Палітвязні «Віцьбы»: Максім Знак, Максім Вінярскі, Віктар Лосік (зверху злева направа), Сяргей Шаламіцкі, Дзмітрый Караткевіч, Аляксей Міхалкевіч (унізе злева направа)

Палітвязні «Віцьбы»: Максім Знак, Максім Вінярскі, Віктар Лосік (зверху злева направа), Сяргей Шаламіцкі, Дзмітрый Караткевіч, Аляксей Міхалкевіч (унізе злева направа)

У калоніі, якая месціцца ў прыгарадзе Віцебска, няволяцца юрыст Максім Знак, праваабаронца Леанід Судаленка, грамадскі актывіст Максім Вінярскі, былыя следчыя Яўген Юшкевіч, Ягор Вяршынін ды супрацоўнік пракуратуры Яўген Бабак

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», на «Віцьбе» ўтрымліваюцца блізу 110 палітвязняў.

Былыя сядзельцы вязніцы кажуць, што ў ёй да 150 зняволеных з жоўтымі біркамі. Яны на прафілактычным уліку як схільныя да парушэння ўнутранага распарадку, экстрэмізму ды дэструктыўных дзеянняў. 

7 мая стала вядома, што ў калоніі памёр 61-гадовы палітвязень Мікалай Клімовіч. Прычыны яго смерці застаюцца не агучанымі.

Палітвязні на асаблівым кантролі адміністрацыі калоніі. За імі пастаянна сочаць, іх падслухоўваюць і здаюць аператыўнікам. Калі ахоўнікі атрымліваюць загад пакараць палітвязня, то прычына знаходзіцца без цяжкасці. 

Максім Знак з паблажлівай усмешкай і тры месяцы ПКТ

Штрафны ізалятар — найбольш папулярная мера пакарання палітвязняў. 

Былы сядзелец «Віцьбы» Аляксей кажа, што Максіма Знака часта кідаюць у ШІЗА пасля прафілактычных гутарак з намеснікам начальніка калоніі па рэжымнай аператыўнай працы Дзянісам Федчанкам. Адміністрацыя «рэкамендуе» іншым асуджаным абмяжоўваць камунікаванне з ім. За непаслушэнства страшыць штрафным ізалятарам.

«Усе ведаюць, хто такі Максім Знак, у тым ліку і не палітычныя асуджаныя. Ёсць хлопцы, якія яго вельмі падтрымлівалі, перадавалі рэчы на ШІЗА, дапамагалі», — расказвае Аляксей.

Максім Знак

Максім Знак

Максім Знак працаваў у швейным цэху.

Былы нявольнік калоніі Сяргей адзначае, што Знак пастаянна хадзіў з паблажлівай усмешкай. Гэтак ён дэманстраваў ахоўнікам, што яны яго не палохаюць.

Апошні раз Сяргей бачыў Максіма Знака незадоўга да вызвалення ў снежні мінулага года. Яго пад канвоем прывялі да лекара. Сваёй чаргі ў санітарную частку чакаў і Сяргей.

«Максім быў з баулам і сказаў, што яму прызначылі тры месяцы ПКТ. Потым людзі з яго атрада расказалі, што Максіма пакаралі за тое, што адмовіўся прыбіраць прыбіральню. У калоніі за такую працу трапляеш у разрад зняволеных нізкага сацыяльнага статусу», — расказвае Сяргей.

Галадоўка Максіма Вінярскага 

У швейным цэху нядоўга працаваў актывіст Максім Вінярскі. Па словах былых нявольнікаў калоніі, праца там фізічна не складаная, але туды палітычных вельмі рэдка адпраўляюць: збольшага па стане здароўя.

У швейным цэху Аляксей бачыўся з Вінярскім.

«Была магчымасць пагутарыць з ім, калі падшываў яму робу. Ён пазітыўна настроены і не губляе веры. На зону Максім заехаў паўнаватым, але пакуль сядзеў, пахудзеў», — расказвае Аляксей.

Вінярскага ён часта бачыў на стадыёне і ў бібліятэцы.

Пра тое, што Вінярскі «на стадыёне намотвае кругі», кажа і Сяргей:

«Максім схуднеў, як і ўсе ва ўмовах калоніі, але ён малайчына, займаецца сабой, трымае сябе ў тонусе».

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

Да Вінярскага часта чапляюцца ахоўнікі і адпраўляюць у штрафны ізалятар. Аднойчы яго гэтак павіншавалі з надыходам Новага года.

