Пшэмыслаў Замбржыцкі злева. Фота тут і далей: архіў героя

Пшэмыслаў Замбржыцкі злева. Фота тут і далей: архіў героя

Перш, чым задаць майстру некалькі пытанняў, крыху гісторыі пра слуцкія ці, як іх называлі, кунтушовыя паясы.

У сярэдзіне XVI стагоддзя сярод гісторыкаў была папулярная тэорыя аб сармацкім паходжанні шляхты. У XVII стагоддзі гэтая тэорыя — сарматызм — стала асновай ідэалогіі шляхты. Спатрэбіўся вонкавы антураж. Плямёны сарматаў, лічылася, прыйшлі з Усходу, то менавіта шаўковыя паясы з Турцыі і Персіі, вышываныя золатам і срэбрам, вырашылі зрабіць важнай часткай касцюма, каб падкрэсліць багацце і ўладу яго ўласніка. 

Калі казаць пра Слуцкую персіярню, то яна ўзнікла даволі позна, толькі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. На загад гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Радзівіла па мянушцы Рыбанька ў 1757 годзе са Стамбула ў разабраным выглядзе таемна прывезлі адзін з ткацкіх станкоў. Спачатку мануфактуру размясцілі ў Нясвіжы. Туды ж запрасілі і майстра-армяніна Яна Маджарскага. А праз пяць гадоў персіярню перавялі ў Слуцк.

Слуцкія паясы адразу сталі папулярнымі. Кожны з іх меў непаўторны малюнак. Часам на адзін пояс магло пайсці да 800 грам золата. З часам сталі вырабляць чатырохбаковыя паясы, што дазваляла выкарыстоўваць іх у розных сітуацыях — і на свята, і на жалобу. Слуцкія паясы даволі часта падраблялі. І толькі на арыгіналах можна было прачытаць на пазнаках: «ВЪ ГРДѢ СЛУЦКѢ» ці «Me fecit Sluciae». Па ацэнках розных гісторыкаў, на мануфактуры выпусцілі не менш за 5000 паясоў. А ўжо праз сто год ад вытворчасці нічога не засталося. Паясы сталі папаўняць прыватныя калекцыі і музеі. У 1939 годзе ў рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы было 32 паясы, і 16 з іх былі слуцкія. Уратаваць іх не ўдалося. У 1940 годзе прадстаўнікі новай улады перадалі іх у мастацкую галерэю, а падчас вайны яны проста зніклі. 

«Калі рабіць паясы з натуральнага шоўку, кошт будзе не меншы за 4000 даляраў»

— Станок каштуе як цэлы дом, — расказвае Пшэмыслаў Замбржыцкі пра сваю вытворчасць. — Ён павінен быць увесь час заняты, не павінен прастойваць, інакш не будзе акупляцца. Калі выпускаць, напрыклад, тканіны Burberry, Louis Vuitton ці Coco Chanel, то на такім станку можна выпускаць па 200 метраў за суткі, калі не больш. А калі ткаць паясы, то атрымаецца 8—10 пагонных метраў. Да таго ж трэба яшчэ адукоўваць грамадства, знаходзіць кліентаў. Гэтая тэма вельмі мала вывучана. Пра шаблю, пра гарнітур пісалі больш, чым пра слуцкія паясы. Гэтую тэму давядзецца вывучаць па аскепках з карцін, па нейкіх згадках.

— У такой сітуацыі цяжка прадаць тое, пра што пакупнік мала ведае.

— Таму больш ахвотных вырабляць паясы не знаходзіцца. Трэба быць камерцыйным дурнем, каб гэтым займацца.

— Чаму тады вы гэта робіце?

— У XVIII стагоддзі ў Рэч Паспалітую з Турцыі прыехаў мой продак. Армянін. Яго звалі Пасхалія Акапян, а на тутэйшы манер Пасхаліс Якубовіч. Ён адкрыў ткацкую фабрыку ў Ліпкаве і пачаў ткаць паясы. Ажаніўся з мадэмуазэль Замбржыцкай. А потым, каб Замбржыцкім жыццё мёдам не здавалася, ён выдаў сваю кузіну за Замбржыцкага. Так і стала развівацца гэтая сямейная справа.

