Закон моцы не набыў, а інфармацыю ўжо збіраюць

Згодна з абноўленай рэдакцыяй закона «Аб грамадзянстве», беларусы, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, ДНЖ ці іншы дакумент замежнай дзяржавы (напрыклад, карту паляка), які дае права на льготы і іншыя перавагі, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаны праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы.

Закон набывае моц 11 ліпеня.

Пры гэтым, як паказвае практыка, збіраць звесткі аб наяўнасці падобных дакументаў пачалі яшчэ летась. Паралельна з гэтым на дзяржаўных прадпрыемствах аказваюць ціск на ўладальнікаў карты паляка. Людзей прымушаюць адмовіцца ад яе, пагражаюць звальненнем.

Таксама пачынаючы з вясны бягучага года адзначаецца, што пагранічнікі пачалі ўсё часцей патрабаваць дазвол на жыхарства ці іншыя дакументы ў тых беларусаў, якія падаюць пашпарт без дзейнай візы пры выездзе ў ЕС. Хоць па законе для выезду за мяжу дастаткова мець толькі пашпарт. Выглядае, што ўлады рыхтуюцца да ўступлення ў сілу абноўленага закона.

А што, калі звесткі не падаваць?

Што можа чакаць тых, хто вырашыць прыхаваць факт наяўнасці падобных дакументаў, мы спыталі ў юрыстаў сэрвісу бясплатнай ананімнай юрыдычнай дапамогі Legal Hub.

Юрысты адзначаюць, што на сёння заканадаўствам не вызначаныя ні формы адпаведных паведамленняў, ні адказнасць за непаведамленне ў кампетэнтныя органы інфармацыі аб наяўнасці грамадзянства/дазволу на жыхарства і іншых дакументаў замежнай дзяржавы. 

Але гэта не азначае, што такія нормы не з'явяцца ў хуткім часе.

«Савет Міністраў да ўступлення ў сілу адпаведных змен упаўнаважаны прыняць меры, неабходныя для рэалізацыі новай рэдакцыі закона», — кажа спецыяліст.

Пры гэтым ён адзначае, што любыя акты, якія вызначаюць адказнасць, не могуць мець зваротнай сілы (ч. 2 п. 2 арт. 66 закона «Аб нарматыўных прававых актах»), а гэта значыць, што яны могуць прымяняцца толькі да тых парушэнняў, якія маюць месца пасля ўступлення ў сілу акта, які ўстанаўлівае такую адказнасць. Прынамсі, так мусіць быць згодна з агульнымі нормамі права. Як гэта будзе адбывацца на практыцы, пакуль дакладна невядома. 

Найбольш блізкім па змесце артыкулам Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях юрыст называе артыкул 24.11 (непрадстаўленне дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў).

«Але гэты артыкул устанаўлівае адказнасць службовых асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а не простых грамадзян. А закон «Аб нарматыўных прававых актах» (пункт 2 арт. 71) забараняе прыцягненне да адказнасці па аналогіі», — адзначае юрыст.

Таму спецыяліст мяркуе, што хутка разам з новымі патрабаваннямі з'явяцца і новыя нормы, якія будуць прадугледжваць адказнасць за іх невыкананне.

Тут беларускія ўлады могуць арыентавацца на досвед РФ, як яны ўжо неаднаразова рабілі.

«Тады падобныя парушэнні могуць пацягнуць адміністрацыйную адказнасць у выпадку несвоечасовага адпаведнага паведамлення або ўказання няпоўных звестак у ім (арт. 19.8.3 Кодэкса РФ аб адміністрацыйных правапарушэннях), а таксама крымінальную адказнасць у выпадку наўмыснага непрадстаўлення звестак (артыкул 330.2 КК РФ). Не выключана, што падобныя палажэнні будуць унесены і ў беларускае заканадаўства», — мяркуе правазнаўца.

Гаворачы пра абноўленую рэдакцыю закона, якая набывае моц ужо ў наступным месяцы, спецыяліст звяртае ўвагу і на арт. 11, які дапускае, што грамадзяне, якія маюць іншае грамадзянства альбо дазвол на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы могуць быць абмежаваныя ў правах і свабодах у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і заканадаўчымі актамі.

«Гэта можа стаць асновай для абмежавання грамадзян з двайным грамадзянствам, ДНЖ і іншымі дакументамі замежнай дзяржавы ў допуску да дзяржаўнай службы, назначэнні на пэўныя пасады і г. д. Такія прапановы ўжо гучалі ў беларускай грамадскай прасторы», — кажа юрыст.

Чытайце таксама: 

У тых, хто выязджае за мяжу без візы, пачалі патрабаваць паказваць ДНЖ. Што вядома

Супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка. Пры адмове пагражаюць звальненнем

Клас
41
Панылы сорам
53
Ха-ха
40
Ого
28
Сумна
40
Абуральна
255

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?