Прэміі таксама ўдастоіліся ўкраінскія журналісты Сеўгіль Мусаева і Юрый Ніколаў, рэдакцыі OC Media (Грузія) і «Важные истории» (Расія).

Reform.by атрымлівае прэмію за «асвятленне сітуацыі ў Беларусі ў асабліва складаных умовах».

«У 2021 годзе Reform.by быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі, як і ўсе незалежныя беларускія медыя, а пастаянная рэдакцыя была вымушаная з'ехаць з краіны. Нягледзячы на гэта, Reform.by падтрымлівае сувязь са сваімі крыніцамі ў Беларусі і працягвае працаваць у вельмі рызыкоўных умовах. Акрамя змястоўных інтэрв'ю, глыбокіх каментароў і разнастайнасці меркаванняў, платформа не ў апошнюю чаргу вылучаецца сваімі журналісцкімі расследаваннямі.

Падчас сітуацыі 2021 года на мяжы з Літвой і Польшчай, справакаванай беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам, Reform.by удалося высветліць, адкуль канкрэтна прыбылі ўцекачы і як да гэтага былі датычныя беларускія структуры. Адзін з важных укладаў Reform.by — не толькі асвятленне навін і журналісцкія расследаванні, але і даванне платформы для рэфлексіі аб развіцці беларускага грамадства пасля пратэстаў 2020 года. Выдатны прыклад гэтаму — праект «Пятая рэспубліка», які курыруе Вольга Шпарага», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Прэмія Free Media Awards заснаваная нарвежскім фондам Fritt Ord Foundation і нямецкім ZEIT-Stiftung Ebelin und Gerd Bucerius.

Яна штогод прысуджаецца ўкраінскім, расійскім і беларускім журналістам і медыя ў знак прызнання іх выбітнай журналісцкай дзейнасці. Прэмія закліканая ўзмацніць незалежнае асвятленне падзей ва Усходняй Еўропе.

Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў Гамбургу 14 верасня.

Прэмія была заснаваная ў 2000 годзе Фондам ZEIT і называлася прэміяй Герда Буцэрыуса для прэсы Усходняй Еўропы (Gerd Bucerius-Förderpreis Freie Presse Osteuropas). Прэмію назвалі ў гонар нямецкага палітыка і журналіста Герда Буцэрыуса. З 2004 года, пасля таго як Фонд ZEIT пачаў супрацоўніцтва з Фондам свабоды слова (Fritt Ord), прэмія ўручаецца сумесна.

Прысуджаецца журналістам і медыя Усходняй Еўропы, якія адрозніваюцца якасцю, прафесіяналізмам і грамадзянскай мужнасцю. Арганізацыі разглядаюць кандыдатуры пасля кансультацый са знешнімі экспертамі. Кожны год незалежнае журы выбірае пераможцаў на аснове гэтых намінацый. У год прысуджаецца ад трох да пяці ўзнагарод.

У розны час прэмію атрымлівалі «Наша Ніва», «Брэсцкі кур'ер», БДГ, «Народная Воля», «Беларусы і рынак», Intex-press, Святлана Калінкіна, БелаПАН, «Віцебскі кур'ер», «Салідарнасць», CDMag, «Газета Слонімская», «Ежедневник», «Новы час», «Барысаўскія навіны», Марына Коктыш, Валерый Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі. «Беларускі партызан», Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Наталля Лубнеўская, Tut.by, БАЖ.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0