Станіслаў Лупаносаў Станислав Лупаносов Stanislav Lupanosov

Станіслаў Лупаносаў падчас інтэрв'ю. Скрын відэа «Ток»

Як праслухоўвалі пратэстоўцаў

Станіслаў Лупаносаў адзначае, што для таго, каб некага паставіць на кантроль, неабходна атрымаць санкцыю пракурора. Без яе праслухоўванне немагчымае. Для таго, каб атрымаць санкцыю, патрэбная інфармацыя, чаму праслухоўванне неабходна. Чалавек павінен здзейсніць нейкае злачынства, якое крымінальна караецца.

У 2020 годзе была распачатая такая справа, як масавыя беспарадкі, па 289 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Якраз у рамках гэтай справы, як сцвярджае былы сілавік, пачалі ўсіх слухаць.

Па словах Лупаносава, на актуальны момант, лічба тых, каго праслухоўвалі, складае сотні тысяч. Ён адзначае, што размовы не праслухоўваліся ў простым сэнсе слова. Іх запісвалі пры дапамозе тэхнічных сродкаў. Адначасова абсталяванне можа вытрымаць праслухоўванне да 10 тысяч чалавек. Затым, як згадвае былы сілавік,

«прыходзіць опер і фізічна ўсё гэта адслухоўвае. Але ўсё не праслухоўваецца. Выбіраеш толькі тое, што важна. Побытавыя размовы не праслухоўваеш. А вось па нейкай справе злачыннай, калі чалавек абмяркоўвае свае планы, то праслухоўваеш».

Станіслаў Лупаносаў, які раней працаваў ва ўпраўленні «К» ГУУС Мінгарвыканкама, якое займалася работай з big data, адзначае, што праслухоўваць можна хатні і працоўны тэлефоны, мабільны тэлефон:

«Можна слухаць машыну, кватэру, месца працы, калі папярэдне там паставіць жучок. Але ў нас не было досведу праслухоўвання дадаткаў на мабільных тэлефонах. Ні Viber, ні Telegram, ні WhatsApp у нас не было. Але, як вядома, Viber першапачаткова быў зарэгістраваны ў Беларусі, бо ён тут быў зроблены. І ключы першапачаткова таксама захоўваліся ў Беларусі.

Таму, каб працаваць у краіне, ты павінен падзяліцца нечым. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Я ўпэўнены, хоць у мяне доказаў няма, што Viber праслухоўваецца. Але дазвол на праслухоўванне без згоды КДБ ці, як цяпер, Аператыўна-аналітычнага цэнтра ты не атрымаеш».

Як праслухоўвалі праваабарончы цэнтр «Вясна»

Былы сілавік адзначае, што праслухоўвалі ўсіх людзей з праваабарончага цэнтра «Вясна». Па яго словах, у распрацоўку іх узялі адразу пасля выбараў у 2020-м. Дакумент прыйшоў ад Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны з Грушаўскай, 22. Прычынай назвалі фінансаванне пратэстаў.

«У гэтым дакуменце былі не толькі супрацоўнікі «Вясны». Там быў Стрыжак, Лявончык і яшчэ вельмі вядомыя цяпер людзі. Я не буду іх называць. Але яны ведаюць. Я ім усім сказаў»,

— адзначае Лупаносаў.

Станіслаў Лупаносаў расказаў, што затрыманні супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра «Вясна» маглі адбыцца пасля таго, як былі сабраныя нейкія доказы:

«Для сябе яны прыдумалі, што гэта доказы. Магчыма, яны сабралі звесткі пра вялікую колькасць людзей. У праваабарончы цэнтр «Вясна» прыходзілі людзі па дапамогу. Там вяліся спісы такіх людзей. Магчыма, сілавыя структуры атрымалі нейкім чынам доступ да гэтых спісаў. І калі яны зразумелі, што ўсё пад кантролем, то правялі затрыманні».

Лупаносаў сцвярджае, што праслухоўваліся офісы «Вясны» ў Магілёве і Гомелі.

Па словах былога сілавіка, праслухоўвалі не толькі офісы, але і кватэры. Лупаносаў адзначае, што і ў яго кватэры па змоўчанні павінны быць сродкі праслухоўвання.

«Інакш іх праца будзе няпоўная. Яны не змогуць нармальна даць справаздачу начальству».

Глядзіце цалкам:

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
34

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?