Фота: csmapnyu.org

Фота: csmapnyu.org

Мільярдэр Ілан Маск, які валодае Twitter, SpaceX і Tesla, захацеў завесці яшчэ адну кампанію — на гэты раз гаворка ідзе пра стварэнне новага стартапа па развіцці і камерцыялізацыі прасунутага ШІ (штучнага інтэлекту). Пра гэта паведаміла газета Financial Times са спасылкай на людзей, блізка знаёмых з сітуацыяй.

Паводле атрыманых звестак, Маск збірае найлепшых даследчыкаў і інжынераў па стварэнні штучнага інтэлекту з вядучых лабараторый свету. Бізнэсмэн таксама спрабуе прыцягнуць інвестараў сваіх ужо існуючых кампаній, пераконваючы іх укласці фінансы ў новы праект.

У дадатак да гэтага, як стала вядома навіннаму парталу Business Insider, Маск для сваіх мэт ужо набыў 10 тысяч магутных графічных працэсараў ад кампаніі Nvidia.

«Ілан Маск хоча канкураваць з такімі кампаніямі як OpenAI, якая распрацавала чат-бот ChatGPT і хутка ўзляцела на сусветным рынку. Гэта дазволіць мільярдэру ўвайсці ў тэхналагічную гонку ў галіне штучнага інтэлекту і стварыць сваю ўласную прасунутую сістэму генератыўнага ШІ.

Для навучання гэтай сістэмы бізнэсмен можа выкарыстоўваць велізарны масіў інфармацыі з Twitter, які яму належыць, а для вылічальнай магутнасці — суперкамп'ютар Tesla Dojo, які падтрымлівае аўтапілот у электрамабіляў Tesla», — піша газета Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.

Пры гэтым Маск нярэдка абвінавачваў кампанію OpenAI ў камерцыялізацыі нейрасетак і празмерным жаданні стварыць перадавы штучны інтэлект. Сам ён, дарэчы, яшчэ ў 2015 годзе быў адным з заснавальнікаў гэтай кампаніі, але ў 2018 годзе сышоў з яе, бо хацеў сканцэнтравацца на Tesla.

Але самай пікантнай дэталлю ва ўсёй гэтай гісторыі з'яўляецца тое, што яшчэ ў канцы сакавіка Ілан Маск быў у ліку тых, хто публічна заклікаў спыніць развіццё штучнага інтэлекту з-за пагрозы чалавецтву.

«Трэба прыпыніць навучанне сістэм штучнага інтэлекту мінімум на шэсць месяцаў. За гэты час лабараторыі і незалежныя спецыялісты павінны распрацаваць і ўкараніць набор агульных пратаколаў бяспекі, якія дазволяць пасля правяраць і кантраляваць развіццё сістэм штучнага інтэлекту», — пісалася ў агульным звароце, які падпісаў Маск і больш за тысячу іншых экспертаў у галіне ШІ.

Вяртаючыся да тэмы стартапа, Ілан Маск на момант публікацыі гэтага артыкула ўжо паспеў зарэгістраваць новую юрыдычную асобу — кампанію X.AI Corp, якая і з'яўляецца ўвасабленнем задумы мільярдэра па стварэнні і развіцці ўласнага штучнага інтэлекту. Пра гэта стала вядома выданню The Wall Street Journal.

Чытайце таксама:

Высновы з 386-старонкавай справаздачы Стэнфардскага ўніверсітэта аб сённяшнім стане штучнага інтэлекту

«Эпоха ШІ пачалася». Біл Гейтс падзяліўся сваім бачаннем будучыні штучнага інтэлекту

Якія прафесіі першымі заменіць штучны інтэлект?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0