«Вы БЧБ, вам нічога не паложана»

За Ірынай міліцыя прыехала ўранку 28 сакавіка. Яна даглядае ляжачага чалавека з дэмэнцыяй. Разам з сілавікамі прыехала «хуткая», якая забрала чалавека з інваліднасцю першай групы ў раённы шпіталь на «сацыяльны ложак». У аддзяленні на Ірыну надзелі кайданкі, зашчапілі іх ззаду.

«У яе праблемы вялікія з суставамі, плечавыя суставы амаль нерухомыя, у яе — поліартрыт, тут яшчэ і кайданкі на яе. Яны проста выломвалі ёй рукі», — расказвае суразмоўца выдання.

Ён дадае, што Ірына ў калідоры аддзялення міліцыі пачала страчваць прытомнасць. Затрыманай дапамаглі жанчыны, якія былі на прыёме ў міліцыі як пацярпелыя ў нейкай справе. «Нават бачачы яе стан, ніхто не зняў з яе кайданкі», — абураецца знаёмы жанчыны.

Ірыну ў міліцыі дапытваў следчы. Жанчына сцвярджала, што не ставіла ніякіх лайкаў «экстрэмісцкім рэсурсам», што гэта мог зрабіць муж, цяпер нябожчык. Маўляў, ён сядзеў у інтэрнэце з яе тэлефона і актыўна чытаў сацыяльныя сеткі, у тым ліку цікавіўся і палітыкай. «На гэта міліцыя і следчы проста смяяліся. Следчы сказаў: «Будзеце адказваць за мужа!» — дадаў знаёмы затрыманай.

Жанчына даводзіла на допыце, што яе інтарэсы бачныя па яе старонцы — хрысціянская літаратура і песні, вязанне, гатаванне ежы.

Да ізалятара жанчыну звазілі ў шпіталь, дзе лекары пастанавілі, што яна можа знаходзіцца ў ІЧУ са сваімі хваробамі — з бранхіяльнай астмай, поліартрытам і праблемамі з пазваночнікам і страўнікам.

«У ізалятары ў яе забралі ўсё, нават расчоску. Не дазволілі ўзяць з сабой Біблію. Яна сказала, што нават «смяротнікі», асуджаныя на расстрэл, могуць чытаць Біблію. Канвойныя адказалі, што «смяротнікам» можна, вам — не, бо вы БЧБ, вам нічога не паложана», — кажа знаёмы жанчыны.

«У вас асаблівая камера, у вас — БЧБ»

Як вядома сябру затрыманай, Ірыне ў ІЧУ не далі ні матраца, ні пасцельнай бялізны. Куртку забралі, жанчына мерзла.

«З ёй сядзелі рэцыдывісткі, яны ставіліся да Ірыны добра, дапамагалі ёй як маглі. Яны плакалі, калі ёй кожны раз, па некалькі разоў на дзень, надзявалі кайданкі і ёй было вельмі балюча. Ведаю, што адзін канвойны прапанаваў калегу зашчапіць кайданкі не ззаду, а спераду, каб было не так балюча. Той жа адказаў: «Ты што! Гэта ж бэчэбэшніца!». Казалі тым рэцыдывісткам: «У вас асаблівая камера, у вас БЧБ, вам нічога не паложана», — дадаў знаёмы жанчыны.

Ён таксама расказвае, што Ірыне не давалі спаць уначы, будзілі на «праверкі». У яе былі прыступы астмы, іншыя зняволеныя курылі.

«Але Ірыне сумленне не дазволіла папрасіць іх не курыць. Яна казала, што разумее іх, што гэта залежнасць, што яны на нервах, ёй было вельмі шкада іх», — зазначыў суразмоўца. Ён дадаў, што рэцыдывісткі, якія здзейснілі крадзяжы, рабаўніцтва, паводзілі сябе як людзі, у адрозненне ад некаторых маладых канвойных, «якія былі як звяры».

«На суд вялі па вуліцы, з кайданкамі за спінай, як страшную злачынцу»

У райцэнтры, дзе судзілі жанчыну, будынак суда знаходзіцца непадалёк ад ізалятара.

Ірыну вялі на суд пешкі, па вуліцы, з кайданкамі за спінай.

«Быў такі выпадак, што адзін канвойны, малады хлопец, адмовіўся надзяваць на яе кайданкі, каб весці на суд. Яна сказала: «Сынок, надзявай, не бойся, бо цябе ж пакараюць». Але ён адмовіўся. Іншыя не адмовіліся. Жанчына скардзілася на тое, што боль быў проста невыносны. У яе проста рукі чарнелі, усе апухлыя былі, бо поліартрыт», — заўважыў знаёмы Ірыны.

На судзе жанчына расказала, што ні ў чым не вінаватая, што не ставіла нідзе ніякіх лайкаў. Згадала словы следчага: «Вы будзеце адказваць за мужа». Суд аправіў справу на дапрацоўку, аднак жанчыну не адпусцілі дахаты, а зноў павезлі ў ІЧУ.

«Там яна перажыла сардэчны прыступ, але адмовілася ад выкліку «хуткай», бо ёй было сорамна, што яна трое сутак не мылася — папросту не магла, не было ніякіх умоў», — дадаў знаёмы жанчыны.

«Міліцыянт сказаў: «Я магу гаварыць усё, што хачу, і мне нічога не будзе»

Перад вызваленнем Ірына, па словах яе знаёмага, мела гутарку з міліцыянтам.

«Ён заявіў: «Я магу гаварыць усё, што захачу, і мне нічога не будзе! А ты ніхто! Ідзі і далей стаў лайкі — і зноў трапіш да нас!». Цяпер яна выйшла, з траўмаванымі, апухлымі рукамі ад кайданкоў. Але Ірына верыць у Бога, гэта дало ёй сілы вытрымаць усе выпрабаванні. Яна кажа, што расказвала пра Бога тым рэцыдывісткам у камеры, якія мелі і па дзевяць «ходак», і яны зацікавіліся. На выхадзе з ізалятара жанчына прасіла, каб канвойныя перадалі яе Біблію у камеру да дзяўчат. Тыя адмовіліся», — перадаў знаёмы жанчыны.

На выхадзе з ІЧУ Ірына атрымала квітанцыю. За кожны дзень у ізалятары яна мусіць выплаціць 17 рублёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?