— Ці толькі калекцыянеры набываюць сёння паясы? 

— Калі я пачаў выпускаць паясы, то імі зацікавіліся ў першую чаргу менавіта яны. Дарэчы, яшчэ ў 50-я гады былі спробы рабіць копіі слуцкіх паясоў. Але яны былі аднабаковымі, а гэта не тое. Нам удалося зрабіць паўнавартасны пояс, дзе гэтая тканіна без выварату. Гэта складанае і працаёмістае ткацтва, якое суправаджаецца шматлікімі складанымі працэсамі.

— Якія матэрыялы выкарыстоўваюцца ў вырабе? Ці гэта натуральны шоўк?

— Я не выкарыстоўваю натуральнага шоўку, таму што тады кошт пояса быў бы не меншы за 4000 даляраў. За такія грошы яго ніхто не набудзе. Мая мэта — пусціць гэты пояс у народ. Хачу, каб людзі памяталі і шанавалі яго, як некалі. Калі нехта купіць гэты пояс за 1000 даляраў, то ён яго насіць не будзе. Бо будзе баяцца сапсаваць такую ​​дарагую рэч. Павесіць яго на сценку, і што тады? Пояс проста памрэ на той сцяне. А я хачу, каб людзі гэта насілі, а не трымалі дома ў якасці экспаната. 

Шоўк — унікальны матэрыял. Можна насіць 50 гадоў хустку, і яна будзе чыстай, таму што бруду няма на чым там трымацца. Шоўк пад мікраскопам выглядае як рыбалоўная лёска. На ім няма шчарбін ці расколін. Любое іншае палатно будзе пад мікраскопам з трэшчынкамі, а шоўк іх наогул не мае. Тканіна можа быць вельмі тонкай і наадварот. Яна будзе мець пры гэтым розныя ўласцівасці. Шаўковыя ніткі не самыя тонкія. Самыя тонкія ніткі — гэта бісер. Гэта валокны, якімі малюск прымацоўваецца да скалы. А залатыя ніткі робяцца так: на шаўковую нітку намотваецца залатая. Калі спрошчана, то пад мікраскопам гэта нагадвае шланг ад душа. 

— Я была ўпэўнена, што паясы павінны быць толькі з шоўку і вышываныя золатам і срэбрам.

— Ёсць такія спецыялісты, якія разглядаюць пояс, выняты з магілы нейкага шляхціца і пішуць: «О! Я знайшоў там пояс з шоўку». Але рэч у тым, што флора ў зямлі з'ядае ўсё, акрамя шоўку.

Калі нават тамака былі прымешкі воўны ці бавоўны, то бактэрыі і грыбы, якія знаходзяцца ў магіле, даўно, яшчэ 500 гадоў таму, знішчылі ўсё, акрамя шоўку. Шоўк баіцца толькі сонечнага святла. Бо гэта бялковы палімер, які раскладаецца ад ультрафіялетавага выпраменьвання. Гэта адзінае, што яго можа забіць.

А яшчэ адна цікавая ўласцівасць шоўку была выяўлена яшчэ падчас сутыкнення войскаў Чынгізхана з кітайскім войскам. Яны здзівіліся, што тыя былі апрануты ў шаўковую вопратку. Аказалася, што яе не прабівае страла. І тады манголы самі сталі насіць шаўковыя кашулі і жупаны. Такая ж гісторыя і з поясам: яго нельга разрэзаць нажом, вельмі цяжка нават прабіць ударам шаблі. Ён служыў яшчэ і такім своеасаблівым даспехам. Напэўна, некалі гэта было важна.

На навагоднім балі ў Варшаве

На навагоднім балі ў Варшаве

 У сваёй вытворчасці вы абыходзіцеся заменнікамі шоўку?

— Так, ёсць, напрыклад, штучны шоўк. Цяпер такія тэхналогіі, што навобмацак не вызначыш, пакуль не паглядзіш у мікраскоп.

