social networks icons

Смартфоны ствараюць пагрозу псіхічнаму здароўю падлеткаў

Навукоўцы даўно пачалі звяртаць увагу на негатыўны ўплыў смартфонаў і сацсетак на падлеткаў. У 2016 годзе выйшла кніга прафесара псіхалогіі ўніверсітэта Сан-Дыега Джын М. Твенге «ІGen: чаму пакаленне інтэрнэту расце больш бунтарскім, больш цярпімым, менш шчаслівым — і зусім непадрыхтаваным да жыцця, і што гэта можа значыць для ўсіх астатніх».

Аўтар звярнула ўвагу на тое, што з'яўленне смартфонаў радыкальна змяніла ўсе бакі жыцця падлеткаў, ад характару сацыяльнага ўзаемадзеяння да іх псіхічнага здароўя. Яе даследаванні дапаўняюць іншыя, якія прыводзяць довады аб тым, што сучасныя падлеткі больш трывожныя і маюць больш нізкую самаацэнку з-за ўплыву сацыяльных сетак.

Напрыклад, з 2010 года колькасць брытанскіх падлеткаў, якія не лічаць сябе сімпатычнымі, павялічылася больш чым у два разы. У Францыі ўзровень дэпрэсіі сярод 15—24-гадовых за апошняе дзесяцігоддзе вырас у чатыры разы.

Лічбавая камунікацыя выцесніла асабістыя сустрэчы. У 2019 годзе 46 % амерыканскіх падлеткаў адзначыла, што яны «ўвесь час анлайн». У выніку тынэйджары маюць праблемы з правільным счытваннем мовы цела і выразаў твару, што стварае непаразуменні пры асабістай камунікацыі.

У той жа час яны ніколі не бываюць самотнымі. Камунікацыя працягваецца пастаянна. Яны кладуцца ў ложак са смартфонам і адразу бяруць яго ў рукі, як прачынаюцца. Вынік — пачуццё гіперсувязі адно з адным. Гэта абвастрае пачуццё ігнаравання і павялічвае трывожнасць.

Калі раней для расстання неабходна было пагаварыць, то зараз дастаткова адправіць партнёра без тлумачэння прычын «у ігнор».

Яшчэ адна небяспека пераходу сацыяльных кантактаў у віртуальную прастору — рост агрэсіі дзяцей і падлеткаў. У віртуальнай прасторы яны пішуць такія рэчы, якія б ніколі не змаглі выказаць непасрэдна ў твар. Прычына гэтага — праблемы з самаацэнкай, няўпэўненасць у сабе, выкліканыя пастаянным параўнаннем сябе з іншымі ў сацыяльных сетках, залежнасць ад «лайкаў» — рэакцый на знешні выгляд.

Найбольш заўважна гэта на дзяўчатках, якія праводзяць у сацыяльных сетках значна больш часу, чым хлопчыкі. Гэта знайшло сваё праяўленне і ў пагаршэнні іх псіхічнага здароўя.

Па звестках амерыканскіх навукоўцаў за дзесяць гадоў (2011—2021) на 60 % узрасла колькасць дзяўчынак, якія сур'ёзна задумваліся аб самагубстве.

Брытанскія навукоўцы сцвярджаюць, што падлеткі, якія праводзяць пяць і больш гадзін у дзень у сацыяльных сетках, падвяргаюцца ў два-тры разы большай рызыцы нанясення сабе шкоды, чым іх аднагодкі, якія менш карыстаюцца інтэрнэтам.

Што неабходна зрабіць, каб знізіць рызыку, звязаную з уплывам смартфонаў на дзяцей і падлеткаў?

Па-першае, неабходны асабісты прыклад здаровага карыстання сучаснымі тэхналогіямі. Замест «завісання» ў камп'ютарах і смартфонах бацькам трэба больш знаходзіцца афлайн. Дзеці павінны бачыць нашы твары, а не галовы, якія схіліліся над экранам камп'ютара ці смартфона.

Па-другое, варта расказваць дзецям пра негатыўныя наступствы карыстання смартфонам. На канкрэтных прыкладах паказаць яго ўплыў на фізічны і эмацыянальны стан, паспяховасць у школе.

Па-трэцяе, псіхолагі раяць бацькам кантраляваць сваю актыўнасць і актыўнасць іншых членаў сям'і ў інтэрнэце, абмежаваць час і месца выкарыстання смартфонаў.

Чытаць таксама:

Tech neck: што смартфоны робяць з нашым целам?

Свет стаіць на мяжы глабальнага інфармацыйнага крызісу: хутка чалавецтву не будзе ў чым трымаць інфармацыю

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
4