Расійскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Падрабінек адмовіўся атрымліваць ордэн «За заслугі перад Польшчай». У адкрытым лісце прэзідэнту Леху Качыньскаму журналіст патлумачыў рашэнне тым, што польскі бок адтэрмінаваў уручэнне ўзнагароды таму, што няма ўхвалы прэзідэнта Расіі Мядзведзева.

З той самай прычыны – адсутнасці згоды з боку Аляксандра Лукашэнкі – узнагароду не змог атрымаць і актывіст КХП – БНФ Валеры Буйвал.

У блогу на сайце «Новой газеты» Падрабінек напісаў: «Я прыношу спачуванні польскай нацыянальнай незалежнасці і дзяржаўнаму суверэнітэту Польшчы ў сувязі з тым, што для ўручэння замежным грамадзянам польскіх дзяржаўных узнагарод патрабуецца згода дыктатараў і нелегітымных прэзідэнтаў іншых краін».

Мы даўно і безнадзейна загразлі ў Інтэрнэце. З яго мы чэрпаем усю інфармацыю, распаўсюджваем яе, выстаўляем каментары на розныя актуальныя тэмы. І можам з гонарам называць сябе «блогерамі» – падобна да Дзмітрыя Мядзведзева, які пахваліўся гэтым падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі. І толькі адну якасць, па-мойму, амаль усе мы страцілі за апошнія гады – уменне рабіць учынкі.

Калі Ірына Халіп дала поўху следчаму пракуратуры – гэта быў учынак. Калі некалькі хлопцаў і дзяўчат паставілі намёты на Плошчы – гэта быў учынак (калектыўны). Калі Казулін павёў маніфестантаў у бок Акрэсціна, дзе сядзелі арыштаваныя на Плошчы – гэта быў учынак.

Калі некалькі замежных карэспандэнтаў да канца заставаліся на Плошчы, а потым пайшлі ў турму разам з усімі (сярод іх быў і Падрабінек) – гэта быў учынак.

Я не разглядаю тут палітычны змест таго або іншага ўчынку, не ацэньваю іх з гледзішча – рацыянальны/ірацыянальны... Учынак – дзеянне, якім часам можа быць і слова. Але штуршком да яго, як правіла, становіцца ўнутраны маральны імператыў.

У іншым выпадку гэта ўжо не ўчынак, але добра разлічаны крок.

Калісьці савецкая прапаганда сцвярджала: у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Высвятляецца, што ў нашым жыцці даўно не засталося месца нават для ўчынкаў...

Не дарую сабе, што не пайшоў у сакавіку 2006 г. сустракаць Падрабінека са спецпрыёмніка-размеркавальніка. Перад тым бачыў яго некалькі разоў на Плошчы, хацеў падыйсці, пазнаёміцца, але не падышоў – з нейкай сарамлівасці, ідыёцкай для журналіста.

Між тым, знайсці больш сціплага чалавека, чым сам Падрабінек, думаю, цяжка. Гэта чалавек, які ўвайшоў у гісторыю як адзін з аўтараў савецкага самвыдацкага часопіса «Хроніка бягучых падзей», аўтар кнігі «Карная псіхіятрыя» аб выкарыстанні псіхіятрыі ў СССР супраць іншадумацаў.

У 1977 г., калі яго арыштавалі за «антысавецкую дзейнасць», прапанавалі эміграваць на Захад – ён адмовіўся. Шэсць гадоў правёў у лагерах Паўночна-Усходняй Сібіры і Якуціі.

І пры гэтым застаўся, як мне падаецца, абсалютна нармальным чалавекам, без комплексаў і крыўды, што яму нечага не дадалі за гераічнае мінулае.

Ніхто іншы, як ён, меў поўнае права напісаць вядомы артыкул «Як антысаветчык антысаветчыку». Падставай стала вядомая гісторыя з маскоўскім кафэ «Антысавецкае» – адзін з маскоўскіх чыноўнікаў вымусіў яго ўладальнікаў зняць шыльду з назвай, бо яна абразіла групу савецкіх ветэранаў — у тым ліку былых членаў Палітбюро. Падрабінек назваў ветэранаў – тых, хто ўсё жыццё служыў апірышчам савецкай улады ў НКВД, у сталінскіх лагерах, у заградатрадах падчас вайны, у розных іншых органах ды арганізацыях, «вертухаямі».

