Валерыю Васюковіч сілавікі забралі з банка, дзе дзяўчына працавала, і адвезлі ў пастарунак за тое, што яна ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» ў адкрытым доступе размясціла публікацыі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру з сімвалам «Пагоня» ў выглядзе рыцара з мячом на кані.
На думку суддзі, яна такім чынам правяла адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў без дазволу Докшыцкага райвыканкама.
Згодна з пастановай суда, з рапарта міліцыянта, які маніторыў старонку Валерыі і складаў на дзяўчыну пратакол, вынікае, што да ўсяго на яе старонцы было яшчэ размешчанае ў свабодным доступе фота, на якім яна знаходзіцца ў кампаніі дзяўчыны і хлопца, пры гэтым хлопец трымае ў руцэ мабільны тэлефон у чахле, на якім намаляваны бел-чырвона-белы сцяг і сімволіка «Пагоня». Гэта ёй таксама ставілі ў віну.
Падчас судовага пасяджэння Валерыя сваю віну не прызнала. Тым не менш суддзя Андрэй Тарасевіч палічыў яе вінаватай і прызначыў дзяўчыне трое сутак арышту, якія яна ўжо адбыла.
Пасля гэтых падзей Валерыя Васюковіч усе свае сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце зрабіла закрытымі.
Чытайце таксама:
На ўладальніка гродзенскай «Цудоўні» завялі крымінальную справу
Прызначылі дату разгляду апеляцыі на прысуд «рэйкавым партызанам»





