Плошча з талінскай ратушай. Фота: «Наша Ніва»

Плошча з талінскай ратушай. Фота: «Наша Ніва»

Заняткі па тры гадзіны тройчы на тыдзень

Нядаўна ўрад Эстоніі ўхваліў выключэнні з санкцыйнага рэжыму, якія дазволяць некаторым катэгорыям грамадзян Беларусі і Расіі працягнуць ДНЖ. Для гэтага трэба будзе абавязкова здаць дзяржаўны моўны экзамен на ўзровень А2. Для параўнання, для атрымання грамадзянства трэба ведаць мову на ўзровень вышэй — В1.

Чытач, які з сярэдзіны 2019 года жыве ў Эстоніі, кажа, што менш чым праз тры гады, вясною 2022 года, ён здолеў здаць экзамен на той самы ўзровень А2.

«Вучыць эстонскую мову я пачаў адразу пасля пераезду ў краіну. Спачатку самастойна па відэаўроках, якіх ёсць даволі шмат. Пазней наведваў моўныя курсы ад фонду інтэграцыі. Гэтыя курсы ладзіць дзяржава, і трапіць на іх даволі складана. Заняткі доўжацца тры гадзіны тройчы на тыдзень. Прапусціць можна не больш за 20% заняткаў», — распавядае мужчына.

Апроч вышэй пералічанага, суразмовец пазней наведваў курсы, якія арганізоўваў яго працадаўца.

Так як мужчына лёгка здаў экзамен на А2, то ўжо восенню вырашыў паспрабаваць прайсці іспыт на В1.

«Калі здаваў на А2, то вынік быў вельмі добры, але ўжо на В1 было дапушчана шмат памылак, таму прайшоў яго, можна сказаць, з мінімальна дапушчальным вынікам. Але гэта ўжо той узровень мовы, з якім можна падавацца на атрыманне эстонскага грамадзянства», — адзначае беларус.

У Таліне можна жыць, не ведаючы эстонскай мовы

Для вывучэння эстонскай мовы мужчына таксама адмыслова слухаў радыё і глядзеў тэлевізар. Пры гэтым ён прызнаецца, што, нягледзячы на атрыманы сертыфікат узроўню В1, не можа назваць сябе чалавекам, які свабодна валодае эстонскай мовай.

Мужчына жыве ў Таліне.

«Там шмат рускамоўных людзей і тых, хто рускую мову разумее, таму асаблівых праблем няма. Але я вырашыў, што буду вучыць эстонскую мову ў знак павагі», — кажа суразмовец.

Талін. Фота: «Наша Ніва»

Талін. Фота: «Наша Ніва»

Мужчына адзначае, што эстонцы вельмі шануюць, калі бачаць, што іншаземец вучыць іх мову і намагаецца на ёй гаварыць.

«Некаторыя, калі чуюць, што табе складана размаўляць па-эстонску, самі пераходзяць на рускую мову. Пры гэтым яны ўхваляюць, што ты вучыш іх мову. Некаторыя нават кажуць: маўляў, іншаземцы за некалькі гадоў могуць вывучыць мову на ўзровень, дастатковы для атрымання грамадзянства, а частка рускамоўнага насельніцтва сярод мясцовых — не, хоць яны ўсё жыццё жывуць у Эстоніі», — расказвае беларус.

Нягледзячы на тое, што ў чытача атрымалася за тры гады вывучыць эстонскую мову на ўзровень В1, ён згаджаецца з тым, што гэта вельмі складаная мова.

«У ёй усё выбудоўваецца па-іншаму, шмат склонаў (12), трэба ведаць па тры формы кожнага склону».

«Гэта самая складаная з шасці моў, якія я ведаю»

Наша іншая суразмоўніца пераехала ў Эстонію яшчэ ў 2016 годзе, дзе яна вучылася ў ВНУ. Але вучыць эстонскую мову яна пачала да пераезду ў краіну.

