Адразу пасля з'яўлення папярэдняга матэрыялу на нашым сайце «Наша Ніва» атрымала магчымасць азнаёміцца з тэкстам ліста намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які быў у свой час разасланы ў падпарадкаваныя ўстановы пасля таго, як у самім Міністэрстве заўважылі «тэхнічную памылку».

Можна меркаваць, што прыкры ляп у Міністэрстве заўважылі толькі пасля таго, як бланкі дакументаў былі ўжо надрукаваныя. На гэта, трэба думаць, былі выдаткаваныя немалыя грошы, і калі б прызнаваць, што яны выкінутыя на вецер і трэба ўсё перадрукоўваць, то за марнатраўства маглі б паляцець і нечыя галовы.

Зрэшты, у краіне, дзе шануюць нацыянальную мову, а для Мінадукацыі публічна прадэманстраваць элементарную непісьменнасць азначае распісацца ў прафесійнай некампетэнтнасці, хоцькі-няхоцькі, але, відаць, усё ж давялося б прымаць рашэнне аб перадруку. Цяжка ўявіць, якое тут магло б быць іншае выйсце.

Але ў лукашэнкаўскай Беларусі пануе рэжым «не да законаў», і на законы мовы ён таксама пры патрэбе распаўсюджваецца. Прытым так было заўсёды, не толькі пасля 2020 года: дастаткова прыгадаць, напрыклад, колькі па ўсёй краіне развесілі жахліва непісьменных шыльдаў, дарожных паказальнікаў і да т. п.

Таму Аляксандр Кадлубай, відаць, асабліва не маркоціўся: пагартаўшы даведнікі, проста даў у сваім лісце крэатыўнае «разяснение» — акурат так у дакуменце напісана гэтае слова:

«В соответствии с Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы (Минск, «Белорусская энциклопедия» имени П.Бровки, 1999) возможно использование в белорусском языке слова «фамілія». 

Прадбачачы тое, што відавочна нават пры ўсёй русіфікацыі ў Беларусі пакуль яшчэ знойдзецца нямала людзей, знаёмых з найэлементарнейшай беларускай лексікай,

гэтую інфармацыю намеснік міністра прадпісвае «данесці да ведама кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і педагагічных работнікаў, якія афармляюць пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі». Гэтым жа самым лістом належыць кіравацца і «ў выпадку звароту па гэтым пытанні вучняў і іх законных прадстаўнікоў».

Для чаго такія фармулёўкі, здагадацца няцяжка. Праз іх, можна меркаваць, высокі чыноўнік падстрахаваўся ад імавернага валу пісьмовых і вусных скаргаў ды зваротаў у само Міністэрства адукацыі і іншыя адказныя органы ды спусціў непрыемны абавязак даваць тлумачэнні, гледзячы людзям у вочы, на больш нізкі ўзровень.

Якасць аргументацыі чыноўніка не вытрымлівае ніякай крытыкі.

З тым, што слова «фамілія» ў тлумачальным слоўніку беларускай мовы сапраўды ёсць, спрачацца, праўда, ніяк не выпадае. Любы ахвотны пры неабходнасці лёгка знойдзе яго ў гэтым слоўніку (хоць, вядома, здзіўляе, што ў Міністэрстве адукацыі дагэтуль карыстаюцца выданнем ажно 1999 года, бо з таго часу выйшла яшчэ тры іншыя, а ў таксама ўжо даволі далёкім 2008 годзе правялі нават карэкціроўку правапісу).

Аднак жа значэнне такога слова іншае ў параўнанні з тым, якое выкарыстоўваецца ў бланках атэстатаў і дыпломаў. Дакладней, слоўнік дае аж два яго значэнні:

«1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка;

2. Сям'я, члены сям'і».

Праўда, другое значэнне падаецца як «устарэлае», то-бок яно выкарыстоўвалася калісьці, але цяпер яго можна знайсці хіба толькі ў архіўных дакументах ды старых кніжках, але не ў сучаснай жывой мове.

У той жа час тлумачэнне літаратурнага беларускага слова «прозвішча» ў слоўніку такое:

«Спадчыннае сямейнае найменне, якое дадаецца да ўласнага асабістага імя».

І для таго, каб разумець, што гэта зусім не адно і тое ж самае, зусім не трэба быць дыпламаваным філолагам.

Звяртае ўвагу, што ў тэксце ліста намесніка міністра на некалькі абзацаў на рускай мове мы налічылі пяць памылак. Чыноўнік не ведае, як па-руску пішацца слова «разъяснение», не ведае правілаў пунктуацыі і дапасавання склонаў.

Чытайце таксама:

У атэстатах і дыпломах новага ўзору замест прозвішча — «фамілія»

Як сказаць па-беларуску «пятая точка»?

Новы праўладны мерч назвалі Lepshy. Тлумачым, чаму стваральнікі кепска ведаюць беларускую мову

Клас
20
Панылы сорам
222
Ха-ха
26
Ого
6
Сумна
13
Абуральна
92