Вясна, не стукай у дзверы — адчыняй.
І ўваходзь ужо па звычцы даўняй.
Кранай усё, кранай, кранай, кранай
Сакавіком, красавіком і траўнем.

Зімовае зняпраўдзі насланнё,
Пакінь у слядах сваіх пяшчотных кветкі,
Тапі ільды і першай цеплынёй
ты прытулі, вясна, маю планету.

Ці хоць палову ад яе, хоць чвэрць —
Блакітнай, непадробнай, непаўторнай.
Каб трохі ўтульней ёй было ляцець,
Вальсуючы, у сістэме нашай зорнай.

Адхукай свет і душы расшпілі,
Паварушы і пабудзі жывое, 
Засмяглае — даверху наталі,
Пераканай нясмелае сабою.

Праз шчыліну праточыцца вясна,
Паміж аблокаў промнямі ўліецца.
Непаслухмяная і шчырая, яна
Скудлаціць свет і замілуе сэрца.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0