Лізавета Карасёва. Фота: асабісты архіў

Лізавета Карасёва. Фота: асабісты архіў

«Мода цыклічная, і вінтажныя рэчы могуць быць на доўгія гады»

Лізавета любіць міксаваць спадніцы з гарсэтамі і грубымі красоўкамі, мужчынскія пінжакі і шырокія джынсы з нізкай пасадкай. «І гэта, мусіць, мой самы камфортны вобраз, які я дапаўняю акулярамі з 1990-х, якія мне падарыла мама.

Яна, дарэчы, прывіла мне цікавасць да моды, жаданне прыгожа апранацца. Старэйшая сястра таксама для мяне была натхняльным прыкладам, яна заўсёды апраналася з іголачкі. Яны мяне ў маіх вобразах падтрымліваюць», — расказвае Ліза. 

Захапляцца вінтажным адзеннем дзяўчына пачала пасля таго, як пераехала з Мінска ў Варшаву ў 2017-м. 

«Да гэтага ніколі не цікавілася гэтым, у Мінску тэма сэканд-хэндаў, вінтажу не была распаўсюджаная, не ведала, што там можна знаходзіць крутыя рэчы.

Вобраз з вінтажнай крамы Лізаветы. Фота: асабісты архіў

Вобраз з вінтажнай крамы Лізаветы. Фота: асабісты архіў

У Варшаве існуюць мерапрыемствы, на якіх выстаўляюцца вінтажныя крамы. Гэта як у Мінску Оpen-шафа, дзе людзі прадаюць свае старыя рэчы. Пачала хадзіць на такія мерапрыемствы, і так уцягнулася ў тэму. 

Да з'яўлення вінтажу ў маім жыцці я займалася кантэнтам для розных брэндаў. І яшчэ працавала як блогер. Цяпер жа ўсе тры сферы стала складана сумяшчаць, таму я пайшла больш у вінтажны свет і адкрыла сваю анлайн-краму. І застаюся блогеркай. 

На грошы, якія ў мяне атрымліваецца зарабіць ад продажу адзення, можна пражыць. Напрыклад, за 50 рэчаў я магу зарабіць прыкладна 500 даляраў. І рэчы могуць прадацца ў адзін дзень. Гэта да пытання пра папулярнасць вінтажу. Але бывае, што для гэтага трэба і два-тры тыдні, але звычайна — на працягу чатырох дзён», — кажа яна.

«Прыклад спалучэння далікатнасці і гранджу. Карункавае бодзі і шырокія джынсы, а зверху любімая пацёртая скураная куртка, якую я купіла два гады таму. Ружовая сумачка і шалік з сэканда за даляр, які я сама яшчэ абразала». Фота: асабісты архіў

Ліза мяркуе, што фішка вінтажу ў першую чаргу ў тым, што рэчы могуць служыць шмат гадоў з-за добрай якасці.

«Адпаведна, разумееш, за што плаціш грошы. Новыя рэчы з мас-маркету могуць быць па кошце такімі ж, як і вінтажныя, але праслужаць значна менш. Першая рэч, якую купіла на вінтажным маркеце, — плашч. Ужо шмат гадоў яго нашу.

Тая ж куртка, якую я купіла, спачатку была не ў модзе, а потым стала трэндам. Мода цыклічная, і вінтажныя рэчы могуць быць на доўгія гады. 

Калі параўноўваць мас-маркет і вінтаж, то ў другім выпадку можна знайсці рэч у тры разы таннейшую, і яна будзе толькі ў цябе», — расказвае дзяўчына. 

«Касуха, спадніца з маёй вінтажнай крамы, а скураныя казакі набытыя ў сяброўкі з яе вінтажнай крамы». Фота: асабісты архіў

«Касуха, спадніца з маёй вінтажнай крамы, а скураныя казакі набытыя ў сяброўкі з яе вінтажнай крамы». Фота: асабісты архіў

«Маё захапленне — штучныя вінтажныя футры»

Пачаткоўцам у справе па пошуку рэчаў Ліза раіць ісці не ў сэканды, а ў вінтажныя крамы. 

«У сэкандах сапраўды можна нічога вартага не знайсці. А на вінтажных маркетах выстаўляецца ўжо селекцыя пэўных тавараў, якія сапраўды ўнікальныя».

