Амерыканскі белы матыль (Hyphantria cunea)

Амерыканскі белы матыль (Hyphantria cunea)

Шкоднік гэты ў Беларусі ідэнтыфікуецца трэці год, актыўна выяўляў сябе ў Мазыры, вусені былі выяўленыя ў дзясятку іншых раёнаў краіны — у Пінскім, Іванаўскім, Столінскім раёнах.

Матыль

У гэтым годзе сітуацыя паўтараецца. Шкоднік гэты каранцінны, то-бок усе дрэвы, на якіх будуць выяўленыя гнёзды вусеняў, будуць зразаць і спальваць. Асаблівасць — здольнасць хутка адаптавацца да зменлівых умоў. Шкоднік можа выкарыстоўваць у харчаванні 300-400 відаў раслін, распаўсюджвацца з транспартам.

Цікавая асаблівасць лічынак (вусеняў) у тым, што гэта псеўдароевыя насякомыя. Гэта значыць, лічынкі групамі жывуць у павуцінневых гнёздах, знаходзяць там жа партнёраў, разам рэгулююць тэмпературу і абараняюцца ад драпежнікаў. Домікі для вусеняў лёгка пазнаюцца па сваім вонкавым выглядзе.

Гняздо вусеняў амерыканскага белага матыля

Гняздо вусеняў амерыканскага белага матыля

Цікавая асаблівасць лічынак гэтага насякомага ў тым, што вусені могуць праз пэўныя прамежкі часу сінхронна калыхацца («танцаваць»). І да гэтага часу не ўстаноўлена, як яны сінхранізуюць гэтыя рухі, асабліва калі гнёзды разнесеныя на значную адлегласць, і для чаго вусеням патрэбны гэты незвычайны рытуал.

Што рабіць з незвычайным вусенем?

Можна прытрымлівацца прыкладаў усялякіх ЖЭСаў і пачынаць пад корань валіць усе дрэвы. На Захадзе, адкуль матылёк родам, для барацьбы з ім выкарыстоўваюцца т.зв. садовыя алеі. Гэта лёгкіпучыя вуглевадароды, якія наносяць у аэразольнай форме на шкоднікаў. Гэты спосаб, дарэчы, дазволены для прымянення ў арганічным земляробстве з-за сваёй экалагічнасці.

Ёсць спецыялісты, якія раяць спальваць гнёзды з дапамогай прапанавай гарэлкі. Такі спосаб мае права на жыццё. Але падумайце пра абарону на выпадак, калі падпаленае гняздо ўпадзе вам на галаву, або на драўляную пабудову. Што ж да інсектыцыдаў, то тут сітуацыя наступная.

Існуюць «экстранныя інсектыцыды», якія ўжываюць, калі лік павуцінных гнёздаў пераваліў за сотні штук. Самы папулярны прэпарат — гэта Sevin (ён жа карбарыл). Дастаткова вядомы ў садаводаў і агароднікаў пестыцыд групы карбаматаў. Да мінусаў адносіцца тое, што карбарыл не валодае асаблівай выбіральнасцю і можа быць небяспечны для карысных насякомых — пчол, жужаляў, баговак, дажджавых чарвякоў. Таксічнасць для млекакормячых залежыць ад памеру жывёлы, г. зн., напрыклад, для дробных млекакормячых і насякомых ён высокатаксічны, для жывёл сярэдняга памеру, для буйных жывёл і чалавека — умерана таксічны. Вельмі небяспечны для халаднакроўных жывёл, якія жывуць у вадаёмах (рыбы, земнаводныя).

За карбаматамі па папулярнасці ідуць фосфараарганічныя пестыцыды. Напрыклад, малаціён, вядомы страх для ўсякага вусеня (ён жа карбафос або фуфанон). Адносіцца да інсектыцыдаў шырокага спектру дзеяння з класу фосфарарганічных злучэнняў. З прычыны досыць высокай таксічнасці вялікіх доз малаціёну для чалавека і жывёл, да сродкаў на яго аснове дадаюцца араматызатары з вельмі непрыемным пахам (адаранты). Для чалавека і цеплакроўных жывёл малаціён сярэднетаксічны, ступень таксічнасці залежыць ад чысціні прэпарату.

