«Калі мы глядзім на цяперашні глабальны кантэкст, які ў значнай ступені вызначаецца нападам Расіі на Украіну, не павінна быць і не будзе ніякага адхілення ад нашых стратэгічных мэт, якія вызначаюць Чарнагорыю як частку еўраатлантычнай сям'і», — заявіў Мілатавіч у сваёй інаўгурацыйнай прамове.

Ён падкрэсліў, што прыярытэтам усіх прыярытэтаў ёсць паскарэнне шляху Чарнагорыі да паўнапраўнага сяброўства ў Еўрасаюзе.

«Я пачынаю свой пяцігадовы прэзідэнцкі тэрмін з вялікім жаданнем унесці паўнавартасны ўнёсак у далейшае дэмакратычнае развіццё краіны, яе інстытуцыйную стабілізацыю і эканамічны прагрэс. У рамках паўнамоцтваў, дадзеных мне Канстытуцыяй і законамі, я буду імкнуцца быць фактарам прымірэння і адзінства на карысць кожнага грамадзяніна і грамадства ў цэлым, але ў той жа час буду і карэктуючым фактарам, што накіроўвае грамадскія працэсы ў бок далейшай дэмакратызацыі дзяржавы», — адзначыў Мілатавіч.

Мілатавіч памяняе на прэзідэнцкай пасадзе 61-гадовага Міла Джуканавіча, які з невялікімі перапынкамі на розных пасадах кіраваў Чарнагорыяй больш за 30 гадоў, яшчэ з пачатку 1990-х гадоў. Падчас перадвыбарнай кампаніі Джуканавіч у сваёй прапагандзе ставіў пад пытанне здольнасць Мілатавіча прывесці Чарнагорыю ў ЕС і казаў, што ён можа быць падвергнуты ўплыву прасербскіх сіл — для маленькай краіны, якая толькі ў 2006 годзе стала незалежнай, гэта сур'ёзная праблема. Ці сапраўды прыход да ўлады Мілатавіча будзе азначаць большыя ўплывы ў Чарнагорыі Сербіі, а праз яе і пуцінскай Расіі — пакажа час.

Сярод іншага Якаў Мілатавіч пасля свайго заступлення на пасаду робіцца адным з самых маладых, калі не самым маладым з цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў у свеце.

Маладзейшы за яго толькі Ібрагім Траарэ з афрыканскага Буркіна-Фасо, які захапіў уладу ў краіне ў выніку ўзброенага перавароту ў верасні 2022 года і легітымнасць якога праз тое сумнеўная.

Пры гэтым прэм'ер-міністр Чарнагорыі Дрытан Абазавіч старэйшы за Мілатавіча ўсяго на год, таму на гэты момант кіраўніцтва Чарнагорыі несумненна можна лічыць наймаладзейшым у свеце.

Чытайце таксама:

Прэзідэнтам Чарнагорыі абраны Якаў Мілатавіч. Ён перамог Міла Джуканавіча, які кіраваў краінай больш за 30 гадоў

Куды і адкуль цяпер лятаюць беларусы на адпачынак у Еўропу

Чарнагорыя: мужчыны для вайны, жанчыны для працы

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3