«Народныя» аўтамабілі прыбавілі ў цане мінімум па 1000-1500 даларяў

Праз саўдзел Беларусі ў вайне наш аўтамабільны рынак перажывае няпростыя часы. Санкцыі і сыход шэрагу сусветных аўтавытрворцаў з Расіі прывялі да таго, што большасць беларускіх аўтадылераў страцілі магчымасць папаўняць склады. Праз гэта цэны на складскія рэшткі пайшлі ўгору. Замест сусветных марак у Беларусь пачынае прыходзіць усё больш брэндаў з Кітая. Праз санкцыі і разбурэнне лагістычных ланцужкоў моцна выраслі выдаткі на дастаўку аўто з Еўропы і ЗША. Услед за новымі і свежа прывезенымі аўто, выраслі цэны і на патрыманыя машыны. 

Суразмоўца з ліку перакупаў, які займаецца «народнымі» аўтамабілямі, кажа, што за апошні год нават 15-20-гадовыя аўто дадалі ў цане не менш, чым па 20%.

«У нас, як і раней, добрым попытам карыстаюцца аўтамабілі за 5-8 тысяч даляраў. Audi, VW першай паловы «нулявых», мінівэны еўрапейскай вытворчасці. Дык вось такія «народныя» аўтамабілі за год прыбавілі ў цане мінімум па 1000-1500 даларяў», — кажа суразмоўца. 

Пры гэтым мужчына адзначае, што праз салідны ўзрост такіх экзэмпляраў, знайсці нешта ў больш-менш годным стане з кожным годам усё складаней. Таму «жывыя» машыны прадаюцца хутка і па цане вышэйшай за сярэднюю па рынку. 

«У Беларусі ўвогуле назіраецца такая тэндэнцыя, што калі аўтамабіль дасягае цаны ў 5-6 тысяч даляраў, то ён амаль перастае таннець. Гэта такі беларускі феномен, калі аўтамабілі, як віно — з гадамі даражэюць», — іранізуе мужчына.

Суразмоўца дадае, што ведае прыклады, калі чалавек, які прыганяў з Еўропы аўтамабіль у 2010-2011 годзе (перад падняццём пошлін да ўзроўню расійскіх), сёння можа прадаць яго амаль за тыя самыя грошы, што машына абышлася яму больш за 10 гадоў таму.

«Цяпер рост цэн амаль прыпыніўся, а вось летась літаральна за 2-3 месяцы цана магла істотна падрасці. Бывала так, што купляеш аўтамабіль пасля ДТЗ, пачынаеш шукаць запчасткі, рамантаваць, разлічваеш, што пасля аднаўлення атрымаецца прадаць максімум за 7 тысяч.

А пакуль машына рамантавалася, цана вырастала да 7,5-8 тысяч».

Сітуацыя сыграла на руку тым, хто паспеў набыць машыну па старой цане

Уласнік аўтакаміса, з якім удалося паразмаўляць, таксама падцвярджае, што за апошні год цэны выраслі на аўтамабілі ва ўсіх цэнавых сегментах.

«Канешне, больш за ўсё падаражэлі новыя машыны ў салонах. Праз адсутнасць новых паставак дылеры вельмі моцна паднялі цэны на рэшткі тавару. Гэта сыграла на руку тым, хто набываў новую машыну год-два таму. У такіх людзей пасля некалькіх гадоў эксплуатацыі з'явілася магчымасць прадаць машыну прыблізна па той жа цане, што яны куплялі яе новай.

У нармальныя часы такога не бывае, бо новыя аўтамабілі ў першыя 3-5 год вельмі моцна губляюць у цане. Але паколькі новыя значна падаражэлі, то людзі сталі гатовыя купляць 1-2-гадовыя аўто па тых самых цэнах, што яны прадаваліся, калі былі новымі», — кажа бізнэсмен.

Пачалі часцей прывозіць узроставыя аўто з Еўропы

Чалавек, які займаецца прыгонам аўто з Еўропы, адзначае цікавую тэндэнцыю.

«Раней з Еўропы да нас у 95% выпадкаў прыганялі аўтамабілі ва ўзросте да 5 гадоў, бо прывозіць больш узроставыя было не асабліва выгадна праз павышаныя мытныя стаўкі на аўто, старэйшыя за 5 гадоў», — кажа перагоншчык.

Па словах бізнэсмена, летась сітуацыя кардынальна змянілася і ў яго пачало з'яўляцца нямала замоў на прыгон аўто не толькі старэйшых за 5, а нават за 10 гадоў. Мужчына звязвае гэта з ростам цэн на ўнутраным рынку. 

«Недзе ад пачатку лета ў Беларусь масава пачалі прыязджаць па аўтамабілі расіяне. Рынак хутка адрэагаваў на ўзрослы попыт, і цэны пачалі расці. У выніку некаторыя машыны ў бюджэце да 10 тысяч прыбавілі ў цане 1500-2000 даляраў. Нават некаторыя «карчы», якія яшчэ год таму за 2000 нікому былі не патрэбныя, сёння выстаўляюць па 3 тысячы, і калі аўтамабіль у больш-менш годным стане, то яго забяруць, бо людзям трэба на чымсці ездзіць».

Чытаце таксама: 

Літвы ў Беларусь вывозяць рэкордную колькасць аўто. Але ў нашай краіне яны не затрымліваюцца

Аўтамабільны рынак Беларусі абваліўся на 63,2%, растуць толькі электрамабілі

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
2