«Можна мыць нават у пральнай машыне»

Ці можна мыць паясы?

— Мае паясы можна мыць нават у пральнай машыне. Толькі падчас прасавання трэба выставіць тэмпературу не вышэйшую, чым на шоўк.

Хтосьці, значыць, гэта носіць і сёння?

— Ёсць людзі, якія носяць. Бо гальштук у Англіі таксама ў свой час быў як знак пратэсту супраць павешання, а потым стаў паўсядзённым, хоць і з такой сумнай гісторыяй.

Вось у мяне нядаўна венгры купілі паясы, немцы на мінулым тыдні, а на гэтым тыдні шведы. Гэта гістарычная рэканструкцыя. А набываюць людзі проста таму, што гэта аб'ядноўвае Цэнтральную Еўропу.

— Гэта такая тэма, якая ўвесь час патрабуе паглыблення ў гісторыю. Паясы прыйшлі з Турцыі і Ірана ў свой час, а аб'ядноўвалі народы Цэнтральнай Еўропы?

— Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза ў XVII стагоддзі паслаў свайго чалавека ў Персію. Гэта быў армянін Сефер Муратавіч. Ён завёз туды падарункі шаху Абасу. Шах у адказ загадаў саткаць дыван з гербамі Рэчы Паспалітай і гербам Жыгімонта Вазы. Усё гэта Сефер Муратавіч прывёз разам з лістом. Там напісана: «Браце мой любы! З усіх каралёў свету толькі ты даслаў да мяне чалавека, які размаўляе на маёй мове». Пасля гэтага пачынаецца каласальны абмен паміж Рэччу Паспалітай і Іранам.

Ледзь не ў кожнай хаце з'яўляюцца дываны, усходняя зброя і сярод іншага паясы. Армяне з Персіі перамяшчаюцца ў Турцыю, а там на той момант ужо была развіта вялізная індустрыя. Адтуль тавары трапляюць у Рэч Паспалітую.

 І пачынаецца ўласная вытворчасць паясоў?

— Самая старажытная ў Польшчы, якую я ведаю, гэта Броды. Туды гетман Станіслаў Канецпольскі прывёз з палону са Стамбула пояс. Там цікавая гісторыя. Ён разбіраўся ў гадзінніках і спачатку рамантаваў гадзіннік начальніку той жудаснай турмы, потым сябрам начальніка ды іншым. Слава разышлася і дайшла да султана, які таксама ўмеў рамантаваць гадзіннікі. Султан узяў яго ў палац і пасяліў тамака літаральна за сценкай у суседнім пакоі. Яны пасябравалі. Султан браў яго з сабой, калі хадзіў па Стамбуле ноччу і размаўляў з народам. Канецпольскі меў магчымасць вывучаць там ткацтва. Ён потым прывёз у Польшчу тых рамеснікаў, якія пасля сталі настаўнікамі для вытворчасці паясоў у Бродах. Там выраблялі дываны, паясы, дарагія тканіны і шатры.

Была таксама вялізная фабрыка ў Станіслававе. Тамака працавалі армяне. Пасля адкрылі мануфактуры ў Варшаве, Кракаве і Гродне.

Радзівіл стварыў у Слуцку мануфактуру. Яна была позняя, але вялізная. А знішчылі яе напалеонаўскія салдаты. Яны скралі там усё, што можна было, а астатняе спалілі. Апошнімі яе гаспадарамі былі мясцовыя яўрэі. Яны маглі ўжо толькі ткаць розныя дэкаратыўныя стужкі.

—  Якой даўжыні павінен быць кунтушовы пояс?

— Я раблю паясы даўжынёй крыху большыя за 4 метры.

Але трэба ўмець яго правільна павязваць? Ці гэта не мае значэння?

— Гэта як гальштук. Яго трэба правільна завязваць, інакш гэта не будзе прыстойна выглядаць.

Паясы, якія вырабляе на сваёй вытворчасці Пшэмыслаў Замбржыцкі

Паясы, якія вырабляе на сваёй вытворчасці Пшэмыслаў Замбржыцкі

— Ці ёсць адпаведны парадак завязвання?