Каб не купіць непатрэбных рэчаў, дзяўчына раіць спачатку пахадзіць па крамах, паглядзець, што падабаецца, памераць, вызначыць для сябе, у чым вам камфортна. Далей вызначыцца са стылем і напрамкам. Потым скласці шопінг-ліст і толькі пасля гэтага купляць. Адразу думаць, з чым вы будзеце насіць рэч, ці зможа яна доўга вам праслужыць.

Захапленне Лізы — штучныя вінтажныя футры. 

«Гэта адно з маіх любімых вінтажных футраў, якое было самым дарагім, за 200 злотых (48 даляраў). Нашу з шырокімі джынсамі і вінтажнай сумачкай Louis Vuitton». Фота: асабісты архіў

«Гэта адно з маіх любімых вінтажных футраў, якое было самым дарагім, за 200 злотых (48 даляраў). Нашу з шырокімі джынсамі і вінтажнай сумачкай Louis Vuitton». Фота: асабісты архіў

«У мяне ёсць цэлая калекцыя, — расказвае яна. — З кожным годам яна робіцца большай. А яшчэ гады два таму я знайшла сваю ідэальную скураную куртку. Калі купіла, яшчэ доўга сумнявалася, ці патрэбная яна мне. На той момант яна мне здавалася занадта шырокай. Цяпер жа такія скураныя курткі на піку моды — карычневыя і пацёртыя. Заўважаю, што нават мас-маркет інтэрпрэтуе іх. Думаю, гэта мой самы шчаслівы набытак, які радуе мяне да гэтага часу.

Вобраз з вінтажнай крамы Лізаветы. Фота: асабісты архіў

Вобраз з вінтажнай крамы Лізаветы. Фота: асабісты архіў

Самым дарагім набыткам, падаецца, было футра за 200 злотых (48 даляраў). Курткі ў асноўным знаходжу па 150 (36 даляраў). 

Спачатку хадзіла на вінтажныя маркеты раз на тры месяцы, з такой частатой яны і праходзілі. Штораз нешта для сябе знаходзіла.

Потым я пачала капаць глыбей і, напрыклад, сачыць за тымі людзьмі, якія выстаўляюцца са сваімі вінтажнымі крамамі. Потым стала хадзіць у іх крамы». 

«Мая любімая ваўняная спадніца, набытая на Vinted за 40 злотых (каля 10 даляраў), вінтажны швэдар Ralph Lauren, скураная куртка, якая была набытая ў 2019 годзе на першых вінтажных маркетах». Фота: асабісты архіў

Так у Лізы сфармавалася разумнае спажыванне. 

«Вінтажныя рэчы мінімізуюць закупы ў мас-маркетах, рэчы, якія пасля першага мыцця можна выкідваць або яны будуць амаль у кожнага сустрэчнага. Вінтажныя рэчы дапамагаюць выдзяляцца сярод натоўпу. Вядома, я сачу за светам моды, але стоадсоткава на сябе я гэта ніколі не перанясу. Калі зразумею, што мне гэты трэнд не блізкі, насіць не буду.

Навакольныя рэагуюць на мае вобразы пазітыўна. Людзі падыходзяць, пытаюцца, адкуль тая ці іншая рэч, як я яе шукала.

Наконт выказванняў «як можна насіць рэч пасля кагосьці» — абмяркоўвала аднойчы гэта са сваім прыяцелем. Ён, напрыклад, не можа насіць нешта пасля іншага чалавека, але парадаваўся за мяне, што я магу», — расказвае яна. 

Для пошуку вінтажнага адзення дзяўчына раіць спампаваць адпаведныя мабільныя праграмы — Vestiaire і Vinted.

«Яшчэ адно вінтажнае футра з маёй калекцыі, нашу з вінтажнай сумкай YSL маёй мамы і яе акулярамі, якія са мной заўсёды і ўсюды. Першым чынам у вобразах выбіраю камфорт». Фота: асабісты архіў

«Яшчэ адно вінтажнае футра з маёй калекцыі, нашу з вінтажнай сумкай YSL маёй мамы і яе акулярамі, якія са мной заўсёды і ўсюды. Першым чынам у вобразах выбіраю камфорт». Фота: асабісты архіў

«Калі даходзіць да такога, што рэчаў у шафе шмат, а насіць няма чаго — трэба ладзіць чыстку»

З вінтажнага ў Лізы ў гардэробе пераважна верхняе адзенне, але ёсць і абутак. Джынсы — часцей з мас-маркету. Яна смела змешвае мас-маркет і вінтаж.

