Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Скрын відэа

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Скрын відэа

«Па ўзроўні заработнай платы Беларусь займае 2-е месца ў СНД (нас апярэджвае толькі Расія), — заявіла Іна Мядзведзева. — Што датычыць занятасці, то ў 2022 годзе па выніках абследавання мы атрымалі лічбу фактычнага беспрацоўя 3,6%. Гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю назіранняў».

У рамках выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак Белстат нібыта атрымаў інфармацыю аб тым, што сваім жыццём у Рэспубліцы Беларусь задаволена 88% чалавек.

«Гэта сведчыць аб тым, што сацыяльная палітыка сёння атрымлівае водгук і ў насельніцтва. 88 працэнтаў — гэта вялікая лічба, якая якраз сведчыць аб тым, што прынятыя меры даюць магчымасць людзям забяспечыць сабе дастойную заработную плату, дастойнае існаванне і дастойную работу», — зрабіла выснову старшыня Белстата.

«Самае галоўнае ў гэтым паказчыку, — дапоўніў яе намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Максім Ермаловіч, — што грамадзяне лічаць гэтую заработную плату справядлівай. Зразумела, што ўсе хочуць (і мы таксама), каб зарплата пастаянна расла, каб якасць нашага жыцця паляпшалася. Але справядлівасць у агульнай сістэме заработнай платы, усведамленне справядлівай цаны ўласнай працы — гэта ўжо вялікае сацыяльнае дасягненне і вялікае дасягненне для краіны».

Узровень малазабяспечанасці насельніцтва ў 2022 годзе, сцвярджае Белстат, упаў да 3,9%. «Фактычна ён падаў у нас кожны год. Гэта значыць, яшчэ раз пацвярджае тэзіс аб справядлівай заработнай плаце і пенсійных даходах», — падсумавала Іна Мядзведзева.

З 2020 года ў Беларусі працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або за сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў, адкінутыя нават самыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Белстат фактычна стаў інструментам маніпулявання грамадскай думкай. 

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
13