«Партрэт маладой жанчыны (прынцэса Бона Сфорца)». Карціна Яна Матэйкі

«Партрэт маладой жанчыны (прынцэса Бона Сфорца)». Карціна Яна Матэйкі

Конкурс на назву новага жылога комплексу на Магістральнай брэсцкая фірма PObudowa («Палессежылбуд») абвяшчала ў сваім тэлеграм-канале. Удзельніку, чыю назву абяруць, абяцалі падарыць дызайн-праект любога памяшкання.

Сярод прапанаваных падпісантамі варыянтаў былі імёны гістарычных асоб, звязаных з Гродна, ЖК «Бугарок», «Магістр» і падобныя — паводле назвы вуліцы, а таксама «станоўчыя прыгожыя словы» (так акрэсліла іх адна з аўтарак) кшталту «Абрыкос», «Мальдзівы» і «Прэстыж».

Забудоўца спыніўся на варыянце «Бона». «Тым самым мы звяртаем увагу на важную гістарычную асобу, якая кардынальна паўплывала на развіццё Гродна», — пракаментаваў  свой выбар забудоўшчык. 

Цагляны 10-павярховы дом з гістарычнай назвай будзе складацца з дзвюх сумежных секцый, якія ўтвораць закрытую дваровую прастору. У ім будзе тры пад’езды, а частка кватэр будзе са свабоднай планіроўкай. У каларыстыцы, размяшчэнні вокнаў і сілуэце будынка архітэктары спрабавалі пераасэнсаваць архітэктурную спадчыну Гродзенскай вобласці: Мірскі замак, царкву ў Мураванцы, Стары замак у Гродне.

Праект ЖК на Магістральнай. Крыніца: Urban Hrodna

Праект ЖК на Магістральнай. Крыніца: Urban Hrodna

Будаўніцтва плануюць пачаць летам 2023 года і завяршыць у 2024-м.

Што Бона Сфорца значыць для Гродна

Дачка міланскага герцага Бона Сфорца стала жонкай караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І у 1518 годзе. Пры яе падтрымцы быў выдадзены першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, праводзіліся рэформы.

Бона Сфорца набыла ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства. Яна прывезла сюды невядомыя раней гародніну і садавіну, усталявала звычай есці відэльцам і трымаць пакаёвых птушак, стала заканадаўцай моды.

У Гродне на яе загад забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў водаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта.

З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. Таксама Бона фундавала грошы і на Фару Вітаўта і прафінансавала са скарбу стварэнне ў Гродне першага шпіталя пры кляштары і касцёле Святога Духа на сучаснай Савецкай вуліцы. Будынак стаіць там дагэтуль.

У 2019 годзе гродзенцы стварылі петыцыю аб ушанаванні каралевы Боны ў гарадской прасторы. Гарадскія ўлады згадзіліся, што гэта важна, дадалі Бону Сфорца ў адмысловы спіс, але прызналі, што грошай на ўсталяванне ў Гродне шыльды ці помніка пакуль няма.

Чытайце таксама:

Найстарэйшы ў Еўропе вежавы гадзіннік — у Гродне

Гродзенскі фатограф стварыў каляндар з гістарычнымі асобамі горада, а потым пачаў пісаць пра іх п’есы

Выйшла настольная гульня «Тутэйшыя» са знакамітымі беларусамі

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2