Гэты дом пабудавалі ў 1911 годзе. Спачатку сядзіба належала роду Свяржынскіх, а перабудоўвалі яе пры Апацкіх. У 1939 годзе дом спустошылі, гаспадыню маёнтка саслалі ў Сібір. Дом доўга стаяў закінутым, аднак у пачатку 1990-х яго адрамантавалі і ўсярэдзіне нават абсталявалі невялікую гасцініцу. Увосень 1994-га ў Агарэвічах прымалі конныя спаборніцтвы, якія праходзілі акурат пры гэтым доме.

У розны час сядзібу наведвалі чыноўнікі з урада, прытым найвышэйшага рангу: прэм'еры Вячаслаў Кебіч, Міхаіл Чыгір і Міхаіл Мясніковіч. А з Вялікабрытаніі і Швейцарыі ў Агарэвічы прыязджалі і нашчадкі былых уладальнікаў сядзібы.

Да нядаўняга часу ў сядзібе размяшчалася сталовая работнікаў сельгаспрадпрыемства «Беразавец», аднак урэшце гаспадарцы стала нявыгадна ўтрымліваць гэты аб'ект.

Будынак аднапавярховы, ягоная плошча — 324 «квадраты». Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон. Ёсць прыбудова, брыгадны дом, танцпляцоўка з мостам, участак больш чым на 2 гектары. Набытак можна выкарыстоўваць пад прадпрымальніцкую дзейнасць або пад жыллё.

Аўкцыён пройдзе 31 сакавіка.

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
2