Выява: скрыншот з YouTube

Выява: скрыншот з YouTube

У неўралогіі існуе тэрмін «увасабленне» канечнасці (embodiment of a limb), які азначае здольнасць чалавечага мозгу прымаць пратэз і лічыць яго часткай свайго цела. Навуковыя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў паказалі, што насамрэч даволі лёгка падмануць наш мозг і прымусіць яго думаць, што штучныя канечнасці — гэта частка нашага цела. Мозг вельмі адаптыўны і гнуткі адносна таго, што ён вызначае і прымае як наша цела.

Гэтая гнуткасць вельмі карысная, таму што чалавечае цела змяняецца па меры росту і старэння. Фізічныя змены таксама могуць быць выкліканыя няшчаснымі выпадкамі або паралічам, да якога людзі патэнцыйна здольныя прыстасавацца.

У новым даследаванні рэакцыі арганізма на дадатковыя канечнасці навукоўцы цікавіліся межамі гэтага прыняцця: ці можна дадаць чалавеку новыя элементы і ці зможам мы адчуваць гэтыя новыя часткі так, быццам яны неад’емная частка нашага цела?

Ва ўсіх папярэдніх падобных даследаваннях рух дададзенай часткі ажыццяўляўся з дапамогай тактыльнай зваротнай сувязі ўжо наяўных частак цела, тлумачыць The Conversation. Цяпер жа навукоўцы паспрабавалі высветліць, ці можа наш мозг прыняць сапраўды аўтаномную дадатковую частку цела, якую можна перамяшчаць незалежна ад любой іншай часткі.

Даследчыкі на чале з прафесарам Ёіці Міявакі (Yoichi Miyawaki) з University of Electro-Communications у Токіа распрацавалі рабатызаваны «шосты палец», які можна дадаваць да сваіх пяці. Мала таго, што карыстальнік можа кіраваць ім незалежна ад іншых пальцаў, дык ён яшчэ і абсталяваны тактыльным датчыкам (то-бок датчыкам дакранання), які дазваляе адчуваць тое, што адчуваў бы сапраўдны палец.

Чалавек можа карыстацца гэтым цудам інжынернай думкі з мінімальнай падрыхтоўкай: для большасці людзей яна зойме менш за гадзіну. Вывучэнне рэакцыі арганізма на новыя пальцы важна сярод іншага і таму, што падобныя працэсы адбываюцца, калі арганізму цяжка прыняць пратэз.

Выявілася, што змены ва ўспрыманні асабістага цела адбываюцца вельмі хутка. У прыватнасці, удзельнікаў даследавання прасілі дакрануцца да намаляванай лініі мезенцам, пры гэтым не гледзячы на ​​свае пальцы. У выніку людзі сталі няўпэўненымі ў месцазнаходжанні ўласнага мезенца ў прасторы.

Цяпер даследчыкі непасрэдна вывучаюць змяненні ў мазгавой актыўнасці карыстальнікаў з дапамогай МРТ, назіраючы, якія зоны мозга актывуюцца, калі карыстальнік рухае штучным пальцам.

Пакуль жа аўтары робяць пазітыўную выснову для будучыні ў галіне ўдасканалення ўласнага цела і распрацоўкі штучных канечнасцяў, якія можна будзе выкарыстоўваць у самых разнастайных справах: ад хутчэйшага набору на клавіятуры і ўтрымання большай колькасці прадметаў да новых магчымасцяў для хірургаў і вынаходніцтва новых тэхнік іграння на гітары.

Чытайце таксама:

Праграміст ператварыў сваё цела ў клавіятуру

Навукоўцы стварылі біяпрынтар з Lego, на якім можна надрукаваць чалавечую скуру

Папугаяў навучылі карыстацца зумам, і яны перасталі пачувацца самотна

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1