У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня вынеслі вырак праваабаронцы Насце Лойка. Прысуд абвяшчалі на адкрытым пасяджэнні, але сам працэс праходзіў у закрытым фармаце. Насце далі сем гадоў калоніі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Наста заявіла ў судзе, што будзе абскарджваць вырак. Паводле назіральнікаў, трымалася яна на працэсе добра.

«Падставай для пераследу Насты стаў даклад, які яна падрыхтавала ў 2018 годзе, але гэты даклад аб пераследзе анархістаў і іншых левых актывістаў дагэтуль ёсць на сайце, які не прызнаны экстрэмісцкім. І сам даклад не прызнаны экстрэмісцкім. Наста заўсёды імкнулася адстойваць інтарэсы самых неабароненых і рабіла гэта прафесійна, таму крытычна ацэньвала дзеянні міліцыянтаў, у прыватнасці, супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, якія пераследавалі анархістаў. Таму гэты прысуд — яўная помста ГУБАЗіКа за гэту праваабарончую дзейнасць Насты», — цытуе словы Эніры Браніцкай «Радыё Свабода».

У 2022 годзе Наста Лойка адбыла некалькі адміністрацыйных арыштаў на Акрэсціна, пасля чаго яе змясцілі на «Валадарку» па крымінальным абвінавачанні.

«Мы абмяркоўвалі, ці варта ёй было выехаць. Небяспеку яна ўлічвала, але зыходзіла з таго, што за ёй не было ўдзелу ў шэсцях падчас масавых пратэстаў, не было іншых дзеянняў, якія ўлады трактавалі як парушэнні закона. Наста лічыла, што нейкі закон, нейкія нормы яшчэ працуюць у гэтай краіне. Цяпер відавочна, што гэта было ўсё ж ідэалістычнае ўяўленне».

Праваабаронца спадзяецца, што ў Насты Лойка хопіць сіл вытрымаць тэрмін, які ёй прызначыў суд.

«Сем гадоў — гэта жудасны тэрмін, але сёння можна чакаць чаго заўгодна. Мы будзем яе падтрымліваць і спадзяёмся, што ёй хопіць сіл і мужнасці вытрымаць гэтыя выпрабаванні», — кажа Эніра Браніцкая.

Чытайце таксама:

Праваабаронцы Насце Лойка прызначылі 7 гадоў калоніі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?