У славянскіх народаў, у тым ліку ў беларусаў, існуюць некалькі відаў фарбавання яек падчас Вялікадня — крашанка (у адным колеры, пераважна чырвоным), маляванка (адвольны малюнак, напрыклад, птушкі альбо жывёлы) і пісанка (абрадавы строгі роспіс па «жывым» (сырым) яйку).

Ганна захапляецца менавіта гэтым архаічным роспісам, які перадае глыбокую інфармацыю пра сэнс жыцця, пашырае веды пра Сусвет і вяртае да вытокаў, піша «Звязда».

«Роспіс па яйку — як малітва Богу!» — кажа мастачка пра стан душы падчас натхнення і праводзіць моўную паралель у стварэнні культавых роспісаў — іконы і пісанкі. — Пісанка — гэта своеасаблівы іканапіс — закадзіраваны, алегарычны і сакральна сімвалічны».

Ганна любіць гэтыя маленькія арнаментаваныя малюнкі па сырым яйку і ведае пра іх амаль усё, таму што сімвалы — знакі невыпадковыя і перадаюцца з пакалення ў пакаленне — ад бабулі да маці, ад маці да дачкі. Сваімі ведамі Ганна дзеліцца з іншымі жанчынамі (пісанка — жаночае рамяство), каб традыцыя малявання не згубілася, не знікла.

Па-першае, свае творы паказвае на выстаўках і кірмашах: сёлета ўдзельнічала ў выставе майстроў «Чароўны млын», а цяпер яе прыгожыя творы экспануюцца ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

Вядома, праводзіць майстар-класы: напярэдадні велікодных свят Ганну Клімовіч запрасілі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі правесці свой чарговы ўрок і раскрыць сакрэты стварэння пісанкі гарачым воскам.

Такое яйка (іх, дарэчы, фарбуюць не толькі на Вялікдзень, але і ўвесь год) дораць як абярэг — на стварэнне і захаванне сям'і, добры радавод, на зачацце і на багаты ўраджай. Геаметрычныя малюнкі сімвалізуюць культ маці-зямлі, сонца, агню, радавога дрэва. У старажытнасці перад вясеннім сонцаваротам стваралі шмат пісанак. Ёсць яйкі з назвамі «яблынька», «берагіня», «узаранае поле», «Ярыла»…

— Чытаць і разумець пісанку — значыць валодаць славянскім светаўспрыманнем, — кажа Ганна Клімовіч. — Наогул, пакуль у нас ёсць свае старажытныя традыцыі, мы моцныя!

Чытайце таксама:

У Іерусаліме сышоў Жыватворны агонь

Сёння ў Вільні пройдзе першае беларускае набажэнства ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату

З разынкамі, цукатамі, арэхамі. Колькі каштуюць велікодныя булкі

Як красіць велікодныя яйкі: вялікі гайд

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0