На пачатку года старшыня Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў распачаць крымінальную справу ў дачыненні да акцёра Артура Смальянінава.
«У інтэрв'ю аднаму з заходніх выданняў Смальянінаў зрабіў шэраг заяў, накіраваных супраць Расіі», — казаў Бастрыкін.
Смальянінаў — вядомы расійскі акцёр, папулярнасць яму прынесла роля Лютага ў фільме «9-я рота» (2005 год) Фёдара Бандарчука. Ён пакінуў Расію і выступіў супраць уварвання ва Украіну.
Смальянінаў у студзені ў інтэрв'ю «Новой газете Еўропа» заявіў, што калі б удзельнічаў у вайне, то на баку Украіны. На пытанне журналіста, ці не выключае магчымасці «пайсці ваяваць за Украіну», акцёр даслоўна адказаў так: «Безумоўна, вядома. Яшчэ раз, эмацыйна гэта менавіта так для мяне. Толькі так. Калі б я і пайшоў на гэтую вайну, то менавіта на баку Украіны». Акрамя таго, у відэаінтэрв'ю ён вымавіў такія словы: «Мне, шчыра кажучы, напляваць, у якой форме застанецца Расія. Разваліцца яна, не разваліцца…»
Інтэрв'ю выклікала рэзананс. Расійскія палітыкі патрабавалі пакараць Смальянінава.