«У беларускіх сэкандах і калявінтажных крамах я была. Памятаю, знайшла ў Мінску класны бардовы скураны пінжак. Ён нагадваў мне пінжак з серыяла «Сябры», — кажа яна. 

Некалькі разоў Ліза знаходзіла брэндавыя вінтажныя рэчы. 

«Яны часта каштуюць вельмі дорага, — кажа яна. — Гэта люкс з гісторыяй. Магчыма, з часам прыйду і да яго, але пакуль цікаўлюся проста вінтажам.

Думала раней, што вінтажныя рэчы лепш выбіраць афлайн. Але падчас пандэміі ўсё змянілася. Раю камбінаваць: і анлайн, і афлайн».

«Цэлы вобраз з маіх вінтажных знаходак. Спадніцу купіла за 20 злотых (каля 5 даляраў), скураныя батфорты абышліся ў 100 злотых (24 даляры), вінтажная сумка Guess і скураная куртка, набытая на Vinted». Фота: асабісты архіў

Дзяўчына марыць пра сваю крэатыўную прастору. 

«Цяпер падскочылі цэны на арэнду, таму на свой такі міні-бізнэс мне трэба назапасіць грошай. Разлічваю, што цягам года мне гэта ўдасца.

Цэны на рэчы фармую індывідуальна. Няма нейкага фіксаванага працэнта. Да цаны, за якую я купляю рэч, дадаецца кошт хімчысткі і плюс яшчэ нейкая нацэнка. Напрыклад, на спадніцу, якую купіла за 15 даляраў, вялікую нацэнку, вядома, не зробіш. Ніхто не купіць проста. Зразумела, з вопраткай гісторыя ўжо зусім іншая.

Калі мы гаворым пра вінтажны абутак, то я часцей звяртаю ўвагу на невялікія абцасы, абутак з 1990-х. Гатовая купляць вельмі шмат пар», — расказвае яна. 

«Мой любімы вячэрні вобраз. Спадніца з сэканда за 10 злотых (2 даляры), пінжак майго хлопца з сэканду, які ён яшчэ ўнікальна абрэзаў, і атрымаўся upcycling». Фота: асабісты архіў

«Мой любімы вячэрні вобраз. Спадніца з сэканда за 10 злотых (2 даляры), пінжак майго хлопца з сэканду, які ён яшчэ ўнікальна абрэзаў, і атрымаўся upcycling». Фота: асабісты архіў

У анлайн-краме ў дзяўчыны замаўлялі адзенне з Нью-Ёрка, Канады, Парыжа, Берліна. 

«Попыт на вінтажнае адзенне ёсць, — лічыць яна. — Па ўсім свеце ходзяць у маіх рэчах. І гэта неверагодна крута ўсведамляць.

Сама я яшчэ ў тур па Еўропе па вінтажныя рэчы не ездзіла. Але вельмі хачу яго зладзіць. Пакуль я факусуюся на Варшаве, але ў Берліне, напрыклад, у некалькі сэкандаў заходзіла і нешта знайшла».

Абнаўляць гардэроб Ліза раіць кожны сезон. 

«А бывае, што і часцей, пад настрой, — тлумачыць яна. — Калі даходзіць да такога, што рэчаў у шафе шмат, а насіць няма чаго, — трэба ладзіць чыстку. У мяне прынамсі так. Нават лепей пачынаю сябе адчуваць», — падсумоўвае яна. 

Чытайце таксама: 

«Ідэальны піксель». Глядзіце, якую калекцыю адзення выпусціў модны брэнд Loewe ФОТЫ

Спалучэнне класікі і свавольства — трэнды ў мужчынскай модзе на вясну і лета 2023

«Шанэль» і Apple Watch за $17 000. Што носяць беларускія чыноўніцы ВІДЭА

Клас
29
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
5