Пасадкі бульбы

Яшчэ «за савецкім часам» на прысядзібным участку бульба садзілася тады, калі можна было «ўзяць» каня. Ішлі ці да суседа, які яго меў, ці ў калгасную канюшню. Плуг звычайна быў у кожнай хаце яшчэ з «дакалгасных» часоў. За некалькі дзён да пасадкі мужчыны даставалі з захоўвання бульбу і давалі ёй трохі прасушыцца. Напярэдадні пасадкі жанчыны яе перабіралі і рэзалі на некалькі частак. Прычым уважліва сачылі за тым, каб на кожнай з іх былі «вочкі».

Каня запрагалі — і пачыналася праца. Вядома, што не кожны конь з калгаснай канюшні быў добры і мог спакойна ісці. Звычайны адзін чалавек яго вадзіў, а другі стаяў за плугам. Уменне ісці за плугам было адным з асноўных навыкаў, па якім ацэньвалі гаспадара. Менавіта ў час пасадкі бульбы старэйшыя дазвалялі падлеткам патрымаць у руках плуг, вучылі, як з ім упраўляцца, каб выйшла роўная паласа, і пры гэтым плуг не зайшоў глыбока ў зямлю.

Жанчыны ж вучылі дзяцей правільна класці бульбу ў баразну: абавязкова разрэзам уніз, на адлегласці прыкладна адной ступні дарослага, і не занадта глыбока. Парады адрозніваліся ў залежнасці ад якасці насення і зямлі.

У больш познія часы замест каня сталі выкарыстоўваць бульбасаджалкі. У такім выпадку трэба было чакаць, «пакуль не пасадзіць калгас». Таму і пасадка на «сотках» адбывалася ў канцы мая — на пачатку чэрвеня.

Цяпер жа на сялянскіх падворках з'явіліся ўласныя трактары ці мотаблокі, што дазваляе самім вырашыць, калі лепш садзіць.

Як падрыхтаваць бульбу да пасадкі

Падрыхтоўка да веснавой пасадкі пачыналася ў перыяд збору ўраджаю. Здаўна беларусы асобна засыпалі на захоўванне бульбу для спажывання і бульбу «на насенне». На насенне закладалі невялікія, не большыя за курынае яйка, клубні. Сачылі, каб яны не былі пашкоджаныя і хворыя.

На вясну «насенную» бульбу даставалі са сховішча і перабіралі яшчэ раз. Звычайна, гэта рабілі за тыдзень да пасадкі. Перабраную бульбу прагравалі пры пакаёвай тэмпературы. За гэты час на ёй утвараліся маленькія парасткі.

Некаторыя гаспадары вытрымліваюць бульбу на паверхні на працягу чатырох тыдняў пры тэмпературы ад 4 да 16 градусаў. Гэты падыход добры, калі бульба пры захоўванні ўжо пачала прарастаць у цёплым падвале.

Калі садзіць бульбу

У кожнай мясцовасці былі свае прыкметы. Можна пачуць ад старажылаў, што бульбу трэба садзіць не раней за з'яўленне першых лісткоў на бярозе. Іншыя гаспадары скажуць, што трэба дачакацца, пакуль зацвіце вішня ці чаромха. Трэція дададуць, што трэба яшчэ дачакацца поўні, што забяспечыць багаты ўраджай.

У любым выпадку, не варта імкнуцца пасадзіць бульбу ў першыя цёплыя дні красавіка, калі, як здараецца, тэмпература «б'е рэкорды». Замаразкі абавязкова вернуцца, што адаб'ецца на ўраджаі.

Спецыялісты раяць дачакацца таго часу, калі глеба прагрэецца да 7-10 градусаў, а тэмпература паветра стабільна будзе трымацца ўдзень на адзнацы каля 15 градусаў. Такі тэмпературны рэжым у Беларусі звычайна ўсталёўваецца ў другой дэкадзе мая.

Якія гатункі выбраць

Для беларускага клімату лепш за ўсё падыдуць раннія, сярэдняраннія і сярэдняспелыя гатункі.

