Новы знак на гары Дзяржынскай. Фота: «Мінская праўда»

Новы знак на гары Дзяржынскай. Фота: «Мінская праўда»

Знак адкрылі 12 мая, напярэдадні Дня дзяржаўнага сцяга, герба і гімна. Гэты дзень адзначаецца штогод у другую нядзелю мая і прымеркаваны да праведзенага 14 мая 1995 года Лукашэнкам рэферэндуму, паводле вынікаў якога бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на ранейшыя сімвалы савецкай Беларусі.

Вышыня Дзяржынскай гары над узроўнем мора складае 345 м, а над узроўнем найбліжэйшых рэк (то-бок адносная вышыня) — 40—50 м. Формы рэльефу, адносная вышыня якіх не перавышае 200 метраў, лічацца пагоркамі.

Першапачаткова пагорак быў вядомы пад досыць распаўсюджанай у Беларусі назвай — Святая гара. У 1958 годзе бальшавікі перайменавалі яе ў гонар новага ідала — Фелікса Дзяржынскага, мясцовага ўраджэнца і аднаго з арганізатараў «чырвонага тэрору». Горад Койданава і Койданаўскі раён былі перайменаваныя ў яго гонар у 1932 годзе.

Ранейшы выгляд найвышэйшага пункта на гары Дзяржынскай. Фота: Wikimedia Commons

Ранейшы выгляд найвышэйшага пункта на гары Дзяржынскай. Фота: Wikimedia Commons

Камень, пастаўлены на гары ў канцы 1990-х гадоў. Фота: Wikimedia Commons

Камень, пастаўлены на гары ў канцы 1990-х гадоў. Фота: Wikimedia Commons

У канцы 1990-х гадоў на гары была пастаўленая гранітная пліта з надпісам на беларускай мове: «Гара Дзяржынская. Вышэйшая кропка Беларусі. Вышыня 345 метраў над узроўнем мора». Цяпер жа на месцы каменя з’явілася металічная канструкцыя ў выглядзе стэлы на пірамідальным пастаменце, увянчаная закручаным нібы свердзел чырвона-зялёным сцягам. 

На новым помніку надпіс скарацілі, выкінуўшы назву гары, замест яе — патрыятызм: «Сцяг Радзімы. 345 м. Вышэйшая кропка Беларусі». Надпіс скарацілі, але памылкі не выправілі.

Па-беларуску «кропка» — гэта заўсёды нешта графічнае, напрыклад, знак прыпынку ці проста крапінка, а пэўнае месца ў прасторы — гэта «пункт». «Вышэйшы» ў беларускай мове выкарыстоўваецца для абазначэння нечага галоўнага (вышэйшае камандаванне) або нечага, што ідзе наступным за сярэднім (вышэйшая адукацыя), а ў значэнні «самы высокі» выкарыстоўваецца найвышэйшая ступень параўнання — «найвышэйшы». 

Надпіс на знаку з дзвюма памылкамі. Фота: «Мінская праўда»

Надпіс на знаку з дзвюма памылкамі. Фота: «Мінская праўда»

Аўтарамі знака сталі мінскі архітэктар Армэн Сардараў і фаніпальскі майстар па метале Уладзімір Канонік. Фундатарам выступіла прадпрыемства «Беларуснафта-Мінаблнафтапрадукт» — менавіта гэты факт дазволіў стваральнікам абысці неабходнасць правядзення конкурсу эскізных праектаў, які з’яўляецца абавязковым пры фінансаванні з дзяржаўных крыніц. 

Мы распыталі некаторых адмыслоўцаў у архітэктуры і дызайне, каб даведацца, што яны думаюць пра новы знак.

Усе яны адзначылі нізкую якасць выканання і адсутнасць мастацкага густу, што не пакінула б гэтаму знаку ніякіх шанцаў пры правядзенні адкрытага конкурсу. Кідаецца ў вочы літаральна ўсё: і металічныя лісты, стыкі якіх заробленыя звычайнымі вугалкамі, і аб’ёмы, якія дрэнна гармануюць паміж сабой, і нават абы як прымайстраваныя літары. Адмыслоўцы аднагалосныя ў тым, што падобныя нізкасортныя аб’екты — фірмовая картка Армэна Сардарава, які з’яўляецца доктарам архітэктуры і дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ. Гэтую пасаду Сардараў займае ўжо 16 гадоў — у разы даўжэй за ўсіх яго папярэднікаў.

З розных крыніц мы таксама атрымалі інфармацыю пра тое, што дэкан, верагодна, выкарыстоўвае макетную майстэрню, створаную пры факультэце, у сваіх інтарэсах: студэнты за невялікую аплату і залікі выконваюць атрыманыя заказы. У навінах гэтая пляцоўка згадваецца з 2009 года ў сувязі з атрыманнем чарговых дзяржаўных ці ўніверсітэцкіх грантаў.

А што ў суседніх краінах Балтыі, такіх жа раўнінных, як Беларусь?

