Паводле інфармацыі CIT, эшалон з тэхнікай нядаўна адправіўся з горада Арсеньеў Прыморскага краю, дзе знаходзіцца 1295-я Цэнтральная база рэзерву і захоўвання танкаў. На фотаздымках аналітыкі апазналі савецкія сярэднія танкі сямейства Т-54/55. У адным эшалоне знаходзіліся і танкі Т-54, і танкі, якія могуць быць больш познімі Т-54 або Т-55.

Раней CIT ужо паведамляла аб адпраўцы вайсковай тэхнікі з гэтай базы — з яе адпраўлялі танкі Т-62М (У), затым іх выкарыстоўвалі на вайне ва Украіне. Аналітыкі адзначаюць, што зняцце з захоўвання Т-54/55 зафіксавана імі ўпершыню.

Па спадарожнікавых здымках CIT устанавіла, што ў перыяд з чэрвеня па лістапад 2022 года базу ў Арсеньеве пакінуў як мінімум 191 танк — верагодна, у асноўным Т-62. У рэальнасці іх колькасць можа быць значна большай, адзначаецца ў публікацыі.

CIT таксама адзначае недахопы танкаў Т-54 і Т-55: адсутнасць дальнамераў, балістычных вылічальнікаў, сістэм кіравання агнём, прымітыўныя прыцэлы і непаўнавартасныя стабілізацыйныя прылады (у Т-54).

«Нам цяжка назваць магчымыя сферы выкарыстання гэтых танкаў, але ў любым выпадку разам са здыманнем з захоўвання БТР-50 і ўстаноўкай на [бронетранспарцёры] МТ-ЛБ карабельных зенітак гэта адназначна сведчыць аб сур'ёзных праблемах з забеспячэннем УС РФ бранятэхнікай», — лічаць аналітыкі.

  • Танк Т-54 быў створаны на базе Т-44 і прыняты на ўзбраенне ў 1946 годзе.

  • Серыйная вытворчасць працягвалася да 1959 года, усяго было выпушчана больш за 20 тысяч Т-54. У яго таксама ёсць мноства мадыфікацый.

  • Зняты з узбраення Расіі ў 1994 годзе.

  • Танк Т-55 быў створаны на базе Т-54 і вырабляўся да 1979 года.
Клас
3
Панылы сорам
8
Ха-ха
42
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
3