Пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца» да закрыцця. Скрын відэа

Пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца» да закрыцця. Скрын відэа

Што можа прывесці да поўнага закрыцця меж

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць цалкам рэальным сцэнар жалезнай заслоны для Беларусі. 

«Ніякага пацяплення адносін з Захадам не назіраецца, наадварот, стасункі толькі пагаршаюцца і абвастраюцца. Вайна працягваецца, і любая эскалацыя можа прывесці да закрыцця меж. Закрыццё меж я назваў бы вельмі рэалістычным сцэнаром, і мы рухаемся ў гэтым кірунку», — кажа палітычны аглядальнік. 

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі таксама ацэньвае такую пагрозу як яўную і вельмі небяспечную:

«Сваімі дзеяннямі Лукашэнка ўсё больш робіць з Беларусі краіну-ізгоя. Ён нічога не робіць, каб нармалізаваць адносіны з Еўрапейскім саюзам, з заходняй цывілізацыяй, замест таго павялічвае і без таго празмерную залежнасць ад Расіі. З’яўляюцца новыя пагадненні, якія ўстанаўліваюць эканамічны кантроль Расіі над Беларуссю, расійскія войскі ўжо фактычна пануюць на Беларусі. Таму небяспека новай жалезнай заслоны відавочная: Лукашэнка фактычна сваімі рукамі адрывае Беларусь ад Еўропы. Гэта вельмі сур’ёзны выклік, з якім мы мусім нешта рабіць».

Два сцэнары жалезнай заслоны

Краіны Балтыі і Польшча настроеныя вельмі рашуча, адзначае Аляксандр Фрыдман.

«Любое абвастрэнне на ўкраінскім кірунку можа прывесці да закрыцця межаў з Беларуссю», — мяркуе палітычны аглядальнік.

Так выглядае памежны пераход «Кузніца — Брузгі» пасля ўмацавання яго палякамі. Фота: тэлеграм-канал «Пул 4»

Так выглядае памежны пераход «Кузніца — Брузгі» пасля ўмацавання яго палякамі. Фота: тэлеграм-канал «Пул 4»

Мяжа з Украінай, на ягоную думку, закрыта на доўгія гады, калі не на дзесяцігоддзі: 

«Нават калі вайна скончыцца, расійскія войскі застануцца ў Беларусі, таму яна будзе разглядацца як варожая дзяржава».

Пры якіх умовах Захад пойдзе на ўзвядзенне «жалезнай заслоны»?

«Апошняй кропляй могуць стаць рэпрэсіі супраць польскай меншасці, любыя антыпольскія крокі. Зараз актыўна раскручваецца гісторыя з польскім следам у Мачулішчах.

Калі антыпольская палітыка беларускага рэжыму працягнецца, то любая нязначная падзея можа абрынуць і так напружаныя адносіны. Я не выключаў бы, што закрыццё меж з боку Польшчы выкліча ланцуговую рэакцыю: Латвія і Літва следам закрыюць межы», — адзначае Фрыдман. 

На ягоную думку, не трэба скідваць з рахункаў і другі сцэнар — закрыццё меж па ініцыятыве афіцыйнага Мінска.

«Калі Лукашэнка вырашыць больш актыўна ўступіць у вайну, аб’явіць мабілізацыю, то ў гэты момант ён, безумоўна, закрые межы. Аб’яўляць мабілізацыю і не закрываць межы немагчыма: людзі пабягуць з краіны». 

Аляксандр Фрыдман мяркуе, што «з эканамічнага боку Лукашэнка не зацікаўлены ў закрыцці меж, напэўна, і палітычна яму гэта не трэба». Але напружаную сітуацыю можа ўзарваць любая дробязь.

«Закрыць межы Лукашэнка можа і тады, калі пачнецца масавы ад’езд жыхароў з краіны з розных прычын. Мы ж не ведаем, якую рэакцыю выкліча патэнцыйны ўкраінскі ўдар па тэрыторыі Беларусі». 

Валер Кавалеўскі заўважае, што ў выпадку самаізаляцыі беларускі рэжым застаецца сам-насам з агрэсіўнай Расіяй.

«Крэмль паводзіць сябе варожа ў дачыненні не толькі да Украіны, але і да Беларусі, да яе дзяржаўнасці і суверэнітэту, да нацыянальнай ідэнтычнасці. Лукашэнка ўвесь час вядзе гульню балансавання, але цяпер магчымасці для балансавання істотна звузіліся.

Пры гэтым ён разумее, што зможа захаваць сваю ўладу толькі датуль, пакуль можа быць карысным Расіі і будзе выконваць жаданні Пуціна. Але калі заслона ўпадзе на заходняй мяжы, то Лукашэнка застанецца сам-насам з Пуціным, і ў такой сітуацыі Крэмль можа змяніць правілы гульні з Беларуссю».

Што робіцца, каб не дапусціць ізаляцыі Беларусі?

Валер Кавалеўскі падкрэслівае, што ўся дзейнасць Аб’яднага пераходнага кабінета скіраваная на тое, каб санкцыйныя абмежаванні, якія ўводзяцца супраць рэжыму Лукашэнкі, ніяк не закраналі інтарэсы беларусаў:

«Вельмі важная мабільнасць перасоўвання: каб людзі захоўвалі і дзелавыя, і адукацыйныя, і культурныя, і роднасныя-сямейныя сувязі».

Дыпламат адзначае, што пагроза ўстанаўлення новай жалезнай заслоны праявілася адразу з пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. 

«Стала зразумела, што дзяржава Беларусь аказалася не на тым баку гісторыі, аказалася ў кепскай кампаніі. Як толькі пачала паступаць інфармацыя пра тое, што ёсць негатыўная рэакцыя на беларусаў, на беларускі пашпарт, што ў еўрапейскім светапоглядзе адбыліся істотныя змены ва ўспрыняцці беларусаў, мы адразу пачалі тлумачальную працу на самых розных узроўнях — ад медыя да чалавечых кантактаў, палітычных сустрэч. Беларусы — гэта не Лукашэнка, беларусы не падтрымліваюць уступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны, а тым больш Беларусь не Расія, не трэба ставіць паміж краінамі знак роўнасці». 

Дэмакратычныя сілы не задавальняе сённяшні статус-кво. 

«Нам трэба павялічваць розніцу паміж беларусамі і Лукашэнкам, паміж Беларуссю і Расіяй, рабіць яе больш заўважнай, каб ніякім чынам жалезная заслона не апусцілася на заходніх межах, каб Беларусь заставалася часткай еўрапейскай цывілізацыі», — рэзюмаваў Валер Кавалеўскі.

 Чытайце таксама:

У Літве пытанне візаў для беларусаў і расіян хочуць аформіць асобным законам

«Еўрапейскія памкненні беларусаў павінны быць падтрыманыя». Ціханоўская заклікала Еўропу прыняць у дачыненні да Беларусі падвойную стратэгію

Як выглядае памежны пераход «Кузніца — Брузгі» пасля ўмацавання яго палякамі. ФОТА і ВІДЭА з дрона

Клас
15
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
15
Абуральна
8