Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракопʼеў лічыць, што палітвязні знаходзяцца за кратамі не толькі таму, што кінулі выклік беззаконню, але і таму, што «няма ніякай стратэгіі па Беларусі».

«Акрамя той, што мы няшчасная тэрыторыя, асуджаная заставацца ў сферы ўплыву Расіі», — адзначае ён.

Паводле яго, Лукашэнка чакае прызнання і таму «назбіраў кош палонных» — так ён прымушае Захад прызнаць яго легітымным.

На думку Пракоп’ева, жорсткім інструментам у барацьбе за вызваленне палітвязняў можа стаць абменны фонд, як тое робяць украінскія вайскоўцы, набіраючы расійскіх палонных для абмену на сваіх.

Сярод тых, каго можна было б абмяняць на палітвязняў, Пракоп’еў назваў, напрыклад, супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў, якія працуюць у пасольствах.

«Я не заклікаю да людажэрства, а заклікаю ўсвядоміць, што мы маем справу з крымінальным лідарам і трэба спыніць стагнанне адносна таго, як мы мусім на каленях прасіць і рабіць усялякія зневажальныя прапановы наконт абмену. У крымінальным свеце гэта не спрацоўвае», — даводзіць ён.

Пракоп’еў лічыць, што трэба выкарыстаць болевы прыём.

«Яны выкарыстоўваюць у турмах і калоніях зэкаў для гвалту, для збівання і катавання палітзняволеных. Гэта стары правераны прыёмчык. Начальнікі калоніяў больш не зʼяўляюцца асобамі, якія прымаюць рашэнні. Яны сталі шасцёркамі ў ГУБАЗіКа», — кажа Пракоп’еў.

Пракоп’еў лічыць, што палітвязні мусяць стаць героямі кожнага медыйнага дня.

«Цішыня дзейнічае супраць іх», — мяркуе ён.

Пракоп’еў лічыць, што на канферэнцыі, якую збяруць да гадавіны выбараў 2020 года, Святлана Ціханоўская мусіць заклікаць усіх палітычных актараў падпісаць дэкларацыю аб адзінстве.

У першым яе пункце мусіць быць згадка вызвалення палітвязняў.

Яны мусяць быць не толькі рэабілітаванымі, але стаць паважанымі і заможнымі людзьмі, настойвае Пракопʼеў. Беларусы за мяжою, а іх, паводле падлікаў Пракоп’ева, да паўмільёна, мусяць фінансаваць сваіх палітыкаў, палітвязняў і свой праект будучыні.

«Па тры даляры за месяц. Па даляру ў кожны кош», — адзначае ён.

На яго погляд, ужо цяпер трэба прызначыць кампенсацыю палітвязням за кожны дзень, праведзены ў няволі.

Пракоп’еў прапануе наняць аўтарытэтнага перамоўніка.

Ім можа стаць Майк Пампеа, кажа ён. Яго праца мусіць быць аплачана. Прапанову мусіць зрабіць адзіны палітычны цэнтр.

Анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!» праводзяць беларускія незалежныя медыя і праваабарончыя ініцыятывы, каб сабраць грошы для палітвязняў і іх сем’яў.

Ахвяраваць грошы можна па спасылцы: salidarnasc.com 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?