Касцёл Святой Веранікі і кляштар бернардзінцаў былі збудаваныя ў 1726 годзе ў стылі барока

Касцёл Святой Веранікі і кляштар бернардзінцаў былі збудаваныя ў 1726 годзе ў стылі барока

Пісьменнік Васіль Быкаў, які нарадзіўся ў суседніх Бычках, у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому» так згадвае Селішчы:

«За лесам (параснікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка — Селішчы. То ўжо быў каталіцкі цэнтр рэгіёна — з вялікім касцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белаю бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелі хвоі на каталіцкіх могілках з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. У сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, не ведаю чаму».

Архітэктар з Габсбургскай імперыі

Кляштар бернардзінцаў у вёсцы Селішча заснаваны ў 1674 годзе харунжым вялікім літоўскім Жыгімонтам Адамам Слушкам. Гэты военачальнік памёр у канцы таго ж года, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў.

У 1726 годзе на ахвяраванні падчашага полацкага Яна Рагозы, полацкага падсудка Іасафата Антонія Сялявы і яго жонкі Элеаноры (з Коцелаў) быў пабудаваны драўляны касцёл. А праз два гады пачалі ўзводзіць «аграмадныя» паводле інвентара мураваныя кляштар і касцёл Святой Веранікі, будаўніцтва якіх працягвалася да пачатку XIX стагоддзя.

Выгляд касцёла на карце бернардзінскіх манастыроў. Гірш Ляйбовіч, 1760-я. Фота: Wikimedia Commons

Выгляд касцёла на карце бернардзінскіх манастыроў. Гірш Ляйбовіч, 1760-я. Фота: Wikimedia Commons

Гэта, дарэчы, адзіны касцёл Святой Веранікі ў Беларусі.

Толькі ў 2021 годзе польскі даследчык Войцех Баберскі ў сваім артыкуле ўпершыню назваў імя архітэктара селішчанскага касцёла, знойдзенае ім у Нацыянальным архіве ў Кракаве.

Архітэктар Абрагам Вюрцнер паходзіў з імперыі Габсбургаў, адкуль перабраўся ў Вільню, стаўшы адным з пачынальнікаў віленскага барока.

Па яго праектах будуецца храм у суседніх з Селішчам Кублічах, а таксама касцёлы кармелітаў босых у Глыбокім ды піяраў у Лужках. Праўдападобна, што ён быў аўтарам або меў уплыў на праекты касцёлаў дамініканцаў і бернардзінцаў у Мінску і палаца Радзівілаў у Дзятлаве.

Праекты, да якіх спрычыніўся архітэктар Абрагам Вюрцнер

Праекты, да якіх спрычыніўся архітэктар Абрагам Вюрцнер

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў у касцёл Святой Веранікі перанеслі начынне з касцёла Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў суседняй вёсцы Кублічы і касцёла Святога Гераніма ва Ушачах, якія адабралі ў каталікоў і перадалі праваслаўным. Такім чынам, касцёл Святой Веранікі стаў рэлігійным цэнтрам для трох былых парафій, а колькасць вернікаў да канца ХІХ стагоддзя дасягнула трох з паловай тысяч.

Аднак і ў самім Селішчы царскія ўлады ў 1868 годзе закрылі парафіяльную школу.

У 1919 годзе, у час савецка-польскай вайны, Селішча было на нейкі час занята польскім войскам, аднак пасля майскага наступлення ў 1920-м трапіла пад кантроль Саветаў і засталося пад імі па ўмовах Рыжскага міру.

У канцы 1920-х гадоў бальшавікі арыштавалі апошняга ксяндза. У 1930-я гады вёска апынулася ў прыгранічнай зоне з «панскай Польшчай», праз што парафіяне-каталікі сталі ахвярамі рэпрэсій, ператварыўшыся для карных савецкіх органаў у «агентаў польскай разведкі».

Апошні раз набажэнствы ў касцёле служылі, падобна, у ліпені 1941 года, калі сюды прыязджаў ксёндз з суседняй парафіі Бабруйшчына (цяпер Глыбоцкі раён). Але аднаўленне рэлігійнага жыцця зрабілі немагчымым нацысты, якія былі не зацікаўленыя ў аднаўленні каталіцкага ўплыву на акупаванай тэрыторыі Беларусі. 

У час Другой сусветнай вайны быў разбураны дах і верх вежаў. З таго часу касцёл заставаўся закінутым і паступова разбураўся.

Пасля падзей першай паловы XX стагоддзя мясцовая каталіцкая супольнасць стала надзвычай малалікай. У пачатку 1990-х вернікі наладзілі набажэнствы ў вясковай хаце, нават не спадзяваючыся сваімі малымі сіламі аднавіць занядбаную святыню. 

Від кляштара з дрона. Фота: google.com

Від кляштара з дрона. Фота: google.com

Касцёл Святой Веранікі мусіў стаць адной з лакацый для здымкі «Беларусьфільмам» новай экранізацыі «Чорнага замка Альшанскага» па знакамітым рамане Уладзіміра Караткевіча.

І хоць касцёл уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння (2-я катэгорыя), такі высокі статус ніяк не паспрыяў спыненню яго далейшага разбурэння.

«У сельсавеце не ведаюць, што рабіць»

Ва Ушацкім райвыканкаме кажуць, што помнік архітэктуры не быў закансерваваны, але ўваход у будынак, які знаходзіўся ў аварыйным стане, быў абмежаваны. Аднак на шматлікіх фотаздымках бачна, што доступ у руіны былога кляштара адкрыты. 

