Малюнак Алега Груздзіловіча

Малюнак Алега Груздзіловіча

Часта пытаюцца, як у калёніі выжыць? Ці ісьці на нейкія саступкі, пагаджацца на гульню па тых правілах, якія існуюць у калёніі, ці спрабаваць стаяць на сваім? Але ж гэта непазьбежна прывядзе да аргвысноваў з боку адміністрацыі — ШІЗА, ПКТ, 411-ы артыкул, паводле якога дадуць новы тэрмін. І тады ўжо пад пагрозай апынецца само фізычнае існаваньне. І навошта тады тая мараль, калі з калёніі можна ўвогуле жывым ня выйсьці?

Так, вельмі цяжкі выбар. І кожны сам мусіць шукаць залатую сярэдзіну, якая дазволіць і фізычна захавацца, і маральна, як кажуць, ня скурвіцца. Дык ці ўдалося напрацаваць якія асабістыя правілы?

Так, і сярод іх ёсьць правіла, якое для сябе сфармуляваў так: «Ня дай страху табой авалодаць».

Можна было б сказаць прасьцей — «не баяцца», працытаваўшы першую частку вядомага катэхізісу савецкіх палітзэкаў: «Ня вер, ня бойся, не прасі». Але лічу, што гэта ілюзія ці пазёрства — казаць, нібыта ў вязьніцы ты можаш не адчуваць страху. Зразумела, будзеш баяцца. Застацца аднаму. Застацца безь лістоў. Застацца без паветра. Больш ня ўбачыць сонца, травы, птушак. Нарэшце — памерці там, у вязьніцы, каб потым у мяшку кінулі ў якую яму, названую магілай нумар такі і такі.

Мяркую, гэтага ўсе баяцца. Іншая рэч — як справіцца з гэтым страхам? Мне дык дапамагаў прыклад людзей, таксама вязьняў, якіх я даўно ведаў і якімі захапляўся.

Вітольд Ашурак

Першы раз па крымінальнай справе аб грубым парушэньні грамадзкага парадку («народны» 342 артыкул Крымінальнага кодэксу) мяне арыштавалі ў ліпені 2021-га. Скажу шчыра, сапраўды быў напалоханы, баяўся, што за краты трапіў надоўга, калі ўвогуле выберуся. Бо адразу згадаў лёс актывіста зь мястэчка Бярозаўка Вітольда Ашурка, які незадоўга да таго загінуў у шклоўскай калёніі.

Вітольду Ашурку было 50 гадоў, да турмы ён ня скардзіўся на здароўе, але раптам памёр у ШІЗА. Відэастужкі, якія запісалі апошнія хвіліны жыцьця Вітольда, маюць дзіўныя нестыкоўкі. Пра прычыну сьмерці сваякам спачатку праз тэлефон сказалі, што спынілася сэрца. Потым у даведцы прычыну сьмерці не пазначылі, а цела выдалі з забінтаванай галавой — патлумачылі, што «ўранілі», як даставалі зь лядоўні.

І ты думаеш: а хіба з кожным, хто трапіў да іх за краты, такая дзіўная сьмерць ня можа здарыцца? Вядома, можа. Мяркую, лёс Вітольда Ашурка прымяраў на сябе кожны, каго арыштоўвалі ў гэтыя акаянныя гады і працягваюць хапаць сёньня.

Мне не даводзілася сустракацца зь Вітольдам Ашуркам, але знаў яго як журналіст. Некалькі разоў браў праз тэлефон невялікія інтэрвію — пасьля чарговых Вітольдавых паездак у райцэнтар Сьвіслач на Горадзеншчыне, дзе на магіле Віктара Каліноўскага, брата паўстанцкага правадыра, традыцыйна ладзіліся акцыі памяці. Там ускладалі кветкі, стаялі ў ганаровай варце зь бел-чырвона-белым сьцягам з Пагоняй.

Вітольд Ашурак у судзе. Яму тады далі пяць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах

Вітольд Ашурак у судзе. Яму тады далі пяць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах

А потым удзельнікаў тых акцый хапала міліцыя, суды каралі іх суткамі ў сьмярдзючай мясцовай вязьніцы. Вітольда таксама шмат разоў затрымлівалі і судзілі.

Неяк задаў яму пытаньне: ці вартая была паездка ў Сьвіслач перажытых пакут? Вітольд расьсьмяяўся і адказаў, што вартая, ды патлумачыў чаму. Я ж адзначыў для сябе, што ён незвычайны чалавек. З тых, хто сапраўды здольны ахвяраваць сабой.

