Канстанцін Моластаў. Фота: «Гродзенская праўда»

Канстанцін Моластаў. Фота: «Гродзенская праўда»

Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Лукашэнка прызначыў былога начальніка Гродзенскай памежнай групы Канстанціна Моластава.

Моластаву сёння споўнілася 53 гады. Ëн ураджэнец Расіі і скончыў Акадэмію Федэральнай службы бяспекі РФ.

Ëн кіраваў у Гродне ў час, калі там ажыццяўлялася атака мігрантамі на Польшчу і Літву.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС разгарнуўся восенню 2021 года. Перад гэтым у ліпені Лукашэнка абмовіўся, што раз Захад увёў санкцыі супраць яго рэжыму, ён не будзе стрымліваць наплыў мігрантаў.

Тысячы мігрантаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу (у асноўным з Іраку і Сірыі) пачалі незаконна пераходзіць беларуска-літоўскую мяжу і прасіць прытулку. У Беларусі яны апынуліся, таму што беларускія ўлады клікалі людзей у краіну, абяцаючы, што дапамогуць трапіць у Еўропу. У выніку многія бежанцы трапілі ў пастку: сілавікі іх падштурхоўвалі пераходзіць мяжу, а еўрапейскія памежнікі не пускалі. Літва і Польшча пачалі будаваць сцяну, каб адмежавацца. Дзясяткі мігрантаў загінулі.

У лістападзе на фоне міграцыйнага крызісу Лукашэнку званіла Ангела Меркель, каб абмеркаваць сітуацыю.

У канцы 2021 года напружанне стала спадаць. З Беларусі запусцілі эвакуацыйныя рэйсы ў Ірак і Сірыю.

Моластаў знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, што былі прынятыя ў 2021 годзе ў сувязі з міграцыйным крызісам. 

Анатоль Лапо, які ўзначальваў раней ДПК, звольнены ў запас.

Таксама Лукашэнка даў згоду на прызначэнне:

Хмеля Андрэя Валер'евіча — старшынёй Гродзенскага гарвыканкама, членам Гродзенскага аблвыканкама;

Мароза Ігара Аляксандравіча — старшынёй Аршанскага райвыканкама;

Ладыгі Анатоля Міхайлавіча — старшынёй Салігорскага райвыканкама;

Карловіча Юрыя Пятровіча — старшынёй Клецкага райвыканкама;

Пярэдні Вадзіма Аляксандравіча — кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска.

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
19