«Уладар»

Гэты гатунак беларускай селекцыі адносіцца да ранніх. Ад з'яўлення першых узыходаў да збору ўраджаю праходзіць 50-65 дзён. Ён добра расце на ўсіх тыпах глебаў. Ураджайнасць «уладара» — ад 130 да 350 цэнтнераў з гектара. Клубні светла-жоўтыя.

Калі вам хочацца хутчэй пакаштаваць маладой бульбы, то збор можна пачаць на 45 дзень. У такім выпадку ўраджайнасць будзе 70-160 цэнтнераў з гектара. «Уладар» мае высокую лёжкасць (94%), устойлівы да хваробаў (у тым ліку фітафторы), але не да чорнай паршы.

Таксама гэты гатунак першым прываблівае да сябе каларадскага жука. Спецыялісты адзначаюць добрыя і высокія смакавыя якасці «ўладара». Ён слаба разварваецца, добра падыходзіць для смажання і прыгатавання чыпсаў.

«Брыз»

Гэта сярэднеранні гатунак беларускай селекцыі. Ад пасадкі да збору ўраджаю праходзіць 70-80 дзён. Добра расце на ўсіх тыпах глебы. Ураджайнасць складае ад 160 да 395 цэнтнераў з гектара. Вельмі высокая лёжкасць (97%). «Брыз» сярэднеўстойлівы да фітафторы і паршы, але слабаўстойлівы да нематоды.

Калі вы хочаце зарабіць на продажы бульбы, то «брыз» ідэальна для гэтага падыходзіць. Ён лёгка паддаецца сухой чыстцы ці мыццю. А клубні маюць прыгожы «таварны» выгляд.

Бульба гэтага гатунку слаба разварваецца, мае добрыя смакавыя якасці, падыходзіць для прыгатавання пюрэ і проста адварвання.

«Скарб»

Як адзначаюць спецыялісты, на гэты сярэдняспелы гатунак беларускай селекцыі прыпадае да 30% ўсіх пасадак. Ён заваяваў папулярнасць дзякуючы ўстойлівасці да хваробаў. У той жа час, ён не можа супрацьстаяць фітафторы. Бульба гэтага гатунку добра захоўваецца.

Перад пасадкай спецыялісты рэкамендуюць на працягу 2-3 тыдняў прагрэць клубні. Узыходзіць «скарб» павольна і няроўна. Цвіце таксама не дружна. Ураджайнасць гатунку — ад 250 да 410 цэнтнераў з гектара.

Скарб расце на любых глебах, але найлепшы ўраджай дае на пясчаных і супясчаных. На кусце звычайна ад 10 да 14 штук клубняў вагою ад 90 да 140 грамаў. Бульба гэтага гатунку не разварваецца. Аднак «скарб» мае сярэднія смакавыя якасці. Таксама, як адзначаюць агароднікі, пачынаючы з трэцяй рэпрадукцыі, ураджайнасць моцна зніжаецца.

«Журавінка»

Гэты гатунак адносіцца да сярэднепозніх. Ён таксама беларускай селекцыі і адметны сваёй чырвонай лупінаю. Пад адным кустом звычайна да 25 бульбін. Маса адной — ад 90 да 140 грамаў. Ураджайнасць — да 240 цэнтнераў з гектара. Гатунак вызначаецца высокай лёжкасцю (93%) і выдатнымі смакавымі якасцямі. Добра разварваецца.

Агароднікі сцвярджаюць, што «журавінка» ідэальна падыходзіць для прыгатавання дранікаў. Гатунак устойлівы да хваробаў. Істотны мінус — патрабавальнасць да вільготнасці глебы. У засушлівае лета клубні гэтага гатунку будуць дробнымі.

Чытайце яшчэ:

Як хутка зварыць бульбу? Гэты спосаб вам спадабаецца

Абразаеце сад? Не спяшайцеся выкідаць галінкі дрэваў і кустоў

Дрожджы дапамогуць павысіць ураджайнасць і захаваць ураджай

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
8