доктар

Фота: pixabay

Да красавіка ў Нідэрландах дзіцячая эўтаназія была магчымай у рэдкіх выпадках для дзяцей малодшага ўзросту (да года) і некаторых падлеткаў старэйшага ўзросту. Дагэтуль жа адзінай краінай у свеце, дзе была дазволеная такога роду медычная дапамога для дзяцей да 12 гадоў, была Бельгія. 

У 2014 годзе Бельгія адмяніла ніжні ўзроставы цэнз для доступу да добраахвотнай эўтаназіі. Гэта азначае, што тэарэтычна бельгійскія дзеці ва ўзросце да 12 гадоў могуць запытваць падобную дапамогу ў строга абмежаваных абставінах, у тым ліку калі яны пакутуюць ад невылечнай хваробы, адчуваюць моцны боль, які немагчыма палегчыць, могуць разумець свае абставіны і пры гэтым іх бацькі згодныя. Прычым гэта не распаўсюджваецца на дзяцей, якія занадта малыя або вельмі хворыя, каб самастойна прымаць рашэнні.

Што тычыцца Нідэрландаў, то яшчэ ў 2005 годзе тамтэйшыя лекары і юрыдычныя эксперты апублікавалі рэкамендацыі (так званы «Гронінгенскі пратакол»), якія ўдакладняюць выключныя абставіны адносна дзяцей ва ўзросце да аднаго года: гэта ўпэўненасць у дыягназе і прагнозе, «безнадзейныя і невыносныя пакуты», згода абаіх бацькоў і мэтазгоднасць, пацверджаная незалежным лекарам.

Новыя нідэрландскія правілы дазволяць ужываць тыя ж прынцыпы да дзяцей ва ўзросце ад ад 1 да 12 гадоў. Такім чынам, у адпаведнасці з прапановай актыўнае спыненне жыцця дзіцяці ва ўзросце да 12 гадоў у Нідэрландах па-ранейшаму застанецца супрацьзаконным, аднак палажэнне аб форс-мажорных абставінах дае пракуратуры права не прыцягваць доктара да судовай адказнасці ў выключных выпадках.

The Conversation распавядае, што з моманту прыняцця бельгійскага закона было зарэгістравана толькі чатыры выпадкі дапамогі пры смерці непаўналетніх (ва ўзросце да 18 гадоў). У нідэрландскім жа даследаванні, праведзеным па замове Міністэрства аховы здароўя Нідэрландаў і апублікаваным у 2019 годзе, выказвалася меркаванне, што права на такую ​​магчымасць можа мець ад пяці да дзесяці дзяцей штогод у Нідэрландах.

Само сабой, не спыняюцца і этычныя дэбаты вакол такой тонкай тэмы. Крытыкі, у прыватнасці, сцвярджаюць, што такія меры прывядуць да значна большай колькасці праблемных выпадкаў. Аднак справаздачы з Нідэрландаў паказваюць, што з цягам часу, наадварот, адбылося іх значнае скарачэнне, а не павелічэнне. Так, па словах міністра аховы здароўя Нідэрландаў, з 2007 года было зарэгістравана толькі два выпадкі ў адносінах да дзяцей ва ўзросце да года.

Пакуль у большасці краін варыянт эўтаназіі незаконны, нават калі і бацькі, і дактары мяркуюць, што гэта было б найбольш проста і добра для смяротна хворага дзіцяці, праціўнікі і прыхільнікі могуць сысціся, бадай што, у адным — у спадзяванні, што ў найбліжэйшай будучыні падобныя меры будуць патрэбныя надзвычай рэдка ці стануць непатрэбныя зусім.

Чытайце таксама: 

Наватарскае навуковае адкрыццё паказвае, што мы можам павярнуць смерць назад, прынамсі для жывёл

Людзі і іх хатнія гадаванцы могуць перадаваць адно аднаму супербактэрыі, якія маюць устойлівасць да лекаў

Як мяняецца чалавек з хваробай Альцгеймера? Нейрабіёлаг: Як быццам хтосьці перанёс яго ў чужы свет

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
14
Абуральна
10