Калі ў 2022 годзе я трапіў у ШІЗА, часта ўяўляў побач не каго іншага, а якраз Вітольда Ашурка. Згадваў ягоны вытанчаны ганарлівы твар, добрую ўсьмешку і, вядома, ня мог ня згадваць ягоны крылаты выраз «беларус беларусу заўсёды беларус». Прыгожым і трагічным перабольшаньнем аказаліся гэтыя словы для самога Вітольда. У турме яму навакол не хапіла сапраўдных беларусаў. Але пры ўсіх пакутах, як ні было цяжка, не прыніжаўся, не прасіў літасьці, іначай бы застаўся жывы.

Калі падступаў страх, мне такія думкі дапамагалі. Прыходзіла разуменьне, што няма іншага выбару, як не баяцца, не даваць страху авалодаць табой.

І вось зноў ШІЗА, каля пятай раніцы. У кароткі сон паміж падыманьнямі ў прыбіральню ўрываецца брэх сабак. Затым — бразгат мэталічных нараў. Зрабіў зарадку, пахадзіў па камэры, мабілізаваўся маральна. І ўжо калі падыходзіць да камэры праверка і ахоўнік крычыць з-за дзьвярэй — «Рапарт!» — сустракаеш афіцэра з паднятай галавой і разьмерана, як мэтраном, дзяўбеш: «У камэры знаходзіцца… артыкул… пачатак тэрміну… заканчэньне тэрміну…» Заканчваеш коратка, жорстка: «Заўваг і скаргаў ня маю». У галаве думка: падавіцеся сваімі дурнымі рапартамі, як і гэтым сьмярдзючым таўчком, рыпучымі нарамі, палярным холадам, абшукваньнямі ў пазыцыі прылепленай да сьцяны птушкі! Адсяджу і выйду, а вы тут усё жыцьцё праведзяце разам са сваімі пацукамі!

І ўсё, адразу становіцца лягчэй, зьяўляюцца сілы працягнуць да вечаровай праверкі. Дзякуй табе, Вітольд, за прыклад. Ты сапраўдны беларус.

Ня быць як яны

Яшчэ адно важнае правіла сфармуляваў так: «Ня быць як яны». Прычым яны — гэта ня толькі ахоўнікі, антыподы вязьняў, але і асуджаныя, калі тыя паводзяць сябе насуперак маральным правілам, якіх ты прытрымліваесься. Але гаворка не пра тое, што нібы апранаеш на сябе нейкую маральную бронекамізэльку. Галоўнае — не дазваляеш падобных учынкаў сабе.

Крык, мацюкі, інтрыгі, плёткі. У адносінах паміж вязьнямі гэта таксама ёсьць. Але бязь іх можна абысьціся, нават калі спрачаесься, канфліктуеш, адстойваеш сваё права. Трэба ведаць, што вынік хай не адразу, але будзе.

У сьледчым ізалятары здарылася паканфліктаваць з адным вязьнем. Дзьмітрый сядзеў за кратамі ўжо каля году, і пэрспэктыва ў яго была цьмяная — пасьля суду мог трапіць за краты яшчэ гадоў на восем, па артыкуле, і блізка не зьвязаным з палітыкай. Ясна, што нэрвы ў чалавека былі на мяжы зрыву, і вось такі зрыў адбыўся. Падчас прагулкі ў сьлізкім дворыку я выпадкова зачапіў яго плячом, і ў адказ — выбух эмоцый.

Алег Груздзіловіч. Фота: БАЖ

Алег Груздзіловіч. Фота: БАЖ

Заўважу, што калі ў дворыку тры на пяць мэтраў ходзяць туды-сюды восем чалавек, тым больш пад нагамі сьлізкі лёд, зачапіцца адзін за аднаго — элемэнтарна. І зразумела, што гэтая выпадковая сутычка ўзьнікла ня толькі празь цесны дворык. Відаць, у Дзьмітрыя назапашваліся нейкія прэтэнзіі, і вось цяпер знайшлася нагода іх выплюхнуць. Наслухаўся мацюкоў, абразаў, нават пагроз.

Што рабіць у такой сытуацыі? Збольшага турэмны закон патрабуе даць адэкватны адказ, інакш цябе перастануць лічыць мужыком, і так потым кожны захоча зрываць на табе свае нэгатыўныя эмоцыі. Але, з другога боку, слоўны канфлікт можа лёгка выліцца ў бойку. Ня толькі зь ягонага боку.

Ведаючы сваю натуру, скажу, што за пэўнае крыўднае слова магу і рукам даць волю. Але канфлікт з сукамэрнікам у СІЗА — гэта ня проста бойка з пэрспэктывай адправіцца ў карцар, пасьля якога ў сваю камэру ня вернесься. Галоўнае, што да цябе як да палітычнага асаблівая ўвага, і простая бойка можа стаць падставай для дадатковага артыкула. Для пэўных людзей у пагонах — гэта чаканы падарунак, каб потым сказаць: ну які ён палітычны, глядзіце, гэта ж звычайны хуліган, дэбашыр, скандаліст. Маўляў, правільна яго адправілі за краты, хай пасядзіць, падумае над паводзінамі.