Вусень амерыканскага белага матыля

Вусень амерыканскага белага матыля

Сюды ж пойдзе і дыязінон. Пестыцыд, які актыўна выкарыстоўваецца не толькі ў сельскай і асабістых прысядзібных гаспадарках, але і ў практыцы медыцынскай і бытавой дэзінсекцыі для барацьбы з рознымі, у тым ліку сінантропнымі (звязанымі з чалавекам — прусакі, мухі і інш.), насякомымі. Варта адзначыць, што пры ўжыванні ў сельскай і прысядзібных гаспадарках дыязінон уяўляе небяспеку як высокатаксічны пестыцыд на перыяд прымянення і на працягу 20 дзён пасля яго. Але праз 20 дзён прэпарат знішчаецца ультрафіялетам, ва ўраджаі не назапашваецца, у навакольным асяроддзі не ідэнтыфікуецца.

Далей ідзе прадстаўнік фосфараарганікі, небяспечны для вусеняў — гэта ацэфат або артэн — інсектыцыд умеранай стойкасці з рэшткавай сістэмнай актыўнасцю каля 10-15 дзён. Ён выкарыстоўваецца ў асноўным для барацьбы з тлёй і лістагрызучымі вусенямі, у тым ліку ўстойлівымі да іншых прэпаратаў. Для чалавека слабатаксічны, але некаторыя даследчыкі сцвярджаюць што рэчыва здольнае парушаць механізм арыенціроўкі ў птушак (вераб'і і інш.)

Для тых, каму вышэй згаданыя рэчывы здаюцца занадта жорсткімі — ніжэй падборка экалагічных (часам менш эфектыўных, але затое больш бяспечных) сродкаў.

Па-першае, гэта дрэва нім (яно ж ніім, яно ж маргоза, яно ж азадырахта індыйская). Расце ў трапічных і субтрапічных раёнах Пакістана, Бангладэш, Індыі і М'янмы. Нім, яго насенне і экстракт з іх актыўна выкарыстоўваецца жыхарамі згаданых краін для барацьбы з насякомымі, у тым ліку і з кляшчамі. За інсектыцыдную і рэпелентную актыўнасць расліны адказвае хімічнае злучэнне азадырахцін.

Упершыню інсектыцыдная актыўнасць німа была выяўленая ў дачыненні да саранчы Schistocerca gregaria. На гэты момант спіс пашыраны на 200 відаў насякомых. Азадыракцін часцей за ўсё падаўляе рост і развіццё насякомых, у тым ліку, і вусеняў амерыканскага матылька. Важна, што прэпарат вельмі бяспечны, нават сінтэзаваны хімічным шляхам азадырахцін раскладаецца на працягу 100 гадзін пры ўздзеянні сонечнага святла і вільготнасці, і часам праяўляе вельмі нізкую таксічнасць для млекакормячых.

Цікавым экалагічным інсектыцыдам з'яўляецца хлорантраніліпрол (Acelepryn, Ferterra, Coragen,Rynaxypyr). Яшчэ адзін высокаселектыўны пестыцыд супраць вусеняў — гэта індаксакарб (Provaunt, Steward, Avaunt, Advion і Arilon ад Syngenta). Рэчыва ўваходзіць у склад прынад супраць прусакоў. Таксама часам сустракаецца ў ашыйніках супраць блох. Ну і апошні біяінсектыцыд у нас — гэта тэбуфеназід (Confirm). Экалагічны за кошт таго, што па сутнасці, гэта проста гармон, які выклікае ў насякомых (вусеняў у прыватнасці) заўчасную ліньку. Прэпарат вельмі нізкатаксічны, кампанія-распрацоўшчык Rohm&Haas нават атрымала прэмію ў галіне экалагічнай хіміі за такі ўнікальны пестыцыд.

Чытайце таксама:

Беларусь атакуюць мошкі. Вядомы хімік распавёў, як ад іх ратавацца

Што трэба ведаць пра цюльпаны, каб імі не нашкодзіць сабе

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?