«Мне сорамна за маю прафесію, мне сорамна за тое, што робяць, за хлусню, якая прадстаўляецца як праўда, за прапаганду ў найгоршым сэнсе гэтага слова. Я не павінен гэтага казаць, але я скажу. Я атэіст, але калі ёсць пекла, то журналісты туды трапяць», — так сказаў Познер.

Аднак «Радыё Свабода» адзначае, што стрым, у якім прыняў удзел Познер, быў адмыслова прысвечаны вайне ва Украіне і насіў яўна праўладны характар. У яго апісанні гаворыцца, што «вайна ва Украіне пачалася ў 2014 годзе, калі Злучаныя Штаты арганізавалі пераварот ва Украіне, каб зрынуць рэжым, пры якім Украіна была нейтральнай краінай, і замяніць яе на антырасійскі і праамерыканскі рэжым, які неадкладна пачаў вайну супраць Данбаса». Гэта акурат тое самае, што нястомна транслююць пуцінскія прапагандысты. Ды і сама арганізацыя Code Pink пазіцыянуе сябе як «фемінісцкая арганізацыя, якая імкнецца да таго, каб пакончыць з войнамі і імперыялізмам ЗША».

Познер на гэтым стрыме каля гадзіны чытаў гістарычную лекцыю аб прычынах, якія, на яго думку, прывялі да вайны ва Украіне, і хоць не адмаўляў адказнасці Пуціна за ўварванне, аднак спрабаваў растлумачыць логіку дзеянняў расійскага прэзідэнта. 

У сваім выступе Познер, хоць і з агаворкамі, па многіх пунктах фактычна або падтрымліваў тэзісы Крамля, ці прынамсі выступаў з іх разуменнем.

Напрыклад, ён сцвярджаў, што Захад даваў абяцанне не пашыраць НАТА (хоць і нефармальнае) і не стрымаў яго, а таксама сцвярджае, што ЗША «пстрыкалі мядзведзя па носе», правакуючы Расію.

Таксама Познер задаецца пытаннем, як бы адрэагавалі ЗША, калі б у Мексіцы да ўлады прыйшоў антыамерыканскі прэзідэнт і паклікаў на дапамогу расійскае войска — люстраная сітуацыя, на яго думку, адбылася ва Украіне. Украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ён лічыць цалкам залежным ад ЗША.

Пры гэтым Познер не кажа, што падтрымлівае вайну, а толькі заклікае «аналізаваць факты» і зразумець логіку Крамля.

У гэтым кантэксце яго ацэнка журналістаў успрымаецца перш за ўсё як крытыка заходніх СМІ, якія асвятляюць канфлікт з праўкраінскіх пазіцый. Па словах Познера, прадстаўнікі заходніх ліберальных эліт зусім не разумеюць, што адбываецца ў Расіі і Украіне.

Па словах Познера, большасць з тых, з кім ён мае зносіны ў Расіі, выступаюць супраць вайны, але 80% насельніцтва краіны падтрымлівае Пуціна.

Клас
8
Панылы сорам
83
Ха-ха
10
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
44