«Актыўны перыяд вывучэння эстонскай мовы ў мяне доўжыўся з 2016 па 2019 год, калі я вучылася ва ўніверсітэце на філалагічным. Навучанне таксама было на эстонскай, але мне вельмі дапамагала, што я на той момант ужо добра валодала іспанскай і англійскай, таму частку іспытаў мне дазвалялі здаваць на гэтых мовах».

Пасля завяршэння вучобы і ўладкавання на працу чытачка прыпыніла вывучэнне эстонскай мовы, бо на працы яна была ёй непатрэбная. Далейшыя веды атрымлівала выключна праз камунікацыю з эстонамоўнымі жыхарамі.

Іспыт на В1 яна здала толькі ў сакавіку бягучага года, скончыўшы перад гэтым пяцімесячныя курсы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Вынік быў добры, таму не выключаю, што атрымаецца здаць іспыт і на В2, але ў гэтым, прынамсі, пакуль не бачу сэнсу, бо нават для атрымання грамадзянства дастаткова мець В1», — кажа дзяўчына.

Пры гэтым яна прызнаецца, што эстонская мова вельмі складаная для вывучэння і разумення.

«Я ведаю шэсць моў: беларускую, рускую, іспанскую, італьянскую, англійскую і эстонскую, — таму магу дакладна сказаць, што менавіта эстонская самая складаная з усіх, што мне даводзілася вучыць. Адзінае, што ў ёй адносна проста, — гэта чытаць і пісаць, бо яна на аснове лацініцы, таму не трэба вучыць новыя літары.

Калі для таго, каб пачаць размаўляць на іншых замежных мовах, мне спатрэбіўся год, то ў выпадку з эстонскай усё значна складаней. Мне спатрэбілася каля трох гадоў, каб проста пачаць яе разумець.

Яна прынцыпова адрозніваецца ад іншых моў. Тут вельмі складана з лексікай, бо калі, напрыклад, я вывучала іспанскую і італьянскую мовы, то там было нешта падобнае да англійскай. У гэтых мовах ёсць мужчынскі, жаночы род. У эстонскай мове нічога такога няма».

«Калі ты глядзіш на слова, то яго абсалютна немагчыма да чагосьці прывязаць»

Чытачка кажа, што вельмі моцна адрозніваецца структура мовы.

«Калі ты пачынаеш вучыць, то хочаш зразумець, як пабудавана мова. У выпадку з эстонскай гэта прыходзіць не адразу. Калі ў іншых мовах, што я ведаю, ёсць прыназоўнікі, якія дапамагаюць зразумець, які будзе канчатак, то ў эстонскай — не. Там спачатку ідзе слова, а потым дадаецца канчатак. Каб паставіць яго правільна, трэба выбраць патрэбную форму слова. То-бок мова працуе як канструктар. Гэта такая асаблівасць фіна-вугорскіх моў», — тлумачыць дзяўчына-філолаг.

Стары горад Таліна. Фота: «Наша Ніва»

Стары горад Таліна. Фота: «Наша Ніва»

Апроч таго, яна звяртае ўвагу на цалкам іншы парадак слоў у эстонскай мове. Але асноўнай праблемай называе лексіку.

«Калі ты глядзіш на слова, то яго абсалютна немагчыма да чагосьці прывязаць, знайсці нейкую асацыяцыю. Яно проста не адкладаецца ў памяці», — прызнаецца беларуска.

Дзяўчына таксама жыве ў Таліне і сцвярджае, што камфортна жыць у Таліне можна і без валодання эстонскай мовай. Праўда, апроч рускай, трэба ведаць і англійскую.

«Тут жыве шмат рускамоўных, усе эстонцы старэйшыя за 40 гадоў таксама ведаюць рускую мову, але могуць прынцыпова на ёй не размаўляць, таму без англійскай можа быць крыху складана.

Што тычыцца англійскай мовы, то калі я прыехала сюды ў 2016 годзе, то англійскую ведалі тут не так добра, але цяпер усё больш людзей валодае ёй», — кажа дзяўчына.

