«Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у Плешчаніцах, выкарыстоўваючы бензін і дызельнае паліва, мужчына падпаліў аўтамабіль Opel Vectra «з помсты за выкананне службовых абавязкаў начальнікам аддзялення ДАІ міліцыі грамадкай бяспекі АУС Лагойскага райвыканкама адказнасці», — паведаміла прэс-служба суда.
Матэрыяльны ўрон ацанілі ў 17 885,88 рубля.
Жыхара Лагойскага раёна абвінавацілі ў наўмысным знішчэнні чужой маёмасці, учыненым агульнанебяспечным спосабам, што прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры (ч. 2 арт. 218 КК Беларусі). Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд пастанавіў спагнаць з яго кампенсацыю матэрыяльнага ўрону (15 551,88 рубля), а таксама кампенсацыю маральнай шкоды (5000 рублёў).
Здарэнне адбылося 24 студзеня: у двары шматкватэрнага дома ў Плешчаніцах згарэў аўтамабіль начальніка раённай ДАІ Аляксея Трапезнікава.
Першапачатковай версіяй здарэння было кароткае замыканне электраправодкі, але падчас следча-аператыўных мерапрыемстваў высветлілі, што машыну падпалілі. Праз час сілавікі затрымалі 31-гадовага мужчыну, якога летась у лістападзе пазбавілі права кіравання за язду на аўтамабілі ў стане апʼянення. Рашэнне па яго справе выносіў менавіта Трапезнікаў.





