Фота: Reform.by

Фота: Reform.by

Паэзія і графіка гарманічна суіснуюць у гэтым выданні, бо ілюстрацыі там граюць такую ж ролю, як і тэкст, то-бок вядуць свой уласны аповед.

Наста Кудасава, фота Reform.by

Наста Кудасава, фота Reform.by

Як сустрэліся паэтка і мастачка, што ўвайшло ў кнігу і чаму такая назва — пра ўсё гэта аўтаркі расказалі на прэзентацыі.

Адкуль такая назва?

Наста Кудасава цяпер знаходзіцца на рэзідэнцыі ў Варшаве, заяўку яна падавала з мэтай перакладаць удмурцкіх паэтаў.

«Большасць з іх ужо не жыве, аднак адзін быў жывы, — згадвае паэтка. — Я ўвесь час вярталася да думкі, што можна наладзіць з ім нейкі кантакт, каб проста паведаміць, што яго вершы будуць перакладзеныя на беларускую мову. Але з пачаткам вайны ў мяне распачалася свая ўнутраная гісторыя: я пачала баяцца расчаравацца ў людзях».

Святлана Дземідовіч. Фота: Reform.by

Святлана Дземідовіч. Фота: Reform.by

Наста так і не скантактавалася з тым паэтам, а нядаўна прачытала навіну, што ён яшчэ летам скончыў жыццё самагубствам. Якраз у той час, калі аўтарка перакладала яго творы — вершы, у якіх вельмі моцна адчуваецца адзінота («Паэты, на жаль, вельмі крохкія людзі»).

Гэтая гісторыя часткова тлумачыць назву кнігі: важна, каб мы ў складаныя часы былі побач. «Бо жыццё адно, і потым можа быць позна».

Таму ў кнізе шмат вершаў з прысвячэннямі сябрам і калегам-літаратарам — «гімнаў еднасці, роднасці».

Калі і як пісаліся вершы?

Часавы перыяд вершаў — з 2016 і па апошні час. У адрозненне ад папярэдніх выданняў, калі вершы проста «напісаліся на зборнік», «Побач» больш канцэптуальнае: сааўтаркі стварылі кнігу-шлях.

Ад першай да апошняй старонкі глядач ідзе па дарозе. Метафара дарогі ствараецца з дапамогай вершаў і падмацоўваецца ілюстрацыямі, дзе вобраз дарогі паўстае з дапамогай лаканічных графічных выяў.

Трэба крочыць наперад, што б ні здаралася, — такія сэнс і ідэя гэтай кнігі.

Паэзія ўвасабляе вельмі прыватныя перажыванні, аднак мэта яе ў тым, каб ператварыць асабістае ва ўніверсальнае. І іншыя людзі, якія чытаюць тваё асабістае, перажываюць гэта як сваё ўласнае: «Дзеля таго мы і пішам, — прызнаецца паэтка, — ты прамаўляеш пра сябе, аднак адначасова транслюеш універсальныя галасы людзей».

Як ствараліся ілюстрацыі?

Святлана Дземідовіч расказала, што з паэткай Настай Кудасавай пазнаёміліся праз Facebook, узаемна лайкалі творы адна адной, і нарэшце Наста напісала з прапановай разам зрабіць кніжку.

«Я адразу пагадзілася, — расказвае мастачка. — І паколькі гэта мой першы такі праект, то падышла да яго, як да першага кахання — на максімуме. І вырашыла, што гэта не будуць ілюстрацыі да кожнага пятага верша, а будзе графічная аповесць, якая развіваецца паралельна, узмацняючы вершы».

Таму не кожная ілюстрацыя ў кнізе «Побач» даслоўна адпавядае таму, пра што прамаўляе верш.

Святлана заўважыла, што тэма дарогі ў вершах Насты сустракаецца часцей за ўсё. Лірычны герой падарожнічае, ідзе наперад.

Да сярэдзіны кнігі, паводле графічнага канцэпту мастачкі, узрастае напружанне. А роўна ў цэнтры кнігі наступае развязка драматычнага сюжэту: ён, яна, шчасце, каханне. «На жаль, такіх вершаў няшмат, — зазначае мастачка. — І яны ўсе змясціліся на развароце пасярэдзіне. Далей зноў доўжыцца пошук дарогі, пытанні, часам, адказы на іх».

Герой выходзіць з гэтага раю, зноў падарожнічае па старонках і ідзе да канца кніжкі.

Чаму мінімалізм патрабуе дакладнасці?

Усе ілюстрацыі зробленыя ўручную, без ужывання графічных рэдактараў, таму, калі адбывалася памылка, мастачцы даводзілася ўсё маляваць спачатку.

Усе ілюстрацыі выкананыя мінімалістычнымі сродкамі, але найбольш «простыя» з іх занялі і найбольш часу. «Бо калі шмат слаёў, — тлумачыць мастачка. — Нешта можна паправіць. Але калі трэба намаляваць адным рухам — гэта самае цяжкае. Таму самыя простыя ілюстрацыі ствараліся не з першай спробы».

Колькі матэрыялаў пайшло на ілюстрацыі?

Паўлітра тушы і шырокі пэндзаль, які сцёрся цалкам — да асновы.

Пра што кніга?

«У кнізе ёсць і рай, і агульначалавечыя пошукі, — пералічвае Наста Кудасава. — Аднак ёсць і вершы з нашай рэальнасці. Усё гэта некалі скончыцца, і важна, якія сведчанні мы пакінем пасля сябе. А мы павінны сведчыць, гаварыць і пісаць — пра ўсё, што нас хвалюе. Нашчадкі разбяруцца».

Ці дапамагае паэзія перажыць жудасную рэальнасць апошніх гадоў?

Андрэй Хадановіч казаў, што калі пачалася вайна, ён не напісаў у той час ні радка, згадвае паэтка. Бо адчуваў, што не мае права пісаць.

Хоць многія літаратары на нейкі час замоўклі, Наста Кудасава наадварот запісвала свае ўражанні. Іначай не атрымлівалася, бо вершы для яе выконваюць псіхатэрапеўтычную ролю. Прамаўленне, называнне сваіх страхаў вяртае да раўнавагі.

«Я ніколі не хацела жыць у «цікавыя часы», у падручніку гісторыі, — кажа паэтка. — Бо жахліва асэнсоўваць тое, што ідзе вайна.

Часам чытаю свае старыя вершы і сустракаю там гэтае слова — «вайна», але як метафару. Немагчыма асэнсаваць, што цяпер гэта адбываецца наўпрост, без ніякіх метафар».

«Гэта зробіць нас толькі мацнейшымі». Беларускія выдаўцы прадавалі кнігі на кірмашы ў Беластоку

Янушкевіч расказаў, які раман Кінга яны выдадуць па-беларуску і калі

У кнізе ўспамінаў пра кардынала Свёнтэка такая розная стылістыка беларусаў і замежнікаў

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0