Фота: 3park.ru

Фота: 3park.ru

Аўтобусы з агеньчыкам

У межах транспартнай рэформы Санкт-Пецярбурга горад замовіў каля тысячы аўтобусаў беларускай вытворчасці. Большасць склала мадэль МАЗ-206. Таксама пастаўлялі МАЗ-203 розных мадыфікацый, але ў значна меншых аб'ёмах, чым МАЗ-206. Першыя партыі новых МАЗаў у аўтапаркі Санкт-Пецярбурга прывезлі вясной 2022 года.

Фота: 3park.ru

Фота: 3park.ru

Тады ва ўрачыстай перадачы аўтобусаў удзельнічалі губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў, прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і міністр прамысловасці Пятро Пархомчык.

Неўзабаве пасля выхаду аўтобусаў на маршруты пачалі з'яўляцца навіны пра іх узгаранні. 

МАЗ гарыць на вуліцы Піцера. Чэрвень 2022 года

МАЗ гарыць на вуліцы Піцера. Чэрвень 2022 года

Як высветліла «Наша Ніва», апроч агульнавядомых выпадкаў, калі аўтобусы цалкам ці амаль цалкам выгаралі, хапала і дробных інцыдэнтаў, калі карэктна спрацоўвала сістэма пажаратушэння маторнага адсека, і праз гэта аўтобус не выгараў, хоць і адбывалася задымленне салона.

Чаму гараць новыя аўтобусы?

Асноўная праблемная дэталь, з-за якой адбываецца ўзгаранне аўтобусаў, — гэта гідрапрывад вентылятара. Аб праблеме добра ведаюць як у піцерскіх аўтапарках, гэтак і на заводзе ў Мінску.

На праблемы з гідрапрывадам скардзіліся яшчэ мінулым летам. Але вырашыць яе, як бачым, не змаглі, бо аўтобусы працягваюць гарэць.

«Спецыялісты МАЗа не выключаюць імавернасці таго, што ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэнняў лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый», —

казаў яшчэ ў чэрвені 2022 года віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў. Прайшоў год, але аўтобусы ўсё адно гараць. 

МАЗ, які гарыць, на вуліцы Санкт-Пецярбурга. 26 чэрвеня 2023 года

МАЗ, які гарыць, на вуліцы Санкт-Пецярбурга. 26 чэрвеня 2023 года

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», апошні раз брыгада з мінскага завода сумесна з прадстаўнікамі МАЗа ў Расіі прыязджала ў Санкт-Пецярбург у сярэдзіне ліпеня. Яны праводзілі дадатковы агляд аўтобусаў, выконвалі замену ўшчыльняльных кольцаў ля штуцара і зноў праводзілі канкрэтныя праверкі мадэлі МАЗ-203. Заводскія брыгады выконвалі працы на пляцоўках аўтапаркаў. 

Кажуць, што падобныя практыкі выяўлення недахопаў актывізавалі яшчэ летась, калі ў Пецярбургу толькі пачалі масава загарацца аўтобусы.

У 206-й мадэлі такой канструкцыі няма, таму і ўзгаранні такіх аўтобусаў — рэдкасць. Але, як стала вядома «Нашай Ніве», сама меней адзін 206-ы МАЗ у Санкт-Пецярбургу таксама загараўся. Прычынай было кароткае замыканне ў электраправодцы.

«Ва ўсіх астатніх выпадках узгаранні адбываюцца ў 203-й мадэлі. Усё праз гідрапрывад. З яго пачынае цячы аліва, якая трапляе на моцна нагрэтыя часткі рухавіка, ад чаго і здараецца ўзгаранне, — расказаў «Нашай Ніве» знаёмы з сітуацыяй чалавек.

— Усе аўтобусы з адной пастаўкі. То-бок гэта ўсё транспарт 2022 года выпуску». 

Гэтыя аўтобусы з гонарам называлі «антысанкцыйнымі». 

«Прадстаўнікі завода яе [мадэль] прэзентавалі як «антысанкцыйную»: у машыне адсутнічаюць камплектуючыя з заходніх краін», — гаварылася ў артыкуле, апублікаваным на сайце transportspb.com.

Рэч у тым, што да 2021 года Мінскі аўтамабільны завод супрацоўнічаў з Mercedes, рухавікі якога ставіў на айчынныя аўтобусы.

На замену нямецкім рухавікам ад Mercedes прыйшлі рухавікі кітайскай фірмы Weichai, лакалізаваныя ў Беларусі. Замест амерыканскай аўтаматычнай каробкі перадач фірмы Allison на МАЗе пачалі ставіць кітайскую FastGear, а партальны мост нямецкай ZF быў заменены на кітайскі Hande. Астатнія дэталі вырабляюцца беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі.

Адзначым, што, апроч беларускіх МАЗаў, у Піцеры адбываліся ўзгаранні расійскіх Volgabus. У іх з нашымі МАЗамі ёсць як мінімум адзін аднолькавы вузел — кітайскі рухавік. Наколькі вядома «Нашай Ніве», прычыны ўзгарання тыя самыя, што і ў МАЗаў.

Пасля чарговага інцыдэнту ў Санкт-Пецярбургу з 2 жніўня прыпынілі эксплуатацыю беларускіх аўтобусаў МАЗ. Пасля чаго МАЗ пракаментаваў зняцце сваіх аўтобусаў з рэйсаў у Санкт-Пецярбургу і адзначыў, што працуе над заўвагамі.

Чытайце таксама: 

Грузія забараняе, а Літва ўзмацняе кантроль. Набыць машыну са Штатаў стане яшчэ складаней

Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых 

Ці згнілі Geely? Колькі каштуюць і як выглядаюць патрыманыя беларуска-кітайскія аўто

Клас
10
Панылы сорам
17
Ха-ха
74
Ого
13
Сумна
13
Абуральна
21