— Няма такой інструкцыі. Усё страчана. Часам можна проста глядзець на партрэты, каб зразумець, як гэта зроблена. Ёсць чатыры базавыя вузлы. А потым трэба проста адштурхоўвацца ад гэтых вузлоў і рабіць іншыя. Вузлоў магла быць вялікая колькасць. Магчыма, іх выкарыстоўвалі як знак прыналежнасці да пэўнай групы. А яшчэ маглі людзі перад нейкім соймам дамаўляцца быць у пэўным колеры, каб у натоўпе адрозніваць сваіх. 

Ідэя адрознівацца потым перарадзілася ў так званы рэгіянальны мундзір — пэўнага колеру контур, каўнер ці яшчэ нешта. Па гэтых мундзірах можна было зразумець, хто адкуль прыехаў. Але пояс застаўся індывідуальным. Хто які хацеў, той такі і насіў. Проста можна было дамовіцца на нейкі колер, бо яны былі чатырохбаковыя.

Што супольнага паміж слуцкімі паясамі і майкамі I Love New York?

 Вы разглядаеце пояс як своеасаблівы мост, які аб'ядноўвае Цэнтральную Еўропу?

— Гэта таму што поспех вельмі заразны. Рэч Паспалітая, якая аб'яднала Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае, размяшчалася на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы і часткова Латвіі, Малдовы, Расіі, Эстоніі і Славакіі. Яна мела вялікі эканамічны і вайсковы поспех. Краіна змагла абараніць Еўропу ад турэцкага ўварвання. А як гэты поспех можна адзначыць? Прыкладам могуць быць сучасныя майкі з надпісам I Love New York.

Чалавек, які носіць такую ​​майку, можа ніколі і нагой не ступаў у Нью-Ёрку, але яму хочацца быць часткай таго поспеху. Я думаю, што ў XVII і ў XVIII стагоддзі насілі гэты пояс, дэманструючы сваё дачыненне да гэтай культуры. Пояс як частка гэтага поспеху. 

Добрай ілюстрацыяй поспеху і багацця служыць партрэт караля Яна Сабескага. Гэта другая палова XVII стагоддзя. Вось ён там стаіць, карона побач і ён амаль такі ж, як і ўсе, але… Самае галоўнае — тое, як завязаны пояс. А ён падвернуты знізу і зверху, у сярэдзіне разгорнуты. Для таго, каб так яго падвязаць, трэба, каб вакол «танчыла» восем пар вельмі здольных рук. Менавіта ў гэтым быў бачны ягоны статус. Не ў самым адзенні, таму што жупан маглі дазволіць сабе многія. Сам так падвязаць пояс ніхто не зможа — трэба мець вельмі шмат прыслугі.

— Ці спрабавалі вы звязацца з мадэльерамі, каб зрабіць гэты элемент адзення модным, напрыклад, для ўрачыстых мерапрыемстваў.

— Я адкрыты для любых прапаноў. Але нешта ніхто не звяртаўся пакуль. Можа, мадэльеры баяцца, што кліенты іх не зразумеюць. Магчыма, французскія мадэльеры могуць зацікавіцца, таму што яны вітаюць усё новае. А польскія занадта асцярожныя і кансерватыўныя. А што да моды, то яна развіваецца сама па сабе. Цяпер скончыўся сезон баляў. Мы вельмі любім хадзіць на баль. З задавальненнем заўважылі, што на трэцім, чацвёртым балі ўжо трэць джэнтльменаў і нават некаторыя дамы былі ў паясах. Паясы можна насіць пад фрак і пад пінжак. Тэндэнцыя ва ўсякім разе намецілася.

Чытайце таксама: 

Пінскія балоты і палешукі без салодкіх стэрэатыпаў

«Ніколі такога не здарыцца, што можна будзе сказаць: мы ўсё знайшлі». Краязнавец, вымушаны выехаць за мяжу, робіць шыкоўныя знаходкі і там

Латкес: як яўрэйская страва запазычыла назву ад беларускіх аладак. І нашмат даўжэйшая гісторыя

Клас
56
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?