Вольга Чамаданава. Фота: «Мінск-Навіны»

Вольга Чамаданава. Фота: «Мінск-Навіны»

Аўтар «Мінск-Навінаў» спытаў у Вольгі Чамаданавай, ці адчувала яна гонар, калі ў часы пратэстаў стала вельмі пазнавальнай.

«У той час я ні пра што такое не разважала. Было, мабыць, пачуццё здзіўлення, калі дзесьці праз год пасля заканчэння таго электаральнага перыяду я шмат ездзіла па рэгіёнах. А там падыходзілі зусім незнаёмыя людзі і вельмі эмацыйна дзякавалі. Адна жанчына, памятаю, сказала: «Ведаеце, мы ж тады кожны дзень уключалі тэлевізар і чакалі, што вы скажаце».

І цяпер паўтару: у мяне не ўзнікала ніякіх сумневаў у правільнасці таго, што я раблю і што кажу. Выдатна разумела, за што і дзеля каго змагалася».

Таксама ў гутарцы Вольга Чамаданава растлумачыла, чаму не стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, на якую вучылася.

«Я выдатна памятаю свой першы ўрок у Ліцэі БДУ падчас праходжання педагагічнай практыкі. Гэта былі ўжо дарослыя хлопцы і дзяўчаты, матываваная аўдыторыя, вельмі цікавая, дарэчы. І быццам усё было добра. Але пасля заканчэння ўрока я зразумела, што чакала чагосьці большага. Разумееце, любая справа, за якую бярэшся, павінна выклікаць эмоцыі. Для жанчыны гэта вельмі важна, ды і не толькі для яе. Напрыклад, знакаміты савецкі тэатральны рэжысёр Анатоль Эфрас рэпеціраваў свае спектаклі, пакуль яны не ўзляталі. З'яўляюся максімалісткай, чагосьці падобнага чакала і я ад таго ўрока. Так, магчыма, не адразу, але яшчэ на філфаку я зразумела, што буду займацца чымсьці іншым», — растлумачыла Чамаданава.

Вольга Чамаданава ў часе паслявыбарчых рэпрэсій стала рупарам прапаганды сілавікоў.

Менавіта пры Чамаданавай у тэлеграм-каналах сілавых структур (а іх было створана досыць шмат) сталі з'яўляцца відэа «прызнанняў» і «раскайванняў». Таксама пры ёй дзяржаўныя журналісты праводзілі ледзь не допыты затрыманых на акцыях пратэсту. 

Можна гадаць, што такой інфармацыйнай рабоце Чамаданава навучылася ад расійскіх спецыялістаў, якія арганізоўвалі трэнінгі для прэс-сакратароў сілавых ведамстваў Беларусі.

Запомнілася Чамаданава і яшчэ некалькімі рэчамі. У дзень смерці Аляксандра Тарайкоўскага тэлеграм-канал МУС апублікаваў інфармацыю, што ён нібыта загінуў, бо спрабаваў кінуць у спецназаўцаў выбухоўку, якая разарвалася ў яго руках. 

Але хутка з'явілася відэа моманту смерці Тарайкоўскага, на якім было бачна, што ў ягонай руцэ не было ніякай выбухоўкі. Родзічы пасля таксама абверглі гэту інфармацыю ад МУС.

Калі праўда выплыла, новая інфармацыя не тое што не была агучана — не была выпраўлена ці выдалена і старая. Ніякіх прабачэнняў міністэрства ўнутраных спраў не прынесла. 

Клас
1
Панылы сорам
31
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
48