Звесткі польскага ведамства Аліна Коўшык апублікавала ў фэйсбуку і суправадзіла іх эмацыйным допісам.

«Усё больш дзяцей беларускіх эмігрантаў становяцца вучнямі польскіх школ, — піша яна. — Ці зможам мы захаваць у сэрцах нашых дзяцей любоў і павагу да роднай Беларусі, а ў юных галовах — разуменне, хто яны…»

У гутарцы з «Нашай Нівай» Аліна Коўшык адзначыла, што атрыманыя Пераходным кабінетам даныя дазваляюць вызначыць, колькі беларусаў асела ў Польшчы і наколькі запатрабаваныя беларускімі дзецьмі культурніцкія і навучальныя праекты.

Яна кажа, што нямала адданых беларускай справе дзеячаў арганізуюць разнастайныя гурткі для дзяцей, але не заўсёды яны збіраюць шмат наведвальнікаў.

«Мы ствараем сетку беларускіх школак на базе варшаўскай школы Алеся Лозка і занепакоеныя, ці прыйдуць у іх дзеці, ці гатовыя бацькі ахвяраваць сваім часам і часам дзяцей на дадатковае беларускае навучанне для таго, каб захавацца беларусамі ў моцным польскамоўным асяроддзі», — даводзіць Аліна Коўшык.

Школа Алеся Лозка пачала набіраць дзяцей на новы навучальны год. У ёй па суботах праходзяць бясплатныя заняткі па беларускай мове, літаратуры, гісторыі, геаграфіі.

Аліна Коўшык. Фота: з альбома Аліны Коўшык

Аліна Коўшык. Фота: з альбома Аліны Коўшык

Адна з асноўных праблем у навучанні беларускіх дзяцей за мяжою і захавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці — тое, што беларусы апынуліся ў розных краінах з рознымі сістэмамі адукацыі.

«У школах яны акунаюцца ў іншамоўнае асяроддзе і з часам асімілююцца, становяцца, напрыклад, польскамоўнымі. Так дзецям прасцей. Яны не хочуць быць іншымі і стараюцца стаць сваімі. Гэта правіла ўніверсальнае для знаходжання ў чужым моўным асяроддзі, і з гэтым складана нешта зрабіць», — каментуе сітуацыю прадстаўніца Пераходнага кабінета.

Не ўва ўсіх краінах, куды беларусы эмігравалі, законы дазваляюць вывучаць нацыянальную мову дзецям-неграмадзянам.

Такое права маюць, напрыклад, у Польшчы толькі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў з грамадзянствам. Сітуацыя вымагае зменаў заканадаўства аб адукацыі. 

«Над гэтым цяпер працуем», — запэўнівае Аліна Коўшык.

Гадаванцы беларускай школы ў Варшаве. Фота: facebook.com/belszkolkauwarszawie

Гадаванцы беларускай школы ў Варшаве. Фота: facebook.com/belszkolkauwarszawie

Яшчэ адна праблема ў тым, што пераважная большасць беларусаў на радзіме была далёкая ад беларушчыны. Дзеці не хадзілі ў беларускамоўныя школы, а сама родная мова для іх бацькоў была толькі фонам.

«Сітуацыю змяніў 2020 год. Мноства беларусаў на пратэстах адчулі сябе беларусамі, у іх з'явіўся інтарэс да свайго. Яны сталі цікавіцца беларускай літаратурай, музыкай, наогул беларускай культурай. Тады пачала паўставаць новая Беларусь, і калі б не рэпрэсіі, мы б жылі ў іншай краіне. Але беларускасць цяпер жыве ў эміграцыі і чакае вяртання», — адзначае Аліна Коўшык.

Яна кажа, што да 2020 года беларусы найчасцей далучаліся да ўкраінскіх ці расійскіх эміграцыйных супольнасцяў, а цяпер жа маюць свае. 

Але, на яе погляд, беларушчына, пакуль не стала для большасці беларусаў усвядомленай каштоўнасцю. А цяга да яе можа быць выкліканая шокам ад вымушанай эміграцыі.

«Таму важна, каб на змену сітуацыйнай прыхільнасці да роднага прыйшло асэнсаванае жаданне гадаваць у беларускасці дзяцей. Разуменне каштоўнасці беларушчыны выгадна нават з прагматычнага гледзішча. Чым больш ведаюць дзеці, тым больш яны адукаваныя, лепей развіваецца іх інтэлект», — упэўненая прадстаўніца Кабінета.

Аліна Коўшык з калегамі на адной з імпрэзаў. Фота: Рух беларускай салідарнасці

Аліна Коўшык з калегамі на адной з імпрэзаў. Фота: Рух беларускай салідарнасці

Яна лічыць, што быць беларусам і трымацца беларушчыны лягчэй за мяжою, чым цяпер на радзіме, дзе пануе гвалт.

«У замежжы ніхто не скажа кепскага слова і не пацягне ў пастарунак за беларускую мову, апранутую вышыванку, чытанне беларускай кнігі ў публічнай месцы, удзел у беларускамоўнай экскурсіі ці дыскусіі на палітычныя тэмы. Усё гэта ў дэмакратычным свеце лічыцца асабістай прасторай, якую шануюць і межы якой не дазволена парушаць», — адзначае Аліна Коўшык.

Беларусам не хапае нахабнасці адстойваць сваё, як працягвае яна:

«Мы занадта спакойныя, пазбягаем дэманстраваць сваю нацыянальную прыналежнасць». 

На думку прадстаўніцы Пераходнага кабінета, складанасць сітуацыі таксама ў тым, што некаторыя публічныя асобы гавораць па-беларуску на імпрэзах, а ў сям’і і з дзецьмі па-руску. 

Суразмоўніца ўпэўненая: выгадоўванне ў дзецях беларушчыны пачынаецца ў сям’і, а садкі і школы яе ўзбагачаюць.

«Нездарма родную мову называюць матчынай, — падкрэслівае яна. — Мноства рэчаў, якія ў жыцці становяцца важнымі, мы выносім з сям’і.

Сям’я, дом, тыя месцы, дзе мы адчуваем сябе абароненымі, дзе можам між сабою быць шчырымі.

Ад прынцыповасці і адданасці беларускай справе бацькоў залежыць, ці трывала спазнаюць дзеці беларускі свет у сабе, каб з гонарам казаць, што яны беларусы».

«Беларусь заўжды была часткай Еўропы, але Беларусь патрэбная перадусім самім беларусам, і ад іх залежыць, якая будзе яе будучыня, — кажа далей Аліна Коўшык. —

У гісторыі нашага краю было шмат складаных і лёсавызначальных перыядаў, але мы іх пераадолелі. Перажывём і гэты, і з намі будзе жыць беларуская мова».

Глядзіце таксама:

ПАРЕ падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнанні

Аліна Коўшык расказала, колькі беларускіх выдавецтваў апынулася ў выгнанні і як ім будуць дапамагаць

«Дачка марыла стаць настаўнікам гісторыі, а сёння марыць з'ехаць з краіны». Бацькі беларускіх школьнікаў расказалі, якія планы цяпер у іхніх дзяцей

«Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай». Японка вывучыла беларускую мову, выкладае яе на радзіме і вельмі любіць Беларусь

Чаму дзеці мігрантаў з Беларусі не могуць вывучаць беларускую мову ў польскай школе і што тут можна зрабіць?

Клас
17
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?