«Стаўленне эстонцаў да рускай мовы палепшала»

Чытачка адзначае, што рускамоўныя жыхары Эстоніі самі з задавальненнем пераходзяць на рускую, калі чуюць, што чалавек размаўляе з акцэнтам.

«З эстонцамі бывае інакш, яны прынцыпова будуць працягваць гаварыць на эстонскай, хоць і будуць чуць, што табе гэта складана», — кажа беларуска.

Пры гэтым, па словах дзяўчыны, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, стаўленне эстонцаў да рускай мовы палепшала.

«Гэта заўважны працэс. Руская мова ў большасці выпадкаў адзіная, на якой яны могуць камунікаваць з украінцамі, таму пасля пачатку вайны стаўленне да рускай мовы ў іх, наадварот, змянілася ў лепшы бок», — дзеліцца назіраннямі дзяўчына.

«Гэта рэгіён, які не надта спрыяе вывучэнню эстонскай мовы»

Наша трэцяя суразмоўніца пераехала ў Эстонію амаль дзесяць гадоў таму, але вучыць мову пачала толькі з 2016-га. У адрозненне ад двух першых спікераў, яна жыве не ў Таліне, а ў рэгіёне Іда-Вірумаа, дзе рускамоўныя складаюць большасць насельніцтва.

«Гэта рэгіён, які не надта спрыяе вывучэнню эстонскай мовы, большасць тут гаворыць па-руску. Рускую мову тут можа не ведаць толькі моладзь з эстонскамоўных сем'яў», — прызнаецца дзяўчына.

Тым не менш яна ўжо мае сертыфікат узроўню В1, які атрымала ў 2019 годзе.

Іспыт на В1 суразмоўніца здала яшчэ да завяршэння курсаў, таму пасля паспяховай здачы прыпыніла навучанне. Цяпер беларуска рыхтуецца да здачы на ўзровень В2.

Падчас навучання на трох першых узроўнях суразмоўніца наведвала бясплатныя дзяржаўныя моўныя курсы, кожны з якіх доўжыўся па тры месяцы.

Курсы на ўзровень В2 абрала платныя і больш працяглыя па часе (10 месяцаў). Але плаціць за іх у выніку будзе дзяржава дзякуючы праграме «Працуй і вучыся».

«Для гэтага трэба ісці ў цэнтр занятасці з заявай, каб табе ўхвалілі такое навучанне. Для гэтага трэба пацвердзіць ад працы, што табе трэба курсы, таму і яны для мяне будуць бясплатныя. Але скарыстацца гэтай праграмай можна не часцей, чым раз на два гады».

«На працы мне патрэбны ўзровень С1»

Пасля атрымання сертыфіката ўзроўню В2 жанчына адразу плануе пайсці вучыцца на С1, бо ёй гэта патрэбна для працы.

«Адметна, што толькі пасля выхаду на працу ў эстонскамоўнае асяроддзе я змагла пачаць нармальна гаварыць па-эстонску, бо да гэтага карыстацца мовай асабліва не даводзілася. А акунуцца ў моўнае асяроддзе — гэта вельмі важна, бо ты адразу пачынаеш успамінаць, што вучыў усе гэтыя гады, і прымяняць веды на практыцы», — распавядае беларуска.

Нягледзячы на поспехі, дзяўчына, якая, апроч рускай і беларускай, валодае польскай і англійскай мовамі, таксама адзначае, што эстонская мова складаная для вывучэння.

«Самае складанае, як мне здаецца, вымаўленне, бо калі ў іншых мовах пры вымаўленні больш задзейнічаны вусны, то ў эстонскай — горла».

Чытайце таксама:

Калінінград, Кёнігсберг, Крулевец. А як па-беларуску?

«Толькі калі я гавару па-руску, людзі чамусьці пытаюцца: «Ты з Узбекістана?» Паліглот з Бразіліі далучыў да спіса вывучаных моў беларускую

«У мяне была гутарка з кадэбістам». Гісторыі замежнікаў, якія вывучылі беларускую мову ў дарослым узросце

Клас
21
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
7