Каралеву Лізавету ІІ збіраліся забіць падчас яе візіту ў Каліфорнію, калі яна сустракалася з Рональдам Рэйганам. Фота: Ronald Reagan Presidential Library

Каралеву Лізавету ІІ збіраліся забіць падчас яе візіту ў Каліфорнію, калі яна сустракалася з Рональдам Рэйганам. Фота: Ronald Reagan Presidential Library

На гэтым тыдні ФБР апублікавала цэлы пакет раней засакрэчаных дакументаў, якія звязаны са шматлікімі візітамі ў ЗША каралевы Лізаветы, якая памерла ў верасні 2022 года, піша Бі-бі-сі.

З дакументаў відаць, што частка пагроз, якімі займалася ФБР, паходзілі ад Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА): многія з візітаў каралевы прыйшліся на час крывавай смуты ў Паўночнай Ірландыі.

Інфармацыя пра адну з пагроз паступіла з Сан-Францыска 4 лютага 1983 года, прыкладна за месяц да візіту каралевы Лізаветы і яе мужа прынца Філіпа.

Афіцэр паліцыі, які часта бываў у ірландскім пабе ў гэтым горадзе, паведаміў ФБР, што адзін ірландзец, якога ён сустрэў у гэтым пабе, сказаў яму, што хоча забіць каралеву, каб адпомсціць за дачку, забітую ў Паўночнай Ірландыі гумовай куляй.

«Ён збіраўся нанесці каралеве Лізавеце шкоду, альбо скінуўшы нешта з моста Залатыя вароты на каралеўскую яхту Britannia, альбо паспрабаваўшы забіць каралеву Лізавету падчас яе візіту ў Ёсеміцкі нацыянальны парк», — гаворыцца ў дакуменце.

Праз гэтую пагрозу брытанскія спецслужбы вырашылі на час праходу каралеўскай яхты закрыць мост Залатыя вароты для пешаходаў.

Якія меры былі зробленыя ў Ёсеміцкім нацыянальным парку, у дакуменце не гаворыцца, але каралева там пабывала. Звестак аб арышце мужчыны ў дакуменце таксама няма.

Стрыечны брат Лізаветы і дзядзька яе мужа лорд Маўнтбатэн быў забіты — падарваны на сваёй яхце — баевіком ІРА ў Ірландыі ў 1979 годзе.

З апублікаваных дакументаў відаць, наколькі сур'ёзна ФБР ставілася да патэнцыйных пагроз жыццю і здароўю каралевы з боку радыкальна настроеных ірландцаў.

Напрыклад, перад прыватным візітам каралевы ў Кентукі ў 1989 годзе кіраўніцтва ФБР у службовай запісцы нагадвала, што пагроза акцый ІРА супраць брытанскага манарха застаецца сур'ёзнай, і прадпісвала падраздзяленням у Бостане і Нью-Ёрку ўважліва сачыць за членамі ІРА і неадкладна перадаваць інфармацыю ў Кентукі.

Прадстаўнікі ФБР сказалі тэлекампаніі NBC News, што збіраюцца апублікаваць яшчэ дакументы ў дадатак да апублікаваных на гэтым тыдні, але калі канкрэтна яны гэта зробяць, не паведамілі.

Чытайце таксама:

Лізавета ІІ памерла ад міеломы

Памерла сяброўка Лізаветы II, якая дапамагала ёй таемна ўцякаць з палаца

Кароль Карл III каранаваны афіцыйна

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
0