Найвышэйшы пункт Літвы — гара Аўкштояс, вышыня якой ад узроўню мора складае 293,84 м, знаходзіцца ў Медніках, літаральна за два кіламетры ад мяжы з Беларуссю. Але найвышэйшай афіцыйна яна была не заўсёды. Раней найвышэйшым пунктам краіны лічылася суседняя Юзафова гара, але ў 1985 годзе літоўскі географ Рымантас Крупіцкас выказаў здагадку, што такой варта лічыць суседнюю Высокую гару. Гэта ўдалося пацвердзіць толькі праз 19 гадоў, калі вызначылі, што Юзафова гара на метр ніжэйшая (292,7 м) за Высокую. У 2005 годзе новаму найвышэйшаму пункту нададзенае імя вярхоўнага бога балтаў Аўкштояса (больш вядомага пад імем Дзіевас). Гэта і зразумела, бо горы здаўна лічыліся продкамі розных народаў сакральнымі месцамі. Геадэзічны пункт на вяршыні аформлены ў выглядзе латуннага знака ў коле з чатырох выразаных у камені змей — сімвала балцкага язычніцтва. Маецца таксама валун з назвай гары і кампазіцыя з галовамі коней, арыентаванымі ў розныя бакі свету.

Знак на гары Аўкштояс у Літве, які паказвае кірункі свету. Фота: Wikimedia Commons

Знак на гары Аўкштояс у Літве, які паказвае кірункі свету. Фота: Wikimedia Commons

Але галоўным месцам прыцягнення наведвальнікаў з’яўляецца назіральная пляцоўка, узведзеная з дрэва ў выглядзе абарончай вежы. 

Назіральная пляцоўка ў выглядзе вежы. Фота: Wikimedia Commons

Назіральная пляцоўка ў выглядзе вежы. Фота: Wikimedia Commons

Трохі вышэйшай з'яўляецца латвійская гара Гайзінькалнс на Відземскім узвышшы — яе абсалютная вышыня складае 311,94 м. На ёй размешчаны адзін з геадэзічных пунктаў Дугі Струвэ. Вакол гары маецца некалькі гарналыжных баз, а адзін са спускаў арганізаваны непасрэдна з яе вяршыні. У 1978 годзе на Гайзінькалнсе пачалося будаўніцтва 45-метровай назіральнай пляцоўкі, але вежа засталася недабудаванай і ў 2012 годзе яе знеслі метадам падрыву. Цяпер на вяршыні акрамя флагштока знаходзіцца канструкцыя вышынёй у пару метраў, якая па архітэктуры нагадвае ўзарваную вежу і змяшчае надпіс з назвай пункта і яго вышынёй. 

Знак і флагшток на вяршыні гары Гайзінькалнс. Фота: Wikimedia Commons

Знак і флагшток на вяршыні гары Гайзінькалнс. Фота: Wikimedia Commons

Найвышэйшы ж пункт краін Балтыі знаходзіцца на тэрыторыі Эстоніі. Вышыня гары Суўр-Мунамягі над узроўнем мора складае 318 м. Яшчэ з пачатку XIX стагоддзя на ёй будаваліся аглядальныя вежы. На пачатку XX стагоддзя, калі Эстонія нарэшце здабыла незалежнасць, тут была пабудаваная спачатку драўляная 17-метровая вежа, а ў 1939 годзе пачалі ўзводзіць канструктывісцкую вежу з жалезабетону, вышыня якой склала 25,7 м. Вежа так і не была афіцыйна адкрытая праз пачатак Другой сусветнай вайны.Толькі ў 1955 годзе закінутае збудаванне было мадэрнізаванае і адрамантаванае. У 1969 годзе вежу надбудавалі яшчэ на адзін паверх, у выніку чаго яе вышыня дасягнула 29,1 метра. Радыус агляду з яе складае аж 50 кіламетраў. У наш час для зручнасці турыстаў зробленыя пад’езды, уладкаваны ліфт і адкрыты рэстаран.

Вежа на гары Суўр-Мунамягі — помнік архітэктуры міжваеннага канструктывізму. Фота: Wikimedia Commons

Вежа на гары Суўр-Мунамягі — помнік архітэктуры міжваеннага канструктывізму. Фота: Wikimedia Commons

На найвышэйшым пункце Беларусі акрамя новага знака сумнеўнай мастацкай вартасці можна пабачыць хіба што машынны двор мясцовага калгаса, чыя агароджа ўшчыльную падступае да знака. А з вежы з радыусам агляду прынамсі як у Эстоніі перад турыстамі адкрываліся б панарамы Мінска, Налібоцкай пушчы і іншых мясцовасцей ад Маладзечна да Стоўбцаў.

Чытайце таксама:

18 мая ў Заслаўі адкрываецца «Музей беларускай маляванкі»

Стэчкі — дзіўныя камяні на балканскіх палях

«Нават цяжка згадаць, дзе ўся паездка па краіне была такой суцэльна добразычлівай». Беларус здолеў павандраваць па Сірыі і поўны ўражанняў ШМАТ ФОТАЎ

Клас
21
Панылы сорам
41
Ха-ха
42
Ого
5
Сумна
16
Абуральна
43