Бледная паганка. Фота з Вікіпедыі

Бледная паганка. Фота з Вікіпедыі

Аднак 48-гадовая жанчына, якая гатавала абед, кажа, што не разумее, як такое магло адбыцца, і настойвае, што любіць сваю сям'ю і ніколі не прычыніла б ёй шкоды.

Незвычайны інцыдэнт прыцягнуў увагу краіны, збіў з панталыку паліцыю і ўскалыхнуў грамадскасць.

Няшчасны выпадак ці наўмыснае забойства?

Гэтая гісторыя пачалася з таго, што Гейл і Дон Патэрсаны прыехалі наведаць сваіх унукаў і засталіся на абед у доме сваёй нявесткі Эрын Патэрсан у мястэчку Леангата — за дзве гадзіны язды на паўднёвы ўсход ад Мельбурна.

З імі была сям'я Уілкінсанаў-Хізэр (сястра Гейл) і яе муж Ен.

Усе чацвёра — паважаныя чальцы грамады суседняга мястэчка Карумбура, дзе Ен служыць пастарам у мясцовай баптысцкай царкве.

Але абед выдаўся незвычайны. Праз некалькі гадзін пасля ежы ўсе чацвёра гасцей звярнуліся ў мясцовую бальніцу з-за расстройства страўнікава-кішачнага тракту.

Неўзабаве стала ясна, што справы дрэнь, і, каб аказаць лепшую медыцынскую дапамогу, іх перавялі ў бальніцу ў Мельбурне.

Аднак медыцына была бяссільная, і 66-гадовая Хізэр і 70-гадовая Гейл памерлі ў пятніцу, 70-гадовы Дон — у суботу. А 68-гадовы Ен знаходзіцца ў крытычным стане ў бальніцы ў чаканні трансплантацыі печані.

На думку паліцыі, чацвёра пацярпелых атруціліся бледнай паганкай. Інтаксікацыя атрутай гэтага грыба нярэдка прыводзіць да смерці.

Але, як ні дзіўна, Эрын і двое яе дзяцей не пацярпелі.

Паводле звестак паліцыі, дзеці, якіх пасля інцыдэнту часова перадалі пад апеку дзяржавы, елі іншыя стравы.

Следчыя кажуць, што не ўпэўненыя ў тым, што Эрын ела тую ж ежу, што і яе госці, як і ў тым, ці былі грыбы ў страве, якой яна іх частавала.

Вядома, што Эрын развялася са сваім мужам, які з'яўляецца сынам Патэрсанаў, але развод мужа і жонкі быў спакойным, кажуць праваахоўнікі. Пры гэтым «наўмыснае атручванне» яны пакуль не выключаюць.

«Зараз мы не можам растлумачыць смерць пацярпелых», — заявіў журналістам у панядзелак Дзін Томас з аддзела па расследаванні забойстваў.

«Усё можа быць зусім нявінным, але мы проста яшчэ не ведаем».

Сама Эрын Патэрсан кажа, што «не разумее, што адбылося».

Плачучы яна паразмаўляла з журналістамі, але адмовілася адказваць на пытанні пра тое, якія стравы падавала гасцям і адкуль узяла грыбы.

Пры гэтым яна адхіляе ўсе абвінавачванні і настойвае на сваёй невінаватасці.

«Я нічога не рабіла, я іх любіла», — сцвярджае жанчына.

Публіка шакаваная

Па меры распаўсюджвання навін пра інцыдэнт распаўсюджваўся і жах сярод мясцовых жыхароў.

«Ніхто ніколі не чакаў, што тут такое можа адбыцца», — сказаў Бі-бі-сі кіраўнік рэгіёну Натан Херса.

«Хто ў здаровым сэнсе мог падумаць, што мы такім чынам страцім… людзей, якія так шмат робяць і аддаюць супольнасці? Гэта вельмі сумна».

Эрын таксама расстроеная. «Гейл была мамай, якой у мяне не было… мае дзеці страцілі бабулю», — заявіла яна.

«Яны былі аднымі з найлепшых людзей, якіх я калі-небудзь ведала… Я засмучаная іх смерцю».

Гэта не першае атручэнне грыбамі ў аўстралійскім штаце Вікторыя.

Мясцовы Дэпартамент аховы здароўя паведамляў аб частых выпадках атручвання бледнымі паганкамі. З-за спрыяльных умоў надвор'я гэтых атрутных грыбоў вырасла яшчэ больш.

Яны сустракаюцца ў прахалодным вільготным клімаце па ўсім свеце і выглядаюць нявінна ў параўнанні з іншымі смяротнымі разнавіднасцямі.

З'еўшы нават малюсенькі кавалачак — 1,5 г грыбочка — можна трапіць на бальнічны ложак, а цэлы грыб амаль напэўна прывядзе да смерці.

Пры гэтым аказаць дапамогу наўрад ці паспеюць: бледная паганка — грыб «адкладзенага дзеяння».

Сімптомы атручвання выяўляюцца не адразу. За 6-12 гадзін пачынаюцца болі ў жываце, ваніты, крывавая дыярэя, моцнае абязводжванне і практычна адразу пашкоджваюцца ныркі, печань, цэнтральная нервовая сістэма.

У 2020 годзе з-за ўсплёску атручванняў у Вікторыі восем чалавек трапілі ў бальніцу, адзін з якіх памёр.

Улады штата чарговы раз заклікалі людзей не есці дзікарослыя грыбы.

«Калі вы не куплялі іх у супермаркеце, трымайцеся ад іх як мага далей», — заклікаў Дзін Томас з аддзела па расследаванні забойстваў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?