«Вінярскі ставіўся да пакарання ШІЗА з абыякавасцю: ну трэба, дык садзіце», — расказвае Аляксей.

У адным атрадзе з Вінярскім быў Дзяніс. Абодва працавалі ў цэху апрацоўкі металу: з кабелю здымалі абмотку. Гэта праца брудная і шкодная. Нявольнікі дыхаюць пылам і выпарэннямі. Сродкаў абароны ім не выдаюць.

Па словах Дзяніса, гэты цэх адзіны на зоне, дзе існуе план выпрацоўкі. Кожны нявольнік мае за змену здаць 15 кілаграмаў чыстага алюмінію. На тых, хто не спраўляецца, ахоўнікі складаюць рапарты, а потым караюць. Каб пазбегнуць гэтага, палітвязні дапамагаюць адзін аднаму. Той, хто мае лішак, аддае яго таму, у каго няма нормы.

Дзяніс кажа, што Максім Вінярскі найбольш камунікаваў з Сяргеем Пятрухіным (блогерам з Брэста, які ўжо вызваліўся). Калі Пятрухіна кінулі ў ШІЗА, Вінярскі абвясціў галадоўку.

«Спачатку адміністрацыя не надавала яго галадоўцы значэння. Ён упікаў іншых палітвязняў у тым, што яны ніяк не рэагуюць на тое, што пакаралі такога ж, як яны. Яму адказвалі: нашто нам лезці на ражон, бо ўсіх тады пасадзяць у ШІЗА. Урэшце і Максіма адправілі ў ШІЗА. Як патлумачыла адміністрацыя, каб ён не разлагаў дысцыпліну», — расказвае Дзяніс.

Сяргей згадвае, што Вінярскага ў маі 2022 года пакаралі штрафным ізалятарам за тое, што расказаў у тэлефоннай гутарцы сваякам аб палітвязні, які ўтрымліваўся ў ШІЗА.

«Праз паўгадзіны прыйшлі па яго і павялі самога ў ШІЗА. Відаць, Максіма здаў супрацоўнікам той, хто чуў яго. У штрафным ізалятары Макс прабыў месяц», — расказвае Сяргей.

Збіццё Дзмітрыя Караткевіча

У сакавіку 2021 года супрацоўнікамі калоніі быў збіты палітвязень Дзмітрый Караткевіч, кажа Аляксей:

«Калі падымаешся ў зону, то трэба падпісаць паперу з абавязкамі не парушаць правілы ўнутранага распарадку. Дзмітрый у шапцы дакумента напісаў, што ён незаконна асуджаны. Супрацоўнікам заявіў, што распыліў балончык з газам у твар такім жа злачынцам, як яны.

Дзмітрый Караткевіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» 

Дзмітрый Караткевіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» 

Супраць Дзмітрыя загадалі выкарыстаць спецсродкі. Дзмітрыя павалілі на падлогу і сталі збіваць. З ШІЗА яго вадзілі аднаго мыцца, каб іншыя зняволеныя не бачылі траўмаў».

У ШІЗА Дзмітрыя ўтрымлівалі 27 дзён. Па вяртанні ў атрад ён пазбягаў канфліктаў з супрацоўнікамі калоніі.

Ужыванне гвалту супрацоўнікамі калоніі замоўчваюцца. Пра такія выпадкі становіцца вядома, толькі калі сам зняволены раскажа, што яго пабілі.

«Тэарэтычна, калі гвалт адбываецца на ШІЗА ці ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — НН), то на жылой зоне ніхто пра здарэнне не даведаецца», — адзначае Аляксей.

Віктар Лосік, Сяргей Шаламіцкі, Мікіта Харловіч, Аляксей Міхалкевіч 

Сяргей кажа, што палітвязень Віктар Лосік піша дзіцячыя казкі. У адной з іх ён напісаў гісторыю пра хлопчыка і дрон.

Турэмны цэнзар угледзеў у казцы «сакрэтны шыфр і схаванае пасланне». Віктар нібы гэтак вучыў некага, як трэба над калоніяй запускаць дроны.

Віктар Лосік. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Віктар Лосік. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Палітвязень Сяргей Шаламіцкі заўжды «вельмі сур'ёзны».