У адказ інспіраваны Крамлём рух «Наши» пачаў цкаваць Падрабінека – ладзіў пікеты ля яго дома, гразіў судом, заклікаў выкінуць з краіны, аплёўваць, абяцаў зрабіць жыццё журналіста невыносным.

Пра гэтую гісторыю мала пісалі ў Беларусі. Сапраўды, што нам да іх, расейскіх, праблем? Што нам да любові расейцаў да Сталіна, жадання укленчваць перад уладарамі?

У нас ёсць свае Курапаты і НАША «Лінія Сталіна».

Палітбюро згадаў я тут невыпадкова. Менавіта на пасяджэнні Палітбюро больш за трыццаць пяць гадоў таму вырашаўся лёс Аляксандра Салжаніцына. Публікацыя яго «Архіпелага ГУЛАГ» на Захадзе выклікала ў партыйнай вярхах СССР стан, блізкі да істэрыкі. Меркаванні падзяліліся. Грамыка і Касыгін прапанавалі адправіць Салжаніцына ў лагер у Верхаянску – там полюс холаду, туды заходнія карэспандэнты пабаяцца ехаць. Але Андропаў, які не хацеў выглядаць у вачах Захаду новым Берыя, угаварыў Брэжнева і астатніх пазбавіць Салжаніцына грамадзянства і выслаць у Заходнюю Германію.

Толькі ў 1987-м упершыню загаварылі пра магчымасць публікацый твораў Салжаніцына ў «Новым міры» (пад рэдакцыяй Твардоўскага гэты часопіс некалі надрукаваў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», які атрымае ў 1970 Нобелеўскую прэмію). Але ЦК, нягледзячы на абвешчаныя перабудову і галоснасць, супраціўляўся. У сакавіку таго года Аляксандр Падрабінек накіраваў адкрыты ліст ураду, у якім пісаў, што няможна далей замоўчваць творы Салжаніцына, што трэба скасаваць ганебны ўказ аб пазбаўленні яго грамадзянства і даць магчымасць пісьменніку і яго сям’і вярнуцца на радзіму.

Роля Салжаніцына і яго «Архіпелага ГУЛАГ» у крушэнні камунізму неаспрэчная. Вядома і тое, што выступаў пісьменнік з пазіцый расейскага нацыяналізму і артадаксальнага праваслаўя, з імперскіх пазіцый. Але Аляксандр Падрабінек адстойваў тады безумоўнае права пісьменніка жыць на радзіме, гаварыць і пісаць тое, што ён думае. Гэта не перашкодзіць расейскім патрыётам- «нашыстам» у 2009 заклікаць выкінуць Падрабінека з краіны за тое, што ён выступае супраць савецкіх ветэранаў, навязліва паўтараць яго імя па бацьку – Пінхосавіч.

Ясна, што рамантычны час, калі да нас у Беларусь прыязджалі лідэр «Салідарнасці» Кшаклеўскі і цяперашні спікер польскага сената Барусевіч, каб «падымаць працоўных на заводах», мінуў. Для Польшчы камунізм, як і для Еўропы ў цэлым, ды і для Беларусі – у незваротным мінулым. Але ў гэтага развітання з рамантызмам і крыху наіўным энтузіязмам 80-х ёсць і адваротны бок. Разам з ідэаламі мы ўсе нешта губляем. Хіба можна было ўявіць яшчэ нядаўна, што легендарны Лех Валенса будзе судзіцца з іншым антыкамуністам і таксама сябрам «Салідарнасці», цяперашнім прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім – за тое, што ён назваў Валенсу агентам ГБ?

А хіба многія чакалі ад дэпутата Еўрапарламента Яцка Пратасевіча заяваў пра тое, што лідэрам беларускай апазіцыі стала зразумела: «лозунг аб абароне беларускасці перастае быць эфектыўным» і што «сварка з Лукашэнкам можа быць небяспечнай». Ды шмат якіх яшчэ заяваў было з боку розных заходніх палітыкаў.

Выглядае, што паняцце «салідарнасць» у наш час становіцца анахранізмам, як і «камунізм». Запатрабаванымі становяцца «голы практыцызм» і «здаровы цынізм».

Аляксандр Падрабінек, падобна хлопчыку з казкі Андэрсэна асмеліўся ўсяго толькі сказаць: кароль голы...

Здымаю перад Вамі капялюш, калега!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?