Харальд цур Хаўзен

Харальд цур Хаўзен

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па медыцыне 2008 года Харальд цур Хаўзен памёр ва ўзросце 87 гадоў. Пра гэта паведаміла прэс-служба нямецкага Цэнтра даследавання раку (DKFZ) у Гейдэльбергу, які медык узначальваў 20 гадоў — з 1983-га да 2003-га. Прычына смерці не ўдакладняецца, піша Deutsche Welle.

«Сваімі даследаваннямі Харальд цур Хаўзен заклаў аснову для распрацоўкі вакцыны, якая абараняе ад вірусаў папіломы чалавека, што выклікаюць ракавыя захворванні. Мільёны людзей ва ўсім свеце цяпер карыстаюцца гэтым навуковым дасягненнем», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце DKFZ. «Не будзе перабольшаннем сказаць, што Харальд цур Хаўзен адкрыў зусім новае вымярэнне ў прафілактыцы раку», — падкрэсліў цяперашні дырэктар DKFZ Міхаэль Баўман.

Цур Хаўзен высветліў, якую ролю папіломавірусы граюць у развіцці раку шыйкі маткі, што дазволіла стварыць вакцыну супраць гэтага віруса. Акрамя Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыны і фізіялогіі, ён атрымаў за свае даследаванні мноства іншых прэстыжных узнагарод. Акрамя таго, даследчыку было прысвоена амаль 40 ганаровых доктарскіх ступеняў. У 2009 годзе цур Хаўзен атрымаў ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Нямеччына». У 2017 годзе горад Гейдэльберг зрабіў яго сваім ганаровым грамадзянінам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0