Карацей, я мо якую сэкунду падумаў, выбачыўся за штуршок, а потым некалькімі жорсткімі, але карэктнымі словамі ацаніў паводзіны маладога чалавека, папярэдзіў яго пра адказнасьць за абразы — і замаўчаў. Хаджу туды-сюды. Унутры ўсё кіпіць, але трываю. І на тое, што ён потым казаў, а ён яшчэ не адразу супакоіўся, больш ні словам не адрэагаваў.

Вынік? Праседзелі ў адной камэры мы яшчэ зь месяц, і за гэты час паміж сабой не размаўлялі. Кожны дэманстраваў нежаданьне. Трымаць гэткую блякаду ў малой камэры цяжка, але магчыма. Галоўнае, што больш сутычак не было. І яшчэ важна, што абодва зрабілі пэўныя высновы.

Я — што трэба быць больш уважлівым да пабытовых правілаў у камэры. Ужо ў першыя дні турэмнага жыцьця ты мусіш перагледзець звычкі, якія на волі табе не падаюцца істотнымі, але ў турме могуць спарадзіць да цябе нечыю непрыязь. Асабліва гэта можа тычыцца людзей ва ўзросьце. Ім ад былога ладу жыцьця адмаўляцца складаней, чым моладзі.

Але і маладзёнам трэба ўсьвядоміць, што значна старэйшыя людзі побач зь імі — гэта людзі зь іншым досьведам, мэнталітэтам, зь іншымі фізычнымі магчымасьцямі.

Неяк яшчэ адзін маладзён з нашай камэры, Валер, хваліўся веданьнем прынцыпаў турэмнага жыцьця і паўтараў: «Тут усе роўныя». Паводле правоў — так. Але адначасова ўсе розныя, і менавіта ў турме гэта яскрава выяўляецца. Ёсьць маладыя і старыя. Дасьведчаныя і навічкі. Разумныя і ня вельмі. Сьмелыя і асьцярожныя. Грубыя і выхаваныя. Розныя. І адзінае, што можа ўсіх аб’яднаць, ня даць дайсьці да стану азьвярэньня, — павага да чалавека.

Здаецца, гэты ўрок мой візаві цягам месяца ўсё ж вывучыў. Ва ўсякім разе, калі камэра са мной разьвітвалася — а гэта цэлая працэдура, з чыфіром і пажаданьнямі, — дык ён першым працягнуў мне руку і моцна паціснуў маю. А іншыя сядзельцы падзякавалі за «ўрок мудрасьці».

Хто зачапіў зэдлік?

У калёніі яшчэ з адным маладзёнам, Віталём, які адзін час быў маім суседам па нарах, таксама апынуўся на мяжы канфлікту.

Пачалося з заўвагі зь ягонага боку ўжо на другі дзень майго зьяўленьня ў атрадзе. Заўвага была пабытовага характару: ня там пакінуў тапкі. Мяне заўвага крыху зьдзівіла, але ладна, падумаў, у людзей розныя паводзіны. Карацей, на канфлікт я не пайшоў, да заўвагі адразу прыслухаўся і свае звычкі скарэктаваў.

Але наступным днём пачуў ад Дзяніса іншую прэтэнзію. Потым яшчэ: то я не пасунуўся, калі ён праходзіў міма, то не на тым месцы апынуўся ягоны зэдлік, то ня там паставіў кубак з вадой. Не мінала і дня, каб ён не знаходзіў нешта новае, з нагоды чаго выказваў незадавальненьне, прычым у дэманстрацыйна грубай форме. Дый прэтэнзіі станавіліся ўсё сьмяшнейшыя.

Некалькі дзён яшчэ трываў, але потым пры ўсіх суседзях сказаў, што падазраю яго, Дзяніса, у працы на опэра. Маўляў, магчыма, ягонае заданьне — справакаваць мяне на канфлікт, а можа і бойку, інакш бы не чапляўся па дробязях зь дзіўнай рэгулярнасьцю.

Што вы думаеце? Падзейнічала. Прэтэнзій ад Дзяніса больш не гучала, а вось іншыя суседзі загаварылі пра тое, што хлопец сапраўды можа быць «стукачком», бо так паводзіў сябе і раней. Праз тыдзень мяне перавялі ў іншую «хату», зь ім больш не сутыкаўся.

Чытайце таксама:

«Сярод новых знаёмых аказалася некалькі забойцаў». Пра турэмныя парадкі і розныя катэгорыі зняволеных піша Алег Груздзіловіч

Агурчык, Шлёмка, Стары і Унучак. Мянушкі ў калоніі

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

«Некаторыя моманты ўсплывалі ў галаве, як у кіно». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу аб дзевяці месяцах у няволі

Як схуднець да непазнавальнасці. Пра харчаванне ў зняволенні піша Алег Груздзіловіч

Стукацтва пачынаецца на волі

«А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?