«Сяргей рэгулярна ходзіць у бібліятэку, ні аднаго разу ад яго не чуў, каб яму з прачытанага нешта спадабалася. Але нам было смешна слухаць як ён па-старэчы бурчаў і лаяў аўтараў. Нават класікаў, напрыклад О. Генры», — згадвае цёзка Шаламіцкага.

Сяргей Шаламіцкі. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сяргей Шаламіцкі. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Аляксей у калоніі пасябраваў з палітвязнямі Мікітам Харловічам і Аляксеем Міхалкевічам.

«Яны ніколі не адмовяць у дапамозе іншым. Яны вераць у нашу перамогу. Захоўваюць пазітыўны настрой. Міхалкевіч не раз трапляў у ШІЗА за тое, што адстойваў праўду», — расказвае Аляксей.

«Ёсць і «вата», і тыя, хто спачуваюць…»

На «Віцьбе» ўтрымліваецца блізу 900 асуджаных. Вязніца лічыцца паказальнай. У ёй сядзяць чыноўнікі, пракуроры, суддзі, міліцыянты. 

Да 2022 года ў калоніі было няшмат палітвязняў. На атрад з 50 асуджаных магло быць да двух нявольнікаў з жоўтымі біркамі. Потым, па словах былых асуджаных, пабольшала да 20.

«Палітвязні пачалі прыбываць з такой хуткасцю і ў такой колькасці, што нават не паспявалі арыентавацца. Адчувалася, як змяняўся кантынгент і жыццё атрадаў. Палітвязняў сталі па 3 разы на дзень дадаткова правяраць і пераглядаць іх рэчы», — адзначае Сяргей.

Дзяніс дадае, што іншыя асуджаныя да палітычных негатыўна не ставяцца, бо разумеюць, што людзі сядзяць несправядліва.

Сяргей удакладняе: усё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

«Ёсць і «вата», і тыя, хто спачуваюць. Але немагчыма дакладна ведаць, хто ёсць хто. Ці з табою гавораць шчыра, ці перад табою агент, які спрабуе цябе развесці на гутарку. Таму даводзіцца быць абачлівым і асцярожным з усімі», — падкрэслівае ён.

Мікіта Харловіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Мікіта Харловіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Камунікаваць палітычным у «Віцьбе» не забараняюць, але ўсе знаходзяцца пад каўпаком. Іх тры разы на дзень шыхтуюць на плацу. Могуць вывесці па-за планам на прамзону. Некаторыя нявольнікі вымушаныя тады адпрацоўваць дзве змены замест адной.

«Гэта адміністрацыя тлумачыць прафілактычнай работай», — заўважае Дзяніс.

Аляксей кажа, што да сакавіка 2021 года палітвязні «Віцьбы» атрымлівалі лісты падтрымкі. Потым прапускаць сталі толькі заказную карэспандэнцыю. Урэшце і яна перастала даходзіць. Не заўсёды перадаюць лісты ад родных.

«Адміністрацыя тлумачыла, што выйшла распараджэнне, згодна з якім лісты асуджаным прапускаюцца толькі ад блізкіх родзічаў. Але кіраўніцтва калоніі не адмаўляла, што лісты падтрымкі даходзяць да калоніі», — расказвае Аляксей.

Па яго словах, на канвертах лістоў падтрымкі аператыўнікі пішуць «БЧБ» і спальваюць стосамі ў кацельні прамзоны.

Чаму не даходзяць допісы ад родных, адміністрацыя калоніі асуджаным не тлумачыла.

Аляксей Міхалкевіч Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» 

Аляксей Міхалкевіч Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» 

За тры апошнія гады тысячы былі рэпрэсаваныя. Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», цяпер за кратамі па палітычных матывах утрымліваюцца 1511 чалавек. «Dissidentby» агучвае лічбу ў 1776 палітзняволеных. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова мяркуе, што ў Беларусі больш за 5 тысяч палітвязняў. 

Чытайце таксама:

Як можна заданаціць і падтрымаць палітвязняў: спіс арганізацый

Груздзіловіч апісаў здзекі з яго ў калоніі. І назваў імя палітвязня, які адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі

«Ты сярод быкоў як мент. Сядзіш сярод такіх жа і над імі галоўны». Былы палітвязень Лявон Халатран пра паралелі паміж кароўнікам і сучаснай Беларуссю

Пратасевіч прыйшоў на інтэрв'ю на канал Салаўёва. У яго спыталі, ці забіў бы ён Пуцілу

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
11
Абуральна
24

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?