Паводле яго, першымі на археалагічную разведку адправяцца супрацоўнікі Інстытута гісторыі. Яны вывучаць мясцовасць, намецяць месцы будучых раскопак.
Асноўныя даследаванні пройдуць улетку. Ужо ёсць дамоўленасць з некаторымі гістарычнымі факультэтамі ВНУ краіны аб тым, што іх студэнты будуць праходзіць археалагічную практыку на Менцы.
— Мы разумеем, што за адзін палявы сезон не атрымаецца поўнасцю даследаваць такі гіганцкі археалагічны комплекс. Уявіце, што толькі ўмацаваныя Малое і Вялікае гарадзішчы займаюць плошчу 2 га, вышыня іх абарончых валоў — 8—12 м, а селішча за крапаснымі сценамі займае 30 га. Таму выберам найбольш перспектыўныя ўчасткі на самым умацаваным гарадзішчы і прылеглым да яго селішчы. Спадзяемся, што ўжо ў гэтым сезоне будуць знаходкі, якія праліваюць святло на самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці, гарадзішча на Менцы і яго сувязі з сучасным горадам.
Лакіза запрасіў усіх ахвотных у якасці валанцёраў далучацца да будучага даследавання.





