44-гадовы Мікалай жыве і працуе ў Польшчы з 2018 года. Апошнім часам ён працаваў аператарам станкоў ЛПУ. Напярэдадні новага года Мікалай паехаў на святы ў Беларусь. Мяжу перасякаў на аўтобусе і, паводле яго слоў, нічога незвычайнага пры праходжанні пашпартнага кантролю не было. Пасля мяжы мужчына паехаў не па адрасе прапіскі, а да сваякоў. Праз тры дні туды прыехалі з ГУБАЗіКа.

«Ніякага маскі-шоў з выломліваннем дзвярэй не было. Усё культурна. У 2020 годзе ў Варшаве адбываўся першы марш беларусаў Варшавы. Я ў той момант якраз быў у Варшаве і скінуў анонс гэтага маршу ў нейкі чат: ці то «Беларусы Варшавы», ці то «Беларусы Польшчы», не памятаю ўжо дакладна. Супрацоўнікі прыехалі з раздрукоўкай гэтага скрына».

Беларус сцвярджае, што ў каналах навін, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, ён не знаходзіўся. У наладах тэлеграма ягоныя звесткі былі схаваныя, але нядаўна ён паставіў на аватарку сваё фота і зрабіў яго даступным для прагляду ўсім карыстальнікам. Мікалай думае, што па гэтай фатаграфіі супрацоўнікі міліцыі змаглі яго апазнаць.

Перад уездам у Беларусь Мікалай выйшаў са свайго асноўнага акаунта ў тэлеграме, які быў на польскім нумары, пакінуўшы толькі «чысты» акаўнт, замацаваны на беларускі нумар. Але супрацоўнікі ГУБАЗіку некалькі разоў пыталіся пра польскую сім-карту (на якую можа быць зарэгістраваны іншы тэлеграм-акаўнт).

«У кватэры былі мае двое дзяцей. І «старэйшы» (губазавец) кажа: «Мы зараз пачнем цябе п….ць тут, пры дзецях». Я тады аддаў «сімку», але ведаў, што нічога супрацьзаконнага ў маім акаунце не знойдуць».

Супрацоўнікі ГУБАЗіК агледзелі заплечнік, з якім Мікалай прыехаў у Беларусь і не паверылі, што гэта ўсе ягоныя рэчы.

«Я чамусьці сказаў, што частка рэчаў на маёй кватэры. Мяне пасадзілі ў машыну і павезлі па месцы маёй прапіскі. Але па дарозе я прызнаўся, што кватэра пустая. Сказаў ім, што прыехаў яе прадаць і там няма нават мэблі. У выніку мы развярнуліся і паехалі ў ГУБАЗіК. Усю дарогу «старэйшы» вывучаў мае паведамленні ў чаце.

У чаце супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі паведамленні Мікалая са словамі «парушэнне правоў чалавека» і «сіняпалы». Мікалай адказаў, што гэта жарты пра палякаў.

«У цэлым, усё было спакойна. Што адказваць — не важна, галоўнае — не маўчаць. Калі я пачынаў моцна тупіць, то старэйшы даставаў дубінку і пачынаў падвышаць голас: «Не маўчы, інакш я табе п….ну».

Пазней у Мікалая забралі пашпарт. Супрацоўнік ГУБАЗіК пачаў дэталёва вывучаць адзнакі аб праходжанні мяжы і візы: сілавікоў «збянтэжыла» адсутнасць актуальнай візы. Мікалай прызнаўся, што ў яго ёсць польскі дазвол на жыхарства, але ён «пакінуў яго дома».

Сілавікі праверылі кашалёк беларуса, выявілі там дазвол на жыхарства і правы кіроўцы. Усе дакументы, у тым ліку пашпарт, забралі.

«Я ўвесь гэты час стаяў у кайданках у калідоры. У руках трымаў пакет з тэлефонам і ноўтбукам. Падыходзіць іх старэйшы і кажа: «Ты нам схлусіў тры разы: пра сім-карту, рэчы на кватэры і дазвол на жыхарства. Таму станавіся ў стойку, я на табе адпрацую тры ўдары». Ну і крыху ён мяне б'е. У цэлым было 6-7 удараў у грудзі, прэс, ныркі і ногі».

Пасля гэтага сілавікі адышлі ў бок на «нараду». Мікалай кажа, што ніякіх папер у ГУБАЗіКу на яго не складалі, таму ён думаў, што яго адпусцяць.

Пасля кароткай «нарады» Мікалая завялі ў суседні кабінет-відэастудыю. Там было каля сямі чалавек.

У відэа, якое з ім запісалі ў ГУБАЗіКу, Мікалая вымусілі сказаць, што палякі ставяцца да беларусаў, як «да другога гатунку», а таксама папрасіць прабачэння перад беларускай амбасадай у Варшаве і прапагандыстам Бянько — паведамленні пра іх ад імя Мікалая сілавікі таксама знайшлі ў чатах.

«Першае відэа са мной запісалі ў выглядзе свабоднага аповеду. Я на камеру сказаў, што з'ехаў з Беларусі 8 жніўня, у мітынгах не ўдзельнічаў. Быў затрыманы за абразу супрацоўніка беларускай амбасады і журналіста. У зробленым раскайваюся. Але супрацоўнікі прапанавалі мне свой сцэнар. Галоўнае было сказаць, што ў Польшчы палякі прэсуюць беларусаў, у нас там усё кепска».

Відэа з Мікалаем апублікавалі на праўладным тэлеграм-канале ў пачатку студзеня.

Мікалай кажа, што ў ГУБАЗіКу не афармлялі пратакол затрымання, вопіс маёмасці ці нейкія іншыя паперы. Пасля запісу роліка сілавікі адвезлі яго ў аддзяленне міліцыі, адтуль яго перавялі ў ІЧУ. Перад арыштам у яго пад вопіс канфіскавалі асабістыя рэчы, у тым ліку кашалёк і тэлефон. Дакументаў, якія раней сабралі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, у вопісе не было.

Суд вынес яму 10 сутак арышту за «вызываючыя паводзіны і нецэнзурную лаянку ў аддзяленні міліцыі» (артыкул 19.1 КаАП). Мікалая перавялі ў ізалятар, дзе ў шасцімясцовай камеры знаходзілася 25 чалавек.

Пасля вызвалення дакументы беларусу не вярнулі і ён заняўся іх аднаўленнем. Пашпарт быў гатовы праз тыдзень, правы беларус вырашыў не рабіць, візу паставілі пасля звароту ў консульства. Цяпер Мікалай займаецца аднаўленнем у Польшчы «карты побыту».

Чытаць яшчэ:

«Амапаўцы надзелі мне кайданкі і сказалі: «Ты наш палонны». Гісторыя пераследу пчаляра з Палесся

Чарговую беларуску затрымалі пасля вяртання з-за мяжы

Клас
10
Панылы сорам
19
Ха-ха
7
Ого
9
Сумна
12
Абуральна
150