Кіраўнік Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Епіфаній. Фота: ПЦУ
Праваслаўная Царква Украіны з 1 верасня 2023 года пяройдзе на новаюліянскі каляндар (для нерухомых святаў).
«Раней казалі польскія (каталіцкія) і ўкраінскія (праваслаўныя) святы, а сёння кажуць — украінскія і маскоўскія святы. Новы каляндар будзе ўкраінскім, а тыя, хто застаецца на старым, — трошачкі на маскоўскім», — распавёў журналістам мітрапаліт Вінніцкі Сімяон.
У прыватнасці, Каляды будуць святкавацца 25 снежня, а не 7 студзеня. Пакроў будуць адзначаць 1 кастрычніка (а не 14 кастрычніка), Вадохрышча — 6 студзеня (а не 19 студзеня), а Дзень Святога Мікалая — 6 снежня (а не 19 снежня).
Святкаванне Вялікадня і прывязаных да яго падзей застанецца без змен. Сёмуху будуць святкаваць на 50-ы дзень пасля Вялікадня.
Фармальна пераход яшчэ павінен зацвердзіць Памесны сабор царквы 27 ліпеня 2023 года. Аднак прадстаяцель ПЦУ мітрапаліт Епіфаній сказаў Бі-бі-сі, што пытанне ўжо вырашана і пераход адбудзецца.
Нагадаем, раней УГКЦ прыняла рашэнне аб пераходзе на новаюліянскі каляндар.
А Сінод ПЦУ ўжо дазволіў грамадам, якія жадаюць перайсці на новы каляндар, зрабіць гэта па адпаведнай працэдуры.





