна служыць абранай на ўсё жыццё справе».

Нарадзiўся ён у вёсцы Ляхава Ушацкага раёна, пасля скончыў Полацкае медыцынскае вучылішча і працаваў у розных медыцынскіх установах. Але з дзяцінства цікавіўся гісторыяй і краязнаўствам, таму, калі ў БССР пачалі працаваць бюро падарожжаў i экскурсiй, множылiся экскурсiйныя маршруты, адкрывалiся курсы падрыхтоўкi экскурсаводаў, Каліноўскага таксама гэтая плынь захапіла і прымусіла змяніць сферу дзейнасці.

Доўгi час ён працаваў у Полацкiм бюро падарожжаў i экскурсiй, распрацоўваў маршруты, перадаў прафесійнае майстэрства не аднаму пакаленню экскурсаводаў. У 1990-я гады ўзначалiў Полацкае бюро падарожжаў i зрабiў усё, каб яно працягвала сваю дзейнасць нават у вельмі складаных матэрыяльных умовах.

Сярод распрацаваных Іванам Каліноўскім новых маршрутаў па Вiцебшчыне з’явiлiся «Да духоўных святыняў», «Падарожжа па Пастаўскай зямлi», «Вайна 1812 года на Полаччыне», «Лiтаратурнымi сцяжынкамi Прыдзвiння», «Па слядах шляху з вараг у грэкi».

Гэтыя маршруты раскрываюць значныя гiстарычныя i культурныя пласты Полаччыны, Ушаччыны i Глыбоччыны, паказваюць жыццёвы i творчы шлях слынных творцаў: Васiля Быкава, Рыгора Барадулiна, Петруся Броўкi, адкрываюць шматлiкiя iмёны землякоў — Iгната Буйнiцкага, Язэпа Драздовiча, Паўла Сухога i iншых.

У 2000-я гады з-пад яго пяра выйшла шмат навукова-папулярных выданняў i турыстычных даведнiкаў. Ён пiсаў тэксты для прыгожых фотаальбомаў, цесна супрацоўнiчаў з Нацыянальным агенцтвам па турызму, выдавецтвамi «Рыфтур», «Беларусь» i «Вышэйшая школа». Разам з настаўнiкамi Полацка распрацоўваў навучальны дапаможнiк «Полацказнаўства» для шостых класаў.

Акрамя таго, Iван Калiноўскi выхаваў цэлую пляяду экскурсаводаў для Полацка i Полаччыны.

Пахавалі выбiтнага знаўцу Полацкай зямлi на могiлках вёскi Заазер’е, у якой прайшлi апошнiя гады яго жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
42
Абуральна
0