Кляштар пасля абрынання. Фота: канал «Заброшенная Беларусь»

Кляштар пасля абрынання. Фота: канал «Заброшенная Беларусь»

Чыноўнікі з выканкама не згаджаюцца, што да кансервацыі будынка былой святыні ў іх «не дайшлі рукі». Яны даводзяць, што згодна з Кодэксам аб культуры ўласнікам з'яўляецца землекарыстальнік, а гэта Кубліцкі сельсавет, які, як вынікае, абавязаны сачыць за захаваннем аб’екта культурнай спадчыны.

Як удалося высветліць, помнік архітэктуры ў Селішчы збіраліся закансерваваць, але перадумалі, калі падлічылі, колькі на такія работы спатрэбіцца сродкаў. 

Адзін з прадпрымальнікаў, які хацеў дапамагчы мясцовай уладзе ратаваць помнік, расказвае, што ў сельсавеце не ведаюць, што рабіць з былымі святынямі, бо не маюць сродкаў на захаванне аб’екта ў належным стане. Цяпер там заклапочаныя, за што ўзвесці агароджу вакол пабудоў, каб закрыць да іх доступ. 

Фота: канал «Заброшенная Беларусь»

Фота: канал «Заброшенная Беларусь»

Але ж праблема палягае не ў наведванні аб’екта турыстамі, якія звычайна дадатковай шкоды руінам нанесці ўжо не могуць, а ў прыродных фактарах, ад якіх руіны ніяк не абароненыя.

Паводле артыкула 75 Кодэкса аб культуры землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчаная нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, абавязаны забяспечваць яе захаванасць, а ў выпадку, калі яна ўтрымліваецца безгаспадарча, можа быць адабраны сам зямельны ўчастак. Ці распачне райвыканкам справу супраць сельсавета з мэтай адабраць зямельны ўчастак з помнікам архітэктуры, каб нарэшце заняцца яго кансервацыяй — пытанне рытарычнае.

У самім Селішчы, дзе стаіць былы кляштар з касцёлам Святой Веранікі, кажуць, што гэтыя будынкі даўно ў заняпадзе. Каб яны не зарасталі быльнягом, пляцоўку вакол выкошваюць. На сценах павырасталі дрэвы, якія каранямі іх разбураюць. 

Мясцовыя каталікі кажуць, што шмат год таму звярталіся да дзяржавы, на балансе якой стаяць былыя іх святыні, з пытаннем аб іх кансервацыі, але ўцямнага адказу не атрымалі.

«Ад касцёла і кляштара засталася адна назва», — уздыхае адна з вясковак. 

Як разбураліся іншыя закінутыя помнікі

Выпадак у Селішчы не адзінкавы ў Беларусі. Летась разбурылася частка касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зембіне Мінскай вобласці, які таксама меў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і гадамі стаяў закінуты.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зембіне. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зембіне. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Абурэнне грамадскасці выклікалі і наступныя рашэнні па кансервацыі будынка, якія прадугледжвалі разборку найбольш выразнай часткі помніка, франтона, да ўзроўню карніза. Меркавалася, што разборка будзе ручной. Але кутнюю частку касцёла, якая абрынулася, чамусьці, праўда, разбіралі не рукамі, а экскаватарам. 

Нават маючы добрыя намеры, можна нашкодзіць помніку. Так адбылося з езуіцкім касцёлам у Мсціславе Магілёўскай вобласці. Вялая рэстаўрацыя касцёла Святога Міхаіла Архангела вялася з пачатку 2000-х гадоў, паспелі адбудаваць адну з вежаў і накрыць руіну дахам, каб абараніць ад ападкаў. Апошняе, урэшце, і стала прычынай трагедыі. У 2018 годзе аслабленыя канструкцыі сцен не вытрымалі вагі даху і абрынуліся.

Касцёл у Мсціславе ў час кансервацыі. Дэмантаваны, калі абрынуліся ўсе нетрывалыя канструкцыі, у выніку чаго апсідная частка касцёла перастала быць злучанай з фасаднай. Фота: Mspring.media

Касцёл у Мсціславе ў час кансервацыі. Дэмантаваны, калі абрынуліся ўсе нетрывалыя канструкцыі, у выніку чаго апсідная частка касцёла перастала быць злучанай з фасаднай. Фота: Mspring.media

У выніку выратавальных работ спецыялісты былі вымушаныя разбурыць яшчэ большую частку сцен, апор і скляпенняў — фасадная частка касцёла была фактычна адрэзаная ад апсіднай. Страты былі вымураваныя наноў, а касцёл накрыты больш лёгкім дахам, але палова помніка была незваротна страчаная за адзін год.

Так Беларусь страчвае помнікі архітэктуры, якія маглі б стаць эстэтычнымі дамінантамі сваіх раёнаў і якім пры ўмелым гаспадаранні можна знайсці добры ўжытак. 

Чытайце таксама:

У Вілейскім раёне разбіраюць стогадовую агароджу драўлянай царквы. Новая агароджа да старой нават не будзе падобная

Крыж-помнік Вацлаву Ластоўскаму ў Курапатах ізноў апаганілі ФОТЫ 

Вярнулі ахоўную шыльду на месца, дзе некалі стаяў мінскі касцёл святога Тамаша Аквінскага

«Гэта быў чалавек тыпу Хокінга, якога перспектыва рана памерці змусіла зразумець, наколькі ж жыццё вартае таго, каб яго пражыць». Кім быў і як жыў Мікола Ермаловіч

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
30
Абуральна
16