Георгій Шылін з сям’ёй пасля 2020 года перабраўся жыць у Чэхію. Сваю гісторыю беларус вырашыў апісаць у кнізе «Я эмігрант». Ілюстрацыі да яе зрабіла беларуская мастачка Вольга Якубоўская, вядомая па серыі карцін «Беларусы-коцікі».
Георгій Шылін расказаў «Свабодзе», што сам прайшоў нялёгкі шлях эміграцыі і лічыць, што яго досвед будзе карысным для іншых людзей, якія вымушана пакінулі радзіму. Ідэя кнігі пачалася з яго допісаў у сацыяльных сетках.
«Мае сябры і падпісчыкі казалі, у цябе дасціпныя допісы, шмат досведу, чаму б не сабраць гэта ў кнігу? Сяброў і падпісчыкаў, а цяпер і чытачоў, цікавіў не столькі матэрыяльны аспект эміграцыі, а больш псіхалагічны», — патлумачыў Георгій.
Большую частку першага накладу кнігі, 100 асобнікаў, ён раздаў. Кажа, што выданне ўжо трапіла да Святланы Ціханоўскай і заснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака. Кнігу таксама можна знайсці ў электронным варыянце.
Аўтар абяцае, што сродкі ад продажу выдання пойдуць у фонд BySol і будуць размеркаваныя на дапамогу палітзняволеным і беларусам, якія праз рэпрэсіі апынуліся ў цяжкай сітуацыі.
«Асноўны мой пасыл да людзей такі, што можна дапамагаць не толькі грашамі. Многія з нас таленавітыя людзі. Таму ёсць шмат варыянтаў дапамогі нашым палітзняволеным», — дадаў аўтар кнігі.
Разам з кнігай у фонд былі перададзеныя ілюстрацыі Вольгі Якубоўскай. Плануецца, што іх выставяць на аўкцыён.
Чытайце таксама:
З афішы фільма пра «Песняроў» прыбралі акцёра-купалаўца
Адразу два беларусы ўвайшлі ў журы прэстыжнай кінапрэміі «Залаты глобус»
З тэрыторыі колішняга мінскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага знікла ахоўная шыльда





