Сістэма Iris-T нямецкай вытворчасці. Фота: Wikimedia
Для сумеснай закупкі Iris-T SLM краіны пачынаюць перамовы з нямецкім прадпрыемствам у сферы абароннай прамысловасці Diehl Defence.
«Я вельмі рады, што разам з Латвіяй мы дасягнулі новай вехі ў сумеснай закупцы СПА сярэдняй далёкасці. Гэта сумесны праект гістарычнага значэння ў абаронным супрацоўніцтве дзвюх краін, паколькі мы ніколі раней не ажыццяўлялі сумесных закупак такога маштабу», — заявіў міністр абароны Эстоніі Хана Пеўкур на сустрэчы ў Рызе.
На думку міністра абароны Латвіі Інара Мурніеце, абраная сістэма СПА павысіць бяспеку паветранай прасторы Латвіі і Эстоніі і забяспечыць найлепшую абарону людзей, грамадзянскай і ваеннай інфраструктуры.
Эстонія і Латвія падпісалі пратакол аб намерах сумеснай закупкі сістэмы СПА сярэдняй далёкасці на саміце НАТА ў Мадрыдзе ў чэрвені 2022 года. Працэсам кіруе Эстонскі цэнтр абаронных інвестыцый, які ў ліпені мінулага года падпісаў пагадненне з Міністэрствам абароны Латвіі аб пачатку сумеснай закупкі.
«Мы імкнемся да таго, каб да 2025 года Эстонія мела дзейную сістэму СПА сярэдняй далёкасці. Першыя сістэмы павінны паступіць у 2024 годзе», — паведаміў Пеўкур. Урад выдаткаваў сродкі на закупку ў верасні 2022 года падчас перамоў па дзяржбюджэце.
Каб знайсці найлепшага пастаўшчыка, цэнтр абаронных інвестыцый наладзіў кантакты з шасцю міжнароднымі прадпрыемствамі.
Па словах Пеўкура, калі перамовы з Diehl Defence пройдуць паспяхова, пераможца тэндара будзе афіцыйна абвешчаны летам.
Сістэмы СПА сярэдняй далёкасці эфектыўныя пры нейтралізацыі самалётаў, верталётаў, беспілотных лятальных апаратаў, крылатых ракет і боепрыпасаў.





