«іт-Торча» — газета, якая выдаецца на Мальце (Мальта — астраўная дзяржава ў Міжземным моры, з насельніцтвам у 519652 чалавекі па даных 2021 года).
У газеты, якая выдаецца ў сталіцы краіны — Валеце, ёсць «Літаратурны дадатак». 4 снежня мінулага, 2022-га, года паэтка і перакладчыца Яна Псайла прадставіла ў выданні свой артыкул «Славянская паэзія на мальційскай і ў арыгінале» (і ў якасці прыклада прывяла пераклад і верша Якуба Коласа «Родныя вобразы»).
А ўжо сёлета Яна Псайла ў нумары за 2 красавіка пазнаёміла жыхароў міжземнаморскай Мальты з вершам народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Дуб».
Распусціўшы сучча
У глухім прыволлі,
Сам адзін расце ён
На далёкім полі…
Твор, які напісаны ў 1911 годзе, надрукаваны па-беларуску і ў перакладзе на мальційскую мову.
— Мяне цікавіць як перакладчыцу славянская паэзія, — дзеліцца ўражаннямі ад працы Яна Псайла. — Зразумела, перш-наперш руская паэзія. І вось маё новае захапленне — беларуская паэзія. Удзячная стасункам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, жаданню маіх беларускіх калег падказаць новыя кірункі перакладчыцкага прачытання беларускай класікі. Я ўжо пераклала і адзін з вершаў Максіма Багдановіча. Ён пабачыць свет у газеце «іт-Торча». На рабочым стале — некалькі вершаў беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Ведаю, што сёлета Беларусь будзе святкаваць юбілей Яўгеніі Янішчыц, да якога, несумненна, падрыхтую і пераклад яе твораў… Працую я і з перакладамі вершаў беларускіх аўтараў у перакладзе на рускую мову ці з рускім падрадкоўнікам, але таксама звяртаюся і да арыгінальных тэкстаў па-беларуску.
«А мне насрат!» Такі надпіс знайшлі архівісты на дакуменце